Как общежития готовятся к приему студентов

Ключ да засялення

Iншагароднiя студэнты паволi збiраюць чамаданы: набліжаецца новы навучальны год i, адпаведна, пераезд у iнтэрнаты. Засяленне пачынаецца ўжо з наступнага тыдня. А гэта азначае, што рамонт у iнтэрнатах завяршаецца. Дарэчы, большую частку працы па iх добраўпарадкаваннi бяруць на сябе студатрады. Яны, сцвярджае адмiнiстрацыя Студэнцкага гарадка БДУ, спраўляюцца не горш за падрадчыкаў-прафесiяналаў. Карэспандэнт «Р» адправiлася ў iнтэрнат № 1 БДУ па вулiцы Свярдлова, 34 i высветлiла, як яго рыхтуюць да новага навучальнага года.

Прыгожа прыбраны дворык ля інтэрната будзе радаваць будучых жыхароў.

Прыемна паглядзець!

Iнтэрнат № 1 БДУ разлiчаны на 320 месцаў. У кожным пакоi — ванна i прыбiральня, кухня i пярэдняя. Умовы, блiзкiя да кватэрных. Толькi жыхароў больш: 6—7 чалавек. Кожны год пасля высялення асноўнай часткi студэнтаў сiламi студатрадаў праводзяць касметычны рамонт. Для складаных работ (замена iнжынерных сiстэм, камунiкацый) прыцягваюць падрадныя арганiзацыi.

Дарэчы, трапiць у студатрад не так проста. Студэнты праходзяць сапраўдны кастынг. Ахвотных заўсёды вельмi шмат: бонус за працу ў студэнцкiм атрадзе —гарантаванае месца ў iнтэрнаце. З асноўных патрабаванняў — рэпутацыя прыкладнага жыхара, па магчымасцi наяўнасць неабходных навыкаў, медыцынская даведка. А яшчэ — адсутнасць парушэнняў правiлаў пражывання ў iнтэрнаце на працягу года. Усе адпрацоўкi павiнны быць выкананы. Акрамя таго, мае значэнне актыўны ўдзел студэнта ў жыццi iнтэрната i ўнiверсiтэта. Чым больш плюсаў па гэтых крытэрыях набiрае кандыдат, тым большая верагоднасць, што яго лета будзе працоўным, а навучальны год пройдзе ў адрамантаваным пакоi iнтэрната.

Хлопцы са студатрада навучыліся выдатна рэстаўраваць мэблю.

— Рабяты — вялiкiя малайцы! Нават тыя, хто шмат чаго не ўмее, праз тры тыднi становяцца асамi рамонту, — усмiхаецца начальнiк Студэнцкага гарадка БДУ Ала Мелех. — Шматлiкiм падрадчыкам я стаўлю студэнтаў у прыклад. Яны часам i больш акуратныя, i больш добрасумленныя. Плюс да ўсяго выконваюць вялiкi аб’ём работ. Гэта дазваляе сэканомiць значную суму. На сродкi, што вызвалiлiся, можна набыць у iнтэрнаты новую мэблю.

Студэнты фарбуюць падлогi, сцены, плiнтусы, радыятары, рэстаўруюць мэблю, прыбiраюць памяшканнi.


— Атрады працуюць з 8:30 да 17:15. На абед адводзiцца 45 хвiлiн, — кажа аб распарадку працоўных будняў Ала Мелех. — Сёлета ў 10 iнтэрнатах працавалi 183 студэнты. Для кожнага аб’екта — асобная брыгада.

У будынку цалкам перафарбавалi пяты паверх, замянiлi шафкi ў пакоях, памянялi мэблю на ўсiх кухнях. А яшчэ хлопцаў i дзяўчат, якiя сюды заселяцца, чакаюць новыя халадзiльнiкi. Частку з iх замянiлi да новага года, другую давезлi цяпер.

На падрыхтоўку iнтэрнатаў Студэнцкага гарадка БДУ сёлета патрацiлi каля 160 000 рублёў. На гэтыя грошы набылi будматэрыялы i абсталяванне, мяккi iнвентар, спецыяльную вопратку для студатрадаўцаў, адрамантавалi мэблю i сантэхнiчныя пакоi, праверылi i наладзiлi працу жыллёва-камунальных сiстэм.

