Два пилотных проекта, 40 000 участников и внимание регионам: как ПВТ расширяет свои образовательные программы

Ідэі вышэйшага софта

Парк высокіх тэхналогій (ПВТ) трапятліва ставіцца да «лiчбавай» адукацыі ў краіне. Яго рэзідэнты не адразу сталі вялікімі праграмістамі, яны таксама калісьці сядзелі за партамі ў школе. Як кажа дырэктар ПВТ Усевалад Янчэўскі, патрэбны пэўная аддача і ўзаемасувязь з тымі, хто навучае будучых спецыялістаў. Зараз у краiне каля 1500 настаўнікаў у больш за 1000 школ выкладаюць дзецям другую грамату — праграмаванне. З гэтага тыдня пяцікласнікі і шасцікласнікі Бярозы, Століна, Нясвіжа, Барысава, Оршы, Докшыц, Смаргоні і іншых гарадоў пачнуць не толькі праграмаваць, але і ствараць розныя тэхналагічныя прылады. Гэта пілотны адукацыйны праект «Праграмаванне мікракантролераў у асяроддзі Scratch». У бягучым годзе ў iм паўдзельнічаюць 27 устаноў адукацыі і 28 педагогаў.

Навучальныя наборы атрымалі 27 устаноў адукацыі па выніках конкурсу.

Маленькі памочнік

Слова Scratch знаёмае шматлікім школьнікам. А тыя з іх, хто асабліва неабыякавы да праграм, тэхнікі і гаджэтаў, ствараюць на факультатывах уласныя прадукты — відэагульні, мультфільмы, клiпы і гэтак далей.

— Парк высокіх тэхналогій сумесна з Міністэрствам адукацыі пачынае вельмі цікавы праект. Ён дапаўняе вялікі праект, які існуе шмат гадоў, — навучанне мове праграмавання Scratch для школьнікаў. Цяпер мы хочам зрабіць так, каб школьнікі навучаліся не толькі праграмаванню, але і набывалі інжынерныя і канструк­тарскія навыкі. У свеце самая галоўная падзея — аб’яднанне віртуальнага і рэальнага светаў. Мы хочам, каб нашы школьнікі навучыліся вольна сябе адчуваць у карыстанні не толькі софтам, але і «жалезам». Праграмы пішуцца не дзеля праграм, а для таго, каб з іх дапамогай кіраваць рэальнымі рэчамі ў рэальным свеце, — так ахарактарызаваў праект дырэктар ПВТ Усевалад Янчэўскі.

Чатыры кампаніі-рэзідэнты ПВТ фінансава падтрымалі праект. Яны закупілі навучальныя наборы для выкладчыкаў і навучэнцаў на 30000 рублёў і бясплатна перадалі іх у школы.

Дырэктар ПВТ Усевалад Янчэўскі.
фота белта.

Удзельнікі праекта вызначыліся з дапамогай конкурсу, у якім удзельнічалі 98 выкладчыкаў. Уліч­ваўся вопыт кожнага настаўніка, а таксама матэрыяль­на-тэхнічная асна­шчанасць школы. Дарэчы, у мiнулым годзе рэзідэнты ПВТ абсталявалі 70 устаноў адукацыі па ўсёй краiне.

Распрацоўшчыкі навучальных набораў запэўніваюць: у дзяцей складанасцей у праграмаванні не ўзнікне. Кажуць, гэта самыя простыя і пачатковыя навыкі ў гэтай сферы.

Мікракантролер уяўляе сабой мікракамп’ютар, у які ўключаны базавы набор датчыкаў. Наогул, мікракантролеры вакол нас усюды — у пральных машынах, тэлевізарах, мультыварках і нават у сучасных аўто.

На практыцы вучні змогуць ствараць мадэлі робатаў-маніпулятараў, беспілотных аўтамабіляў, самаходных робатаў. Каб дзеці маглі ра­зумець, як праграмаванне можа ўжывацца ў вырашэнні практычных задач. Таленавітыя хлопчыкі і дзяўчынкі змогуць знайсці сябе ў інжынерыі, машынабудаванні, высокіх тэхналогіях і ўжо ў школе зразумець, што ім больш падабаецца.

Настаўнікі інфарматыкі Таццяна Худзік і Вольга Мурына з гро­дзенскай сярэдняй школы № 34 удзельнічаюць у праекце з 2016 года. Але Scratch вывучалі і раней. 

— Дзецям падабаецца, яны цягнуцца да праграмавання. З нецярпеннем чакаюць новую праграму і пытаюцца: «Калі ўжо будзем збіраць робатаў?» — распавяла Таццяна.

— Хімія, біялогія, геаграфія — шмат у якіх сферах можна ўжы­ваць навыкі праграмавання. Дзеці змогуць выбраць свой шлях. Не ўсе стануць праграмістамі. Наша мэта — падрыхтаваць вуч­няў да жыцця ў грамадстве, сфарміраваць у іх алгарытмічнае мысленне, навучыць працаваць у камандзе з дапамогай інфар­матыкі, праграмавання, ро­бата­тэхнікі, — падзялілася настаўнік інфарматыкі сярэдняй школы №12 Наталля Снытко.

Вучні 5 і 6 класаў навучацца праграмаваць і ствараць робатаў сваімі рукамі.

І карыстальнікі, і стваральнікі

Намеснік дырэктара ПВТ Аляксандр Марцінкевіч адзначыў: цяпер анлайн-курс праходзяць настаўнікі-прадметнікі і настаўнікі пачатковых класаў. Для іх вельмі важна паказаць, як навучыць дзяцей і наколькі гэта цікава. І дадаў:

— Хуткае развіццё тэхналогій уплывае на сістэму адукацыі. Раней мы ездзілі на конных павозках, потым — на машынах, сёння пераселі на электрамабілі, а за школьнай партай як сядзелі, так і сядзім. На самай справе чалавек за 150 гадоў не змяніўся. З нуля да сямі гадоў адбываецца максімальнае развіццё мозгу. Калі дзіця з пяці гадоў пачы­наюць вучыць чытаць і пісаць — гэта няправільна. Мы павінны казаць не пра ранняе навучанне, а пра ранняе развіццё. Незалежна ад таго, ці будзеш ты праграмістам, разуменне асноў інфарматыкі дапамагае прасцей жыць. Мы не ставім мэтай праектаў падрыхтаваць праграміста. Мэта ўсіх нашых адукацыйных праграм — развіццё лагічнага і алгарытмічнага мыслення. Апошняе развіваецца за кошт прадмета «Інфарматыка».

На гэтым тыдні пройдзе штогадовы конкурс для настаўнікаў, якія выкладаюць Sсratch. У канцы лютага пройдзе конкурс сярод дзяцей. Для навучэнцаў першага і другога класаў выдзелена намінацыя «Штучны інтэлект вачыма дзяцей», трэцяга і чацвёртага класаў — намінацыя «Майстар вiдэакараоке».

malyshchyts@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter