Па тэрміналогіі ЮНЕСКА, казка — знікаючы аб’ект. Ці ёсць у нашай казкі будучыня?

Казкі для дарослых

Што можна расказаць пра казкі? Кожны з нас на іх вырас. Еў пад «Церамок», засынаў пад «Гусі-лебедзі». Ну ці пад чароўныя вусныя казкі, якія ведала толькі бабуля. Толькі ў залежнасці ад геаграфіі і гэтыя казкі былі рознымі. Напэўна, італьянская бабуля распавядала ўнукам пра Пінокіа, балгарская — пра цара Траяна, чукоцкая — пра Эмемкута. А пра каго распавядалі нашы бабулі? І наогул у чым асаблівасць нацыянальнай казкі? Журналіст «Рэспублікі» пацікавілася ў навуковага супрацоўніка сектара этналінгвістыкі і фальклору Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Алены Боганевай.

Панцыр з дзірачкамі

Алена БОГАНЕВА.
— Алена Міхайлаўна, палявыя даследаванні ў пошуках нашай унікальнай казкі ідуць па сённяшні дзень? Або шукаць ужо няма чаго?

— Палявыя даследаванні вядуцца і зараз, безумоўна. Экспедыцыі адбываюцца кожны год, і, нават калі гэта не іх тэма, супрацоўнікі нашага цэнтра будуць шукаць казку. У перыяд з 1998 па 2018 год, калі я сама ездзіла ў экспедыцыі і збірала народную прозу, то дастаткова многа знайшла і казак. Хоць, што вельмі сумна, гэта сёння адыходзячы жанр. Па тэрміналогіі ЮНЕСКА, казка — знікаючы аб’ект. Чаму? Таму што любы жанр народнай прозы патрабуе слухача. Песню можна спяваць для сябе, з казкай такога не зробіш.

Што тычыцца сённяшніх бабуль, яны могуць быць настолькі маладога ўзросту, што часта казак на памяць не ведаюць. Хіба што прабабкі. Толькі яны ведаюць старыя казкі, нячытаныя. І нам вельмі шанцавала, калі ў экспедыцыях мы сустракалі іх разам з праўнукамі ці ўнукамі, якія падказвалі ім сюжэты.

Так, напрыклад, было ў вёсцы Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна, дзе мы падселі на лавачку да Таццяны Гнядзько і ўгаварылі яе паўспамінаць казкі. Калі тая пачала расказваць, пад’ехаў на ровары яе праўнук Сяргей 11 гадоў, сеў побач на траву і стаў уважліва слухаць. Пры замінках або спробе бабулі згарнуць расказ і заўчасна закругліцца хлопец метадычна нагадваў, што яна яшчэ забыла расказаць. Спачатку бабуля бурна рэагавала на заўвагі праўнука, прапаноўваючы яму расказваць самому, «раз такі разумны», але гэты строгі «кантроль» аказаўся найлепшым стымулам для прыпамінання і далейшага паўнацэннага расказу. Цікава, што казкі бабуля расказвала праўнуку, калі яму было прыкладна ад трох да шасці гадоў, і яна сама не чакала, што ён так добра ўсё памятае.

— Ёсць казка, якую вы запомнілі лепей за іншыя? І чаму?

— Такіх шмат, таму што сустракаліся і яшчэ сустракаюцца ў нас на Беларусі найвыдатныя казачнікі. Напрыклад, Станіслаў Пазлевіч 1922 года нараджэння з Астравеччыны. Гэта было як вясковае радыё. Калі ён выйшаў на лавачку, яго абселі вяскоўцы, даследчыкі, і ён пачаў. Казка была з вядомым сярод усходніх славян сюжэтам. Але ў яго інтэрпрэтацыі было шмат цікавых момантаў і яўны рэлігійны падтэкст. Гэта даволі вядомая казка пра разбойніка Мадэя. Калі купец у балоце тануў, нячысты яго ўратаваў, а ўзамен патрабаваў тое, што ён у хаце не пакінуў.

У сучасным побыце захаваліся казкі, разлічаныя на дзяцей. З сямейным сюжэтам.
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА
Аказалася, гэта яго толькі што народжаны сын. Каб чорту не аддаць, выхаваў ён яго святаром. А калі надышоў час, пайшоў той бацькаву распіску вяртаць. У дарозе заначаваў ён у нейкай лясной хатцы, якая, як потым стала вядома, належала жорсткаму разбойніку Мадэю. І вось калі той вяртаўся дадому і пабачыў нязванага госця, то не змог яго забіць, таму што на ім быў чароўны панцыр. Назаўтра ён запытаў хлопца пра панцыр, а той адказаў, што гэта сіла малітвы яго абараніла. І няма аніякага панцыра. А калі Мадэй удакладніў у яго пра нейкія дзірачкі ў панцыры, хлопец сказаў: відаць, стаміўся і ў малітве словы прапускаў. Мадэй адпусціў яго з умовай, што ў пекле хлопец даведаецца пра яго будучыню. Той і бацькаву распіску здабыў, і слова стрымаў: сказаў Мадэю, што за грахі чакае яго ложак з брытваў, на які цячэ смала. Той узмаліўся: дапамажы! Хлопец загадаў яму закапаць сваю булаву пад яблыняй, паліваць яе з далёкай рэчкі і чакаць Божага знаку. І гэтак далей…

Дык вось, казка даволі вядомая, у прыватнасці па параўнальным указальніку сюжэтаў «Усходнеславянская казка». Я яе потым запісвала яшчэ двойчы на Гродзеншчыне. Але пра панцыр з дзірачкамі – матыў абсалютна арыгінальны.

Каму ўсміхаецца ўдача

— Усе бабуліны гісторыі дзеляцца па тэматыцы: на казкі пра жывёл, чарадзейныя і бытавыя або авантурна-навелістычныя. Якія матывы бліжэй беларусам?

— Казкі маюць сусветны падтэкст. Вядомы іх даследчык Кірыл Чыстоў неяк хораша падмеціў, што ў многіх народаў на розных прасторах свету існуе адзіная канцэпцыя, якую можна ўмоўна назваць канцэпцыяй «актыўнага дабра» — дапамогі слабаму, узаемадапамогі, спачування. З другога боку, у казцы вобразна і пераканаўча дэманструюцца адмоўныя якасці адпаведных персанажаў (зноў жа ў розных народаў гэтыя якасці інтэрнацыянальныя): карыслівасць, чэрствасць, абыякавасць, зайздрасць і да т. п. Гэта тое, што нас аб’ядноўвае. 

— Ну, напрыклад, вельмі часта традыцыйны герой рускай казкі — прасцяк, які і на печы ляжыць, і не робіць нічога, а заўжды ў выйгрышы. У нас такcама?

— За апошнія дваццаць гадоў у экспедыцыях па Беларусі я казак, дзе б гультай атрымаў усё, не запісвала. Але, канешне ж, чарадзейныя казкі розныя ў нас ёсць. Напрыклад, у беларускай традыцыі шмат казак пра асілкаў, змеяборцаў. Зараз гэтыя казкі амаль што зніклі. Таму што гэта гісторыі не для малых, а для дарослых. Пра гэта кажуць даследчыкі. Напрыклад, былі часы, калі арцель лесарубаў ці рыбаловаў магла наняць казачніка, каб той, калі яны працуюць далёка ад дому, расказваў ім казкі перад сном, пакуль не засне апошні работнік.

У сучасным побыце захаваліся казкі, разлічаныя на дзяцей. З сямейным сюжэтам. Напрыклад, пра мачаху і падчарку, а таксама цудадзейную кароўку, якая, пакуль яе не зарэзалі, дапамагала падчарцы выконваць невыканальныя даручэнні мачахі. А потым ператварылася ў яблыньку. Працавітая падчарка ў фінале выйшла замуж за добрага хлопца. Так у беларускіх казках падкрэсліваецца, што менавіта працавітаму напрыканцы ўсміхаецца ўдача.

Казачны рэгіён

— У многіх, напрыклад нямецкіх, казках адчуваецца моцны подых паганства, ахвярапрынашэнняў. А як у нас?

— Я б не сказала, што гэта подых паганства. Практычна ўсе аўтэнтычныя казкі валодаюць пэўным натуралізмам, які можа ўспрымацца як жорсткасць. У нас таксама бывае шмат жудасных падрабязнасцей у казках. Мы запісвалі неяк у 2006 годзе ў Чавускім раёне Надзею Казлову, выдатную казачніцу. Дык вось яна расказвала вядомы сюжэт, калі сіротку пасылаюць за агнём, і тая ідзе да Бабы-ягі і бачыць агароджу з галовамі, пасаджанымі на калы, бочку крыві і гэтак далей. Такіх казак нямала і ў нашым акадэмічным выданні. Вядома, чарадзейныя казкі, казкі пра жывёл складаліся ў глыбокай дахрысціянскай старажытнасці, але існаванне ў хрысціянскай цывілізацыі налажыла на іх вялікі адбітак. Казкі маюць вельмі глыбокія карані. Тое, што мы бачым, — гэта толькі крона дрэва, а сваімі каранямі яны сыходзяць вельмі глыбока.

Казка вучыць мудрасці як дзяцей, так і дарослых.
Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА


— Які ў нас сёння самы казачны рэгіён? І колькі гадоў самым маладым казачнікам?

— Можа, у гэта цяжка паверыць, у нас вельмі ўраджайны на казкі і казачнікаў Мінскі рэгіён. Любанскі, Салігорскі, Валожынскі, Уздзенскі раёны. У апошнім яшчэ не так даўно жыла вядомая казачніца Лідзія Цыбульская, казкам якой прысвоены статус нематэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці. Дарэчы, гэта пакуль што першы такі прэцэдэнт. Імёны вельмі выдатных расказчыкаў можна пералічваць і пералічваць. Тут шмат карыфеяў. А вось сюжэты казачныя лепей ведаюць на Брэстчыне.

У цэлым казачнікаў зараз няшмат. Што тычыцца ўзросту, адным з самых малодшых карыфеяў зараз гадоў па 60.

— Мне чамусьці здаецца, што дзяцінства без казкі не бывае. Дык будуць і казачнікі, і тыя, хто іх слухае. Можа, проста казкі будуць іншымі...

— А можа, вы і маеце рацыю. Бо пра тое, што традыцыйны фальклор увогуле, а казкі ў прыватнасці «паміраюць», кажуць яшчэ з 19-га стагоддзя. Але яны ўсё яшчэ жывыя.

arteaga@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter