Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі — гэта сузор’е цікавых людзей, праектаў, ініцыятыў

Каб стала Домам дружбы ўся Зямля

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі — гэта сузор’е цікавых людзей, праектаў, ініцыятыў

Грамадская арганізацыя, якая сёння мае повязі з усім светам, была ўтворана 7 красавіка 1926 года. Цяпер мінская рэзідэнцыя таварыства — Дом дружбы — злучае з Беларуссю творчым сяброўствам-пабрацімствам людзей з усяго свету.

“Між сейбітаў планеты вучоныя і мастакі, музыкі і паэты…” — спяваецца ў своеасаблівым гімне таварыства. Кампазітар Эдуард Зарыцкі знайшоў прывабную мелодыю на мае радкі, якія ў прыпеве гучаць так: “Мы промні зорнай службы./ Нам верыцца здаля,/Што стане Домам дружбы ўся Зямля”. А завітаў я ў будынак на вуліцы Захарава, 28 ці не ў снежні 1974-га. Таварыства карысталася папулярнасцю, выпраменьвала цеплыню сустрэч, прываблівала творцаў на супрацу. Трымцелі пачуццямі мае гады, шырыўся далягляд выдавецкага работніка, перакладчыка, паэта. І прапанову працаваць дзеля ўмацавання беларуска-чэшскіх узаемасувязяў успрыняў з радасцю. Праз некалькі гадоў маё старшынства ў таварыстве “Беларусь—Чэхія” перайшло іншай асобе, а кіраўніца Ніна Іванова прапанавала ўзначаліць таварыства “Беларусь—Латвія”. Супрацу маю з радзімай Райніса з часам упрыгожыла высокая ўзнагарода — ордэн Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі.

Наша ж Ніна Сямёнаўна пастаралася, каб яшчэ адзін мой твор стаўся гімнам пародненых гарадоў. А не так даўно ў Доме дружбы для нашых кітайскіх сяброў прагучала “Паднябесная песня”: яе напісалі мы з Эдуардам Зарыцкім. То няхай “І любоў ў Паднябессі няблізкім/ Будзе жыць на крыле салаўя, —/ Бо Кітаю так хораша ў Мінску, Беларусь у Пекіне — свая”.

Цяпер мы, шматлікія актывісты Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, а таксама нашы замежныя сябры, адзначаем 90-гадовы юбілей ад пачатку дзейнасці грамадскай суполкі. Ля вытокаў яе былі Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны, Міхась Чарот... А каб паказаць дасягненні Беларусі, узбагаціцца скарбамі замежных сяброў, не шкадавалі сілаў сотні энтузіястаў. І мелі поспех, прызнанне. Напрыклад, 1 студзеня 1993 года Міжнародны рэгістр зорак надаў імя Арсенія Ваніцкага адной з зорак у сузор’і Аўрыге. Удакладняю: імя тагачаснага старшыні прэзідыума Беларускага таварыства дружбы. Ды і сам Дом дружбы — гэта ж чароўнае Сузор’е трапяткіх сэрцаў, няўрымслівых ініцыятыў, багатага вопыту ў стварэнні дыфузіі культур. Сузор’е, дзе так многа зорак памяці. Вось з такой нагоды я і назваў свой верш “Зоркі Памяці” — ён прысвечаны 90-годдзю таварыства. А пачынаецца такімі радкамі: “З магутнай кроны вечнага Сусвету/ Іскрыначкі, Купала, не раструсь./ Прыберажы лагодную планету/ З такою светлай назвай — Беларусь”.

Сяргей Панізьнік, кавалер ордэна Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі

Голас Радзімы № 12 (3468), чацвер, 7 кракавіка, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter