Як толькі ў вёсцы Басценавічы Мсціслаўскага раёна пачынаецца само таінства, жанчыны гоняць з памяшканняў усіх мужыкоў...
У СТРАКАТАЙ сукенцы ды з рознакаляровымі істужкамі свечка выглядае нібы сапраўдная нявеста. Нават не верыцца, што ёй больш за сто гадоў! Адкуль пайшоў незвычайны абрад, у вёсцы ўжо ніхто не памятае. Але кожная з удзельніц гуляння (а гэта пераважна старыя жыхаркі) дакладна ведае — свяча робіць сапраўдныя цуды. Каму доўгачаканае дзіцятка пашле, каго ад хваробы збавіць. Менавіта таму з года ў год свячу ў гонар пакутніцы Варвары ўшаноўваюць — пераапранаюць, нарошчваюць, а затым нясуць у хату наступнай гаспадыні, у якой яна і стаіць цэлы год.
ПЕРАНОС аброчнай свечкі прымеркаваны да дня святой пакутніцы Варвары, які адзначаецца 17 снежня, аднак сам абрад ладзіцца два дні. Цэлы год Варварына свяча стаяла ў хаце Ліліі Саўчанкі, якая ўступіла ў абрад больш за дзесяць гадоў назад. За гэты час Лілія Леанідаўна была гаспадыняй прыгажуні тры разы. «Кожны з гэтых гадоў для нашай сям’і быў шчаслівы. Ніякія беды і напасці нас не краналі. А калі якія непрыемнасці і здараліся, запальвалі свячу, маліліся — і ўсё благое адыходзіла», — распавядае жыхарка Басценавічаў.
Пакуль размаўляем, хату паступова запаўняюць удзельніцы абраду. Усяго засталося восем сямей, якія захоўваюць цікавую традыцыю. Як жа стаць удзельніцай таінства? Па-першае, трэба прыбрацца дзяўчынай, бо абрад, як і само свята, жаночае. Насукоўваць, упрыгожваць яе хлопцы не маюць права. Па-другое, трэба прайсці так званае прысвячэнне — «абрачыся», — прынесці каляровую істужку і з гэтым падарункам папрасіць у свячы здароўя сваім блізкім. Грошы ці шыкоўную машыну яна наўрад ці падорыць, а вось нематэрыяльнае жаданне выканае абавязкова.
«Ведаю дзяўчыну, у якой доўга не было дзяцей, — распачынае неверагодную гісторыю Юлія Шумянцава. — Дык пасля таго як яна звярнулася да Варвары, тая праз некаторы час паслала ёй немаўлятка. Чула таксама, што вылечвала яна нават ад анкалогіі. Гэта вам не цуд?»
Загадзя ведаючы, што свяча спаўняе жаданні, я сама прыпасла каляровую стужку.
— Ну, калі можна загадваць жаданне? — з нецярпеннем пытаюся ў гаспадыні.
— Пачакайце, спачатку Варвару трэба пераапрануць, — уціхамірвае мяне Лілія Леанідаўна.
І ВОСЬ жанчыны абступаюць прыгажуню, якая стаіць на прыбраным белым абрусе. Свяча нагадвае чалавека з узнятымі ўгару рукамі. Памеры яе здзіўляюць — «тулава» не менш за сорак сантыметраў. «Кожны год яна патроху абрастае. На гулянне мы прымацоўваем да свячы кавалачак воску. Кажуць, што раней наша Варвара была такая цяжкая, што перавезці яе можна было толькі на кані», — тлумачыць самая старэйшая ўдзельніца абраду Ганна Даўгунова.
— А чаму Варвара — заступніца менавіта жанчын? — працягваю дапытвацца.
— Ходзіць легенда, што некалі ў старадаўнія часы жыла дзяўчына. Яна рана пазбавілася маці. А бацька, каб засцерагчы яе ад старонніх вачэй, пабудаваў мураваную крэпасць. Аднак у Варвары неяк атрымалася прыняць хрысціянства. Бацька неўзабаве даведаўся пра ўчынак дачкі, і тут пачаліся яе пакуты. Пакараў смерцю дзяўчыну сам бацька. Такая сумная гісторыя… Зараз свята, прысвечанае пакутніцы, лічыцца жаночым. Менавіта таму прынята, што ў Варвары просяць дзявочага шчасця, — распавядае жыхарка Басценавічаў Юлія Шумянцава.
Як толькі пачынаецца само таінства, жанчыны гоняць з памяшкання ўсіх мужыкоў — нягожа глядзець на распранутую «жанчыну». Адну за адной сялянкі здымаюць стужкі, а потым і сукенку Варвары. У хаце ўсё ажывае — сяброўкі весела гамоняць, раяцца, у што лепш апрануць прыгажуню. Відаць, што справа для іх знаёмая — у кожнай з жанчын свая місія: адна апранае кашулю, другая — павязвае на паясніцу стужку, трэцяя мацуе вянок.
«Усё, гатова, — урачыста аб’яўляе Таццяна Даўгунова. — Можаце падыходзіць».
Пакрысе свечка абрастае каляровымі ласкутамі — сімваламі самых патаемных жаданняў. Красуецца на ёй і мая стужка.
Але на гэтым абрад не закончаны — трэба наваскаваць свячу. Загадзя падрыхтаваны расплаўлены матэрыял мнуць, скручваюць і налепліваюць на «рукі» Варвары. Пры гэтым Юлія Шумянцава дадае: «Аднойчы здарыўся такі выпадак — адна з удзельніц гуляння самавольна адрэзала кавалак ад свячы. Не занесла воск у царкву, ні з кім не падзялілася (ён спатрэбіўся б на наступны год), а закінула яго на шафу. Праз некалькі месяцаў жанчына памерла…» Гэта гісторыя, па меркаванні вяскоўцаў, даказвае, што да свячы трэба адносіцца з павагай.
Пасля таго як свечка гатова, усе спяваюць псалмы і моляцца Богу, а затым ладзяць святочную вячэру. Жарты, успаміны і нават застольныя песні — тут абавязковы атрыбут. Відаць, што для аднавяскоўцаў абрад — добрая нагода яшчэ раз сабрацца разам і абмеркаваць апошнія навіны. Пасля задушэўных гутарак як па камандзе вясковыя жанчыны ўстаюць з-за стала і спешна сабіраюцца — свячу чакае наступная гаспадыня.
Ідзём праз усе Басценавічы. Новая гаспадыня Варвары Зоя Прылепа жыве на самым ускрайку вёскі. Лілія Леанідаўна перадае свячу сяброўцы. У гэтай хаце яна зноў будзе знаходзіцца цэлы год, і 17 снежня наступнага года абрад паўторыцца. Менавіта ў такім выглядзе свечка застаецца ў хаце Зоі Леанідаўны. Побач з Варварынай свечкай заўжды павінна знаходзіцца ікона святой пакутніцы Варвары.
НА НАСТУПНЫ дзень жанчыны адвозяць свячу ў царкву для асвячэння. Мінулагодняя «вопратка» застаецца ў храме, і любы жадаючы можа, ахвяраваўшы царкве, узяць яе частку для сваёй сям’і. Увечары жанчыны збіраюцца зноў, каб ушанаваць свячу ўжо ў новай хаце. Яна пераходзіць па замкнёнаму колу ў якасці абярэга сям’і, гаспадаркі. Дакладна ведаю — бліжэйшы год хату Зоі Прылепы абмінуць усе беды і напасці, бо ў яе жыве сапраўдная святая Варвара.
Каментарый начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мсціслаўскага райвыканкама Наталлі БІСКУП:
— Такую цікавую традыцыю ўжо каторы год захоўваюць нашы вясковыя жанчыны. У 2010 годзе гэтаму абраду быў нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Такім чынам, мы і спрадвечную традыцыю адраджаем, і міжнародны прэстыж Мсціслаўскага раёна ўмацоўваем. Усё ж гэты абрад становіцца яшчэ адной цікавасцю не толькі для ўнутраных, але і для знешніх турыстаў, якіх на Мсціслаўшчыне становіцца ўсё больш. Паглядзець на свячу часта прыязджаюць цэлымі аўтобусамі, чуткі аб цудадзейнай свячы разносяцца далёка за межы нашага раёна.
bizyk@sb.by
Фота аўтара