У літаратурных славянскіх помніках назва «русаліі» сустракаецца з XI стагоддзя ў дачыненні да язычніцкіх ігрышчаў, якія ладзіліся за тыдзень да Троіцы або на наступным тыдні пасля яе. Аднак лічыцца, што слова «русаліі» паходзіць не ад міфічных «русалак», а ад лацінскай назвы антычнага свята руж — «разаліі». Адзначалася яно ў перыяд цвіцення руж. Падчас яго паміналі рана памерлых родных, на магілы прыносілі вянкі з руж і ладзілі памінальныя трапезы.
На беларускіх землях Русалле святкавалі па-рознаму. У некаторых рэгіёнах святочна апранутыя людзі збіраліся ноччу каля капішча (язычніцкага храма). Музыканты і скамарохі выбіралі прыгожую дзяўчыну — русалку. Галоўны крытэрый прыгажосці — доўгія распушчаныя валасы і вялікі вянок. Удзельнікі ігрышча спявалі песні і танцавалі. Некаторыя рысы старажытнага свята ў наш час увасобіліся ў абрадзе «Провады русалак». У народным календары ён значыўся перад Пятровым постам (сёлета — з 20 чэрвеня да 11 ліпеня). Гэта час актыўнага росту жыта. Невыпадкова ў беларусаў існавала павер’е, што русалка сцеражэ квітнеючае поле.
Дзяўчыну з распушчанымі валасамі і вянком на галаве праводзілі праз усё сяло з песнямі і шумнай музыкай. У гэты час людзі барабанілі па дошках, стукалі заслонкамі з печы, запальвалі факелы. У жытнім полі дзяўчыну пакідалі, разрываючы на дробныя кавалкі яе вянок, а самі ўцякалі, баючыся, што іх дагоніць русалка.
У некаторых рэгіёнах замест жывой русалкі выкарыстоўвалі саламянае чучала з конскім чэрапам. Гэта была русалка-конь. Яе ў канцы абраду ў полі не кідалі, а тапілі ў вадаёме. З гістарычных крыніц вядома і такая асаблівасць абраду: дзяўчаты раскладвалі вогнішча, скакалі праз яго і спальвалі сарваны з русалкі вянок. Гульня з вянком перарастала ў «заручыны»: дзяўчаты-русалкі кідалі свае вянкі ў хлопцаў, якія таксама скакалі праз вогнішча. Вянок у такім выпадку быў знакам выбрання.
Дзяўчыны на Русалле варажылі на свой лёс і замужжа. У адну з начэй гэтага перыяду адпраўляліся на бераг ракі, дзе пакідалі русалкам сігнал аб дапамозе ў справах кахання. У якасці платы за паслугу кідалі ў ваду новую стужку, каралі або манетку, закручвалі падарунак у чырвоную анучку і абвязвалі пасмай сваіх валасоў. Верылі, што русалка сама здагадаецца, што трэба зрабіць.
На Гомельшчыне дзяўчыны-русалкі ішлі з абрадавымі песнямі да жыта, закідвалі свае вянкі як мага далей і ўцякалі. На наступны дзень ішлі іх шукаць. Знойдзеныя вянкі разрывалі і шматкамі кветак абсыпалі агароды. Лічылася, што гэта можа засцерагчы капусту ад вусеняў.
У Рэчыцкім раёне пры провадах русалак моладзь раскладвала ў лесе некалькі кастроў у рад. Русалкай выбіралі самую прыгожую дзяўчыну. Потым дзяўчаты ішлі да рэчкі і варажылі. Пасля русалка здымала з сябе вянок і вешала яго на дрэва. Усе вярталіся да кастроў, гулялі і спявалі.
НАРОДНЫЯ ПАВЕР’І
Русалкі — міфічныя персанажы. Па павер’ях імі станавіліся дзяўчыны, што памерлі да ўступлення ў шлюб, асабліва засватаныя нявесты, якія не дажылі да вяселля. Да русалак адносілі і душы маладых нябожчыц, а таксама дзяцей, што пайшлі з жыцця на Русальным тыдні, тапельніц, немаўлят, якія памерлі нехрышчонымі. Лічылася, што гэтыя істоты выходзяць з вады на тыдні пасля Троіцы, таму і называлі яго Русальным.
МОЦ ЗЯМЛІ
У народнай традыцыі русалчын вянок сімвалізуе еднасць русалкі з прыродай. Гэтым тлумачыцца і сэнс магічнага абраду — з дапамогай міфічнай істоты вярнуць сілы, што ідуць ад самой зямлі. Русалка і яе вянок — своеасаблівы праваднік паміж прыродай і чалавекам.
kuzmich@sb.by
В неделю после Троицы наши предки провожали русалку за село
Каб шкоды не нарабіла
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Фото:
Максим ВЕЧЕР