Як бы нi прыцягвалi да сябе лядовыя арэны, адкрытыя каткi маюць сваю магiчную атмасферу, якая не параўнаецца нi з чым iншым. Доўгi час мы чакалi патрэбнага мiнуса на градуснiку, каб як след атрымаць асалоду ад зiмовых вiдаў спорту. I вось гэты момант надышоў: у Мiнску прыступiлi да залiвання лядовых пляцовак для масавага катання. А сёння пачне сваю працу самы вялiкi ў краiне адкрыты каток «Чыжоўка». Напярэдаднi карэспандэнт «Р» даведаўся, як яго рыхтавалi да прыёму першых гасцей.
Адкрыты каток залiваюць з 7 студзеня, як толькi ўзяўся мароз.
Марозны свiтанак. Скрыжаванне вулiц Ташкенцкай i Галадзеда. На двары нi душы, i толькi на адкрытай пляцоўцы каля гасцiнiцы «Арэна» працуюць людзi, каб праз некалькi дзён сотнi дзяцей i дарослых змаглi тут пракацiцца па гладкiм лёдзе. Гэта работнiкi мабiльнага катка «Чыжоўка». Вось ужо якi дзень яны залiваюць пляцоўку пласт за пластом, цярплiва чакаючы, пакуль вада заледзянее.
Разрумянены ад марозу, з усмешкай, мяне сустракае iнструктар-метадыст па спартыўна-аздараўленчай рабоце на мабiльным катку, аператар халадзiльнай машыны Мiкалай Азмiцель. Не адрываючыся ад працы, Мiкалай шлангам залiвае ўчасткi пляцоўкi. Ён расказвае, што на мiнулых выхадных i падчас свят ад наведвальнiкаў не было адбою:
— На мабiльным катку адкрыты пракат спартыўнага рыштунку, а яшчэ каля яго размяшчаецца абсталяваная спускная горка. Мы выдаём таксама цюбiнгi i лядзянкi. Дык вось на iх быў такi попыт, што чарга выстройвалася!
Каб запусцiць масавае катанне, трэба мiнiмум 3—3,5 сантыметра лёду.
Дарэчы, дзякуючы супрацоўнiкам адкрытага катка, якiя сочаць за тым, што адбываецца на горцы, траўм пры катаннi нiхто не атрымаў.
— Многiя пыталiся, калi адкрыецца каток, — працягвае Мiкалай. — Людзi чакаюць i асцерагаюцца, што ён не будзе функцыянаваць, як гэта было ў мiнулым годзе з-за ўмоў надвор’я. Але баяцца няма чаго: мiнус добры, з 15 студзеня плануем прымаць першых гасцей.
Адкрыты каток залiваюць з 7 студзеня, як толькi ўзяўся мароз. Пасля таго як залiлi першы пласт, пайшоў снег. Ледзь застылую ваду засыпала, а калi згрэблi ападкi, аказалася, што пласт не замёрз. Прыйшлося яго злiваць i пачынаць нанава. На момант нашага наведвання на пляцоўцы было залiта ўжо пяць пластоў лёду.
— Яшчэ хаця б тры пласты — i будзе поўны ажур, — прызнаецца начальнiк службы мабiльнага катка Уладзiмiр Ляшкевiч. — Васьмi пластоў цалкам хапае. Каб запусцiць масавае катанне, трэба мiнiмум 3—3,5 сантыметра лёду. Тут галоўнае, каб прырода i далей радавала нас зiмовым надвор’ем.
Рыхтуе лядовую пляцоўку да прыёму наведвальнiкаў каманда з шасцi чалавек. Яны ж i кантралююць стан лёду ў сезон. Як правiла, кожны пласт залiваюць з шасцi ранiцы, калi на вулiцы яшчэ адчувальна марозна, або пад вечар, гадзiн у восем. Цяпер гэта больш механiчная руцiнная праца: трэба раўнамерна лiць шлангам ваду па ўсёй плошчы. Апошнi этап перад запускам наведвальнiкаў — чыстка лёду з дапамогай спецыялiзаванай машыны, якая ўжо 13-ы сезон запар дапамагае работнiкам дамагчыся iдэальнай ледзяной паверхнi. Яна здольная зрэзваць няроўнасцi, счышчаць тонкi пласт снегу, палiраваць лёд i распыляць ваду на каток.
