«Вясной 1975 года ў будынку Купалаўскага тэатра адбылася сустрэча чытачоў (цi не апошняя) з Iванам Паўлавiчам Мележам. Ён сядзеў у ложы, глядзеў i слухаў неяк вельмi ж сур’ёзна, нават строга i тады, калi мы, выступаючы, спрабавалi падвясельваць сябе, аўдыторыю i яго самога рознымi гiсторыямi пра яго палешукоў, яго родныя Глiнiшчы…
Увесь вечар быў, заставаўся задумлiвы, невясёлы, бо ведаў больш за нас. Ужо занатавана была ў яго запiсных кнiжках балючая думка: «Адламала галiну, на якой поўна зялёных яблык, я як гэтая галiна. Поўна ва мне задум, якiя прападуць са мной».
Так пачынаецца артыкул Алеся Адамовiча, прысвечаны беларускаму класiку.
Тое, што Iван Мележ сустрэўся з чытачамi ў Купалаўскiм тэатры, не выпадкова. Ён i сам спрабаваў сябе ў драматургii. А ў часы адлiгi ягоныя знакамiтыя «Людзi на балоце» з’явiлiся на сцэне Купалаўскага ў пастаноўцы рэжысёра Барыса Эрына. Ролю Васiля выконваў Генадзь Гарбук, а ролю Мiканора — Аляксандр Гарцуеў.
Праз шмат гадоў, у 2012-м, Аляксандр Гарцуеў ужо ў якасцi рэжысёра зробiць новую тэатральную версiю «Людзей на балоце», якая з поспехам iдзе дасюль. Ролю Ганны iграе дачка Аляксандра Гарцуева Валянцiна.
Свiнапас i паэт
Максiм Танк аднойчы сказаў пра Мележа: «Яму не было патрэбы прабiвацца ў лiтаратуру. Яна сама яго паклiкала, калi ён са скарынкай хлеба ў кайстры пасвiў статак, калi знаёмiўся з кнiжнай мудрасцю, а потым з вiнтоўкай у руках iшоў па цяжкiх i горкiх дарогах вайны, калi, паранены, вырываўся з кiпцюроў смерцi».Сапраўды, у дзяцiнстве даводзiлася хлапцу з Глiнiшчаў Хойнiцкага раёна пасвiць свiней. Але ж i вучыўся, i маляваў, iграў у драматычным гуртку, пiсаў вершы.
Праўда, першая публiкацыя ледзь не ўнесла змены ў гiсторыю лiтаратуры. Паэт Мiкола Аўрамчык успамiнаў: «Помню, яго першы верш быў падпiсаны прозвiшчам Мелеш. Пасля вайны я спытаў у Iвана, чаму ён змянiў апошнюю лiтару ў сваiм прозвiшчы. Ён, усмiхаючыся, адказаў: «Пачынаючаму трэба разборлiва пiсаць прозвiшча пад сваiм творам».
Шпiталь — месца натхнення
У 1939-м Мележ паступiў у Маскоўскi iнстытут фiласофii, лiтаратуры i гiсторыi iмя М.Г.Чарнышэўскага. Але з першага курса прызвалi ў Чырвоную Армiю. Палiтрук Iван Мележ удзельнiчаў у паходах у Бесарабiю i Букавiну.А пасля пачалася Вялiкая Айчынная вайна.
У 1942 годзе Мележ апынуўся ў Тбiлiскiм шпiталi: у баях пад Растовам яму раструшчыла плячо. Iшла гаворка пра ампутацыю. Хiрург па прозвiшчы Антонаў выратаваў руку будучага класiка.
У шпiталi Мележ напiсаў свае першыя апавяданнi — левай рукой. У вераснi 1943 года ягоны аповед «Последняя операция» быў надрукаваны ў «Бугурусланской правде». Хаця фактычны дэбют адбыўся яшчэ раней, у 1933-м. Тады юны Мележ удзельнiчаў у конкурсе часопiса «Искры Ильича» на лепшае апавяданне па малюнках «Прыгоды на мяжы» i апынуўся ў лiку пераможцаў.
Вяселле — справа прыватная
З самiм пiсьменнiкам мне не ўдалося пазнаёмiцца: мы размiнулiся ў часе, але ў 1990‑х я сустрэлася з ягонай удавою — рабiла iнтэрв’ю пра яе знакамiтага мужа. Лiдзiя Якаўлеўна баялася дыктафонаў, таму я запiсвала ўсё ад рукi… Запомнiлася яна вельмi светлай, сцiплай, адданай памяцi мужа. Ганарылася тым, што дапамагала Iвану Паўлавiчу ў творчай працы: ён чытаў ёй услых напiсанае, даваў рэдагаваць. Аднойчы яна, напрыклад, заўважыла, што герой выйшаў з пакоя не ў той адзежы, у якой быў апiсаны.Купалаўскi тэатр, 1966 г. «Людзi на балоце» Барыса Эрына. Ганна — Лілія Давiдовiч i Васiль — Генадзь Гарбук.
Iван Мележ нездарма давяраў густу жонкi. Лiдзiя Пятрова-Мележ вырасла ў iнтэлiгентнай сям’i. Мацi — з купецкага роду Бугуруслана Арэнбургскай вобласцi, бацька — начальнiк палiтаддзела. Цётка Ксенiя Пятрова — пiсьменнiца i паэтка. У Бугуруслан Iван Мележ прыехаў, калi пасля ранення атрымаў iнвалiднасць. Выкладаў ваенную падрыхтоўку, завочна вучыўся. Лiдзiя была дачкой яго хатняй гаспадынi.
Лiдзiя Якаўлеўна ўспамiнала, што яе ўразiў рамантычны выгляд кватаранта: бледны, худы, рука ў марлевай павязцы, светлыя адрослыя валасы i тры тамы «Тихого Дона» ў заплечнiку. Натхнёнасць, унутраны свет i чысцiня. Iван Мележ таксама занатаваў у сваiх дзённiках: «Лiдзiя — дзяўчына асаблiвая. Трэба да яе ўважлiва прыгледзецца».
10 красавiка 1943 года яны, не сказаўшы нiкому нi слова, пайшлi ў ЗАГС i распiсалiся.
Купалаўскi тэатр, 2012 г. «Людзi на балоце» Аляксандра Гарцуева.
Вяртанне на радзiму
У 1944 годзе ў Бугуруслане ў маладой пары нарадзiлася дачка Людмiла. Праз год Мележ павёз жонку на сваю радзiму. На месцы хаты ў Глiнiшчах — папялiшча. Мацi пiсьменнiка адмовiлася пераязджаць да яго ў Мiнск, i Мележ дапамагаў адбудоўваць хату, нягледзячы на хворую руку.У 1946 годзе выйшаў яго першы зборнiк апавяданняў «У завiруху». Гэтыя творы высока цанiў Кузьма Чорны. Мiкола Аўрамчык так характарызаваў Мележа: «Сярод маiх таварышаў i аднагодкаў, якiя да самазабыцця былi адданыя лiтаратуры, нiводзiн не выявiў, як ён, такой цвёрдай настойлiвасцi ў дасягненнi мэты. Помню, як Iван пакiнуў спачатку службу ў рэдакцыi, а потым аспiрантуру i выкладчыцкую працу». Усё дзеля творчасцi.
Але грамадскiм дзеячам Мележ заставаўся заўсёды. На VII з’ездзе пiсьменнiкаў Беларусi ў маi 1976 года ён востра крытыкуе становiшча ў беларускiм тэатры: «Драматургiя наша, на мой погляд, развiваецца аднабакова. Па сутнасцi, амаль знiкла са сцэны сацыяльная, маштабная драма, драма фiласофская, псiхалагiчная.
Сам пакрытыкаваў — сам спрычынiўся да выпраўлення сваiмi «Людзьмi на балоце».
Верталёт на школьным двары
Апошнiя гады Мележ цяжка хварэў. Акрамя ваенных ран, хварэў на ныркi ды яшчэ i сухоты. Iван Шамякiн успамiнаў: «З Мележам мы пачалi з добрага сяброўства. Асаблiва калi ў 1953 годзе пасялiлiся побач, на адной пляцоўцы, праз сцяну, я чуў, як ён кашляў, лёгкiя ў яго таксама былi хворыя».Iван Мележ каля школы, у якой вучыўся. Хойнiкi, 1968 г.
У апошнi год жыцця пiсьменнiка кiраўнiк рэспублiкi Пётр Машэраў зрабiў яму падарунак: прывёз на спецыяльным верталёце на ягоную малую радзiму, куды звычайным шляхам хвораму было цяжка дабрацца. Верталёт сеў проста на школьны двор Глiнiшчаў.
Дачка пiсьменнiка Людмiла ўспамiнала, як яны з мацi вычытвалi апошнюю частку «Палескай хронiкi» для часопiса, у канцы значылася: «Працяг будзе». Мележ зайшоў у пакой, яго позiрк упаў на гэтыя словы:
— Хто ведае: будзе цi не будзе…
Iван Мележ памёр, калi яму было ўсяго 55 гадоў. Як бы ён скончыў сваю «Палескую хронiку», якая задумвалася ў пяцi кнiгах, засталося гадаць. А на сцэне Купалаўскага тэатра дасюль жывуць яе героi.