Суднікаўскія кожны месяц ладзяць вечарыны адпачынку, творчыя конкурсы, выставы страў і вырабаў рукадзелля. А ў пачатку студзеня жанчыны па традыцыі рыхтуюцца да святкавання Божага Нараджэння і Каляд, ходзяць шчадраваць па вёсцы, а іх з нецярпеннем чакаюць у хатах.
Удзельніцы «Восені» клапоцяцца аб тым, каб прыпасаў для калядоўшчыкаў хапіла. Некалькі простых рэцэптаў суднікаўскіх страў мы запісалі, каб падзяліцца з чытачамі.
Таццяна Часнок сустрэла нас у сельскім клубе прыбраная ў народны касцюм і пачала гаворку пра падрыхтоўку да святочнай вячэры. Яніна Шчапко з ахвотай падзялілася рэцэптам смакаты:
— Праваслаўныя вернікі ставяць на святочны стол 12 традыцыйных посных страў. Куцця — галоўная абрадавая на Каляды, без яе стол не будзе асаблівым. Гатую святочную кашу з года ў год. Яна звычайна з цэлых або тоўчаных ячных круп, прыпраўленая мёдам ці сытой і макам («макавым малаком»). Раней у больш заможных сем’ях куццю варылі з пшаніцы альбо нават рысу, дадавалі арэхі, разынкі ды іншую слодыч. Як рабіць яе? Усё проста: крупы перабраць, прамыць, заліць вадой на нач. Раніцай зліць яе ды ўкінуць крупы ў рондаль з падсоленым кіпнем. Варыць пакуль не набрыняе. Далей запякаю куццю ў печы, можна і ў духоўцы каля 40 хвілін пры 160 градусах. Да стала нясу яе з маслам і мёдам.
Бачым, што куцця — даволі простая страва, можна і на гарадской пліце прыгатаваць. А сакральны сэнс яе такі: спажыванне яды са збожжа, мёду і маку сімвалізуе дабрабыт, добрую волю і прымірэнне паміж роднымі і сябрамі. Пшаніца, мак і мёд — сімвалы дастатку і плоднасці.
Удзельніцы клуба адкрылі закручаныя банкі з грыбамі, капустай. З’явіўся і трохлітровік кампоту з белых парэчак і з лісткамі мяты.
Жанна Мойса, бібліятэкар з Суднікаў, гатуе ў гэтым годзе кісель і печыва да каляднага стала. Суразмоўца трохі расказала пра іх:
— На нашым стале абавязковы аўсяны ці чырвоны кісель, узвар з сушаных фруктаў, рыбныя стравы (юшка, селядцы, шчупакі, карп), грыбны квас — поліўка з хлебнага квасу і грыбоў, чырвоны боршчык з «вушкамі», клёцкі з макам, капуста кіслая ці тушаная з грыбамі, макавыя сліжыкі. Гэта такое невялікае печыва з прэснага ці кіслага цеста. Яго ядуць таксама з «макавым малаком» ці мёдам.
Вось інгрэдыенты каляднага печыва: сталовая лыжка цукру, дрожджы, 3 сталовыя лыжкі малака, шклянка мукі і трохі солі. Трэба расцерці дрожджы з цукрам, заліць малаком, пасыпаць мукой, пакінуць у цёплым месцы на 15 хвілін, пакуль не пачне ўздымацца цеста. Рэшту мукі прасеяць, змяшаць з рэштай цукру і макам. Дадаць цеста, солі, крыху цеплаватай вады. Размяшаць і пакінуць на 30 хвілін пад ручніком. Пасля раскачаць цеста ў ролiк і нарэзаць на «гузікі» таўшчынёй каля сантыметра. Выкласці на змазаную алеем патэльню i запякаць у духоўцы 10 хвілін пры 160 градусах. А яшчэ слiжыкi можна 5 хвiлін адварыць у падсоленай вадзе, як галушкі. Будзе таксама вельмі смачна!
Пытаем у Таццяны Часнок, што згатуем разам з суднікаўскімі майстрыхамі кулінарнага мастацтва? Ідзём у хату кiраўніка сельскага клуба, дзе распальваецца печ.
— Вельмі просты рэцэпт навагодніх чабурэкаў: шклянка кефіру, 3 сталовыя лыжкі мукі, соль, 3 лыжкі сланечнікавага алею, адно яйка і 3 лыжкі мукі для раскачвання. Асобна рыхтуецца хатні фарш, сумесь перцаў і дзве цёртыя цыбуліны. Дадаем соль па гусце. Калі смажу ўсё ў печы, тады смак шыкоўны, — расказала Таццяна Часнок.
Тамара Багдановіч, удзельніца сельскага клуба, падзялілася пад канец нашай кулінарнай сустрэчы думкай:
— Можа, у вёсцы святочныя стравы не такія вытанчаныя і складаныя, як у горадзе, але яны народныя, удалыя і вельмі смачныя. Галоўнае — гатуем усё з добрым настроем і на здароўе!