Апошнi этап перад запускам наведвальнiкаў — чыстка лёду з дапамогай спецыялiзаванай машыны.
— Адкрыты каток заўсёды лепш, чым закрыты, — дзелiцца сваiмi назiраннямi Уладзiмiр Ляшкевiч. — У нас сеанс доўжыцца 90 хвiлiн, хоць мы дазваляем катацца амаль дзве гадзiны. Выхад на лёд каштуе танней. Да таго ж наш каток вялiкi — 4000 квадратных метраў — i ўмяшчае да 350—400 чалавек адначасова.
Акрамя масавых катанняў па суботах i нядзелях з 08:00 да 12:00, на адкрытым катку будуць гуляць у хакей аматары з усёй краiны, а школьныя калектывы арганiзоўваць розныя спартыўныя спаборнiцтвы. А па пятнiцах i суботах запрошаны дыджэй, якi правядзе дыскатэкi на лёдзе.
Каля мабiльнага катка працуе пракат канькоў i прыстасаванняў, якiя дапамагаюць навучыцца стаяць на каньках пачаткоўцам. Таксама сюды рэгулярна запрашаецца iнструктар. Для адпачынку арганiзаваны крамы i кiёск з гарачымi напоямi i перакусам.
Як расказаў намеснiк начальнiка галоўнага ўпраўлення спорту i турызму Мiнгарвыканкама Васiль Касач, на сёння вызначаны ўсе месцы размяшчэння каткоў i хакейных каробак. Ва ўсiх раёнах сталiцы арганiзуюць 54 пляцоўкi: 25 каткоў i 29 хакейных каробак. Такая колькасць, па думку адказнага работнiка Мiнгарвыканкама, з’яўляецца аптымальнай.
Асноўная частка каткоў i хакейных каробак размешчана на тэрыторыi ўстаноў адукацыi. Адмiнiстрацыя кожнага раёна вызначала месцы, дзе найбольшая колькасць жылых дамоў, i прымала рашэнне, дзе ўсталёўваць каткi, зыходзячы са шчыльнасцi насельнiцтва i знаходжання ў гэтым радыусе ўстаноў адукацыi.
— Невялiкiя лядовыя пляцоўкi пры школах будуць прымаць абсалютна ўсiх жадаючых бясплатна, — запэўнiвае Васiль Касач. — Як дарослыя, так i дзецi могуць прыходзiць i катацца. Калi ў школьнікаў няма канькоў, ёсць магчымасць узяць iх бясплатна ў сваёй установе адукацыi. З рэжымам працы кожнага канкрэтнага катка можна азнаёмiцца непасрэдна на месцы.
Кантраляваць парадак на пляцоўках будзе адмiнiстрацыя тых устаноў, за якiмi яны замацаваны. Таксама яна будзе ажыццяўляць своечасовае залiванне i ачыстку лёду. У кожным раёне вызначаны цэнтральныя раённыя каткi. На iх будуць працаваць пункты пракату рыштунку для актыўнага адпачынку.
Па словах Васiля Касача, у «Сонечнай далiне» падрыхтаваны гарналыжныя спускi i ледзяныя горкi. У планах — правядзенне розных свят, забаў, спаборнiцтваў па зiмовых вiдах спорту i кiданнi снежак:
— Мы мяркуем рэалiзаваць дзiцячыя спаборнiцтвы па бiятлоне «Снежны снайпер», па дзiцячым хакеi «Залатая шайба», спаборнiцтва «Абаронца Айчыны». Акрамя гэтага, кожная ўстанова, пры якой размешчаны каток цi iншы сезонны аб’ект, будзе арганiзоўваць свае святы, звязаныя з тымi ж лыжнымi гонкамi або канькабежнымi спаборнiцтвамi. Увесь зiмовы сезон будзе насычаны i яркi на эмоцыi. Галоўнае, каб надвор’е дазваляла рэалiзоўваць задуманае.
grudnitskiy@sb.by
25 катков и 29 хоккейных коробок: в Минске с приходом морозов начали заливать открытые ледовые площадки
Ход каньком
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Фото:
Юрий МОЗОЛЕВСКИЙ