Буднi рабочага студэнта

Паднiмаючыся па лесвiцы iнтэрната, адчуваю пахi рамонту. У адным з калiдораў, седзячы на падлозе па-турэцку, рэстаўруе мэблю студэнт трэцяга курса, адзiн з удзельнiкаў брыгады студатрада Уладзiслаў Калькоў. За яго спiнай некалькi тумб — ужо гатовыя работы. А ў руках пэндзлiк з лакам — iнструмент для таго, каб даць драўляным вырабам другое жыццё. У сваёй справе Улад мае поспех — пра гэта мяркую па акуратна выкананай працы.

— Наш студатрад працуе трэцi тыдзень, быў час, каб налаўчыцца. Выконваў розныя задачы: фарбаваў сцены на пятым паверсе, рамантаваў мэблю, — успамiнае Улад. — Цяпер рэстаўрую тумбы, хочацца iх крыху змянiць. Для гэтага старанна аглядаю ўчасткi вырабу. Знаходжу праблемныя месцы, якiм надаю найбольшую ўвагу. Працiраю i зацiраю паверхню, абястлушчваю, а потым наношу лак. Каб не заставалася разводаў, пэндзлiк моцна трымаю ў руцэ. Па такой методыцы за ўчора адрэстаўраваў 15 тумб.

У гэтым годзе з-за пандэміі амаль усе замежныя студэнты засталіся ў інтэрнаце.

У суседнiм пакоi таксама кiпiць работа: тут змяняюць сцены пакоя. Марыя Радзюк i Юрый Вашкевiч прымяраюць палоску шпалер, каб адрэзаць ад рулона кавалак патрэбнай даўжынi. Юрый нацягвае шпалеры ўздоўж сцяны, прыўздымаецца на дыбачкi: нават яго росту ў 180 см не хапае, каб адразу дастаць да верхняга плiнтуса. Марыя прытрымлiвае шпалеры па нiжнiм зрэзе.

— На папяровую аснову трэба якасна, без залысiн, нанесцi клей. Замацоўваць на сцяне з боку столi, разгладжваючы i выцясняючы паветра спецыяльным шпаталем, рухацца ў напрамку падлогi, — дзеляцца «сакрэтамi» Марыя i Юрый. — Матывавала пайсцi ў студэнцкi атрад гарантаванае месца ў iнтэрнаце. Але практыка аказалася вельмi карыснай: дома зараз мы можам рабiць рамонт самастойна.

Марыя РАДЗЮК і Юрый ВАШКЕВІЧ сталі вопытнымі рамонтнікамі. У іх справа ідзе хутка.
Ягор Жураў перайшоў на пяты курс. Кожнае яго лета — працоўнае. Ён ужо дасведчаны рамонтнiк, праца ў студатрадзе падабаецца арганiзаванасцю i згуртаванасцю:

— У iнтэрнаце свая каманда, закуплены неабходныя матэрыялы. Тут усе дзеяннi адладжаны i добра каардынуюцца.

Ягор Жураў i Дзмiтрый Грышчук у асноўным займаюцца афарбоўкай. Адзiн працуе валiкам, за другiм — дэталёвая апрацоўка цяжкадаступных месцаў з дапамогай пэндзля. Часам хлопцы мяняюцца iнструментамi, каб не стамiцца ад аднастайнасцi. Сцены фарбуюць у блакiтна-зялёны колер. А за дзень брыгада з васьмi чалавек спраўляецца з паловай паверха.

Месцы ў Студэнцкiм гарадку БДУ атрымае больш за 80 працэнтаў навучэнцаў. Акрамя таго, адмiнiстрацыя запытала дадатковыя пакоi для студэнтаў у iнтэрнатах iншых унiверсiтэтаў. У вынiку 200 чалавек змогуць засялiцца i ў Студэнцкую вёску недалёка ад станцыi метро «Пятроўшчына».

А ШТО Ў ІНШЫХ РЭГІЁНАХ?

У краiне больш за 190 iнтэрнатаў для студэнтаў ВНУ. У 2019/2020 навучальным годзе ў сярэднiм па краiне паказчык забяспечанасцi навучэнцаў месцамi ў iнтэрнаце ўстаноў прафесiйна-тэхнiчнай i сярэдняй спецыяльнай адукацыi — 98 працэнтаў, устаноў вышэйшай адукацыi — 89 працэнтаў (па Мiнску — 86 працэнтаў). За апошнiя пяць гадоў пабудавана 3 новыя iнтэрнаты: БНТУ — на 1038 месцаў (здадзены ў снежнi 2018 года), БДЭУ — на 1800 месцаў (здадзены ў I квартале 2019 года), ГрДУ — на 1030 месцаў (здача аб’екта запланавана да канца 2020 года).

tychko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter