У гiсторыi нашай культуры нямала вiдаў народнай дэкаратыўна‑прыкладной творчасцi, калiсьцi досыць папулярных, затым практычна забытых, а сёння адроджаных i ўключаных у сучасныя культурныя працэсы. Гэта ў поўнай меры датычыць i мастацтва стварэння ажурных узораў з паперы — выцiнанкi. У канцы XIX — першай палове XX стагоддзя выцiнанку можна было ўбачыць амаль у кожнай хаце. Некаторае ажыўленне традыцыi назiралася ў пасляваеннае дзесяцiгоддзе. А затым яна практычна знiкла з народнага побыту, пакiнуўшы след хiба толькi ў людской памяцi. Але, як паказвае жыццё, традыцыйныя мастацкiя рамёствы — зусiм не архаiка цi музейны набытак, а вельмi сучасная з’ява, якая пры ўмелым i беражлiвым падыходзе арганiчна ўключаецца ў сучасны побыт. Выцiнанка з’яўляецца выдатным адлюстраваннем гэтых працэсаў. А Вольга Харлiнская — майстар, якi працягвае развiваць i папулярызаваць гэта тонкае мастацтва:
— Пасля вучобы ў Маладзечна я закончыла мастацкае аддзяленне педагагiчнага ўнiверсiтэта ў Гродна i па размеркаванню трапiла на працу ў Iвянецкi дом‑iнтэрнат. Была настаўнiкам малявання i гiсторыi мастацтва. Калi ж выйшла замуж i нарадзiла дзiця, уладкавалася ў Дорскую школу мастацтваў. Зараз гэта фiлiял Iвянецкай школы мастацтваў iмя Паплаўскага. Вучыла мясцовых дзетак сакрэтам выцiнанкi i прымала актыўны ўдзел у культурным жыццi краiны.
Яе прафесiяналiзм i кампетэнтнасць дазволiлi дабiцца высокiх вынiкаў у навучаннi i выхаваннi вучняў. Аб гэтым гавораць iх дасягненнi — мноства дыпломаў за ўдзел у розных конкурсах. Па вынiках працы за 2022 год Вольга Харлiнская ўвайшла ў лiк лепшых работнiкаў культурнай сферы Мiнскай вобласцi.
Выцiнанкi Вольгi Харлiнскай адметныя сваёй стылiстыкай. На першы погляд яны ўяўляюць сабой чыстыя практыкаваннi абстрактнага характару з дробнаўзорыстых арнаментальных геаметрычных нарэзак, што кампануюцца ў кругi, авалы, прамавугольнiкi, нейкiя загадкавыя змеепадобныя фiгуры. Пры больш блiзкiм знаёмстве аказваецца, што ўсе гэтыя загадкавыя кампазiцыi адлюстроўваюць пэўную, часам з глыбокiм фiласофскiм падтэкстам думку, якая звычайна падмацоўваецца ўласнымi вершаванымi чатырохрадкоўямi. Вось характэрны ўзор такога сiмвалiчнага суправаджэння аднаго з «Дрэваў жыцця» майстрыхi:
Жыццё нараджаецца i памiрае,
Лiсце зелянее, жаўцее i ападае —
Такi закон быцця,
Але вечным будзе Дрэва жыцця.
Стылiстыка твораў майстрыхi з iх таямнiчасцю i загадкавасцю вельмi сугучная касмiчнай тэматыцы. Глыбiня чорнага фону, на якiм пералiваюцца крышталiчныя фiгуры з промнямi‑стрэламi, нагадвае бяздоннасць космасу. З часам и вопытам прыкметна змяняўся характар выцiнанак — ад досыць простых, сцiплых у мастацкiх адносiнах вырабаў да высокадэкаратыўных твораў станковага характару.
— Я прымала ўдзел у шматлiкiх мерапрыемствах. Неаднаразова ладзiла выставы, разам з майстрамi‑землякамi дэманстравалi свае працы на фестывалях, форумах i майстар‑класах. Для многiх гэта незвычайны i займальны занятак.
Пад чулым кiраўнiцтвам Вольгi Харлiнскай можна за кароткi адрэзак часу выразаць, напрыклад, чароўную жар‑птушку, якую не сорамна будзе i сябрам паказаць, i выкарыстаць як дэкор для дома. У вольны час наша гераiня з захапленнем бярэцца за нажнiцы i ўдасканальвае сваё майстэрства.
— Падчас выразання я не стамляюся. Гэта сваеасаблiвы антыстрэс. Але выцiнанка вымагае ўважлiвасцi i канцэнтрацыi на працэсе. Бо лiтаральна адзiн няўдалы рух нажнiчкамi — уся кампазiцыя будзе сапсаваная.
Чароўныя ўзоры, зробленыя рукамi таленавiтай майстрыхi, аздобленыя ў прыгожыя рамкi, можна ўбачыць на тэматычных выставах нашай краiны i нават замежжа. Безумоўна, некаторыя з iх ёсць i на працы, i дома.
Апынуўшыся на падворку Харлiнскiх, была па‑добраму здзiўлена. Толькi беларуская вясковая жанчына здольна з адказнай працай, агародам, гаспадаркай i клумбамi яшчэ i каля плiты ўпраўляцца найлепшым чынам. Прыгожы двор, утульная хата, дзе выцiнанкi гаспадынi займаюць свае пачэсныя месцы, — гэта насамрэч вельмi прыгожа i сучасна.
— Зразумела, што з новай пасадай часу для творчасцi i адпачынку стала значна менш. Асаблiва зараз, летам. Я чэрпаю сваё натхненне ў паўсядзённасцi, вачах родных i прыгажосцi нашага непаўторнага краю. I вельмi рада таму, што ў нашым раёне дастаткова аднадумцаў з аб’яднання народных майстроў «Скарбнiца», створанага на базе Валожынскага РЦК.
У ТЭМУ
Мiнская вобласць займае асобнае месца ў развiццi мастацтва выцiнанкi. У аддзяленнi дэкаратыўна‑прыкладнога мастацтва Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага вучылiшча iмя М. К. Агiнскага паспяхова дзейнiчае адзiная ў краiне школа выцiнанкi. Заснавальнiца — вядомая майстрыха Вiкторыя Мiкiтаўна Чырвонцава. Зацiкаўленасць гiсторыяй i тэорыяй арнаменту, зварот да традыцыйнай культуры, вобразаў беларускай мiфалогii, схiльнасць да эксперыментаў, пошуку новых форм — вось асноўныя рысы школы.
rovdo@sb.by
Фота Кацярыны Роўда i з архiва Вольгi Харлiнскай