З 5,5 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы ў сельгаспрадпрыемстве трэцяя частка — каровы. Гадавы надой на кожную прырастае на дзвесце кілаграмаў і набліжаецца да 6 тон. Штодзённа на Слуцкі сыраробны камбінат адпраўляецца 28 тон прадукту, амаль 90 працэнтаў яго рэалізуецца класам экстра. У тым, што гаспадарка лідзіруе ў раёне па тэмпах росту вытворчасці малака і ялавічыны, заслуга і галоўнага заатэхніка.
Як глыбока не захаваны ў чалавеку талент, але ў свой час ён абавязкова праявіцца. Дзеля гэтага патрэбны адпаведныя ўмовы, важна іх выкарыстаць. Элеанора Аджыгірэй, з якою сустрэліся вясновым днём у залітым сонечнымі промнямі ўздзенскім аграгарадку Возера, задаволена, што займаецца любімай справай. Спачатку была памочнікам начальніка малочна-таварнага комплексу «Дзешчанка». Прафесійныя навыкі, уменне кіраваць людзьмі пераймала ў дырэктара Ігара Малашчыцкага. Выпала маладому спецыялісту папрацаваць супервайзерам на жывёлагадоўчым комплексе ў Англіі.
— У лонданскім аэрапорце мяне сустрэлі, пасялілі ў камфартабельны інтэрнат, — дзеліцца ўражаннямі Элеанора Аджыгірэй. — Азнаёмілі з камп’ютарным працэсам догляду паўтысячнага дойнага статка. Відэакамеры фіксуюць выкананне тэхналагічнага працэсу. Нагрузка на жывёлавода большая, чым у нас, аплата працы пагадзінная. Звышурочная дзейнасць аплачваецца ўдвайне. Камп’ютар фіксуе код з чыпа жывёлы і адпаведна выдае корм. Лініі дакорму пастаянна папаўняюцца фуражом. На жывёл нельга павышаць голас, штурхаць іх ці біць. Пры негатыўных змяненнях у паводзінах падапечных аператыўна праводзіцца назіранне за іх станам, потым на аснове вывадаў прымаецца рашэнне выбракоўкі, ці лячэння жывёл.
— А распарадак працоўнага дня жывёлаводаў значна адрозніваецца ад нашага?
— Дысцыпліна ўсюды ў пашане. Працоўны дзень пачынаецца ў 8 раніцы. Праз кожныя дзве гадзіны пятнаццаціхвілінны перапынак, на абед даецца паўгадзіны. Жывёлагадоўчыя памяшканні размешчаны на ўзбярэжжы Паўночнага мора. Неяк у час перапынку выйшла падыхаць марскім паветрам. Успомніла пра дзяцей і заплакала. Праз нейкі момант да мяне падышлі два паліцэйскія і сталі цікавіцца, што здарылася. Прахожыя заўважылі мае слёзы і выклікалі стражаў парадку. Вось тыя і сталі супакойваць мяне.
Праз паўгода птушкаю ляцела дамоў. Пасля вяртання адразу накіравалася здаваць чарговую сесію на зоаінжынерным факультэце Белдзяржсельгасакадэміі, дзе завочна завяршаю вучобу. У гаспадарцы чакаў сюрпрыз: мяне прызначылі галоўным заатэхнікам. Асноўныя фінансавыя паступленні ў нас ад рэалізацыі малака: штомесячна прадаём больш як на мільён рублёў. Пераважную частку прадукту атрымліваем на двух малочна-таварных комплексах. Побач з цэнтральнай сядзібай — аграгарадком Возера — будуецца МТК на 800 галоў. Да канца года спадзяваемся запусціць яго ў эксплуатацыю, што дазволіць са старых ферм перавесці статак у сучасныя памяшканні.
— Вашы падначаленыя ў асноўным жанчыны, многія з якіх значна старэйшыя за вас. Знаходзіце паразуменне?
— На пачатку былі складанасці. Без заатэхніка жывёлу можна дагледзець, а без даглядчыка ці аператара машыннага даення не абысціся. Жывёлаводы на сучасных комплексах павінны ўмець кіраваць тэхнічнымі сродкамі. Нікога не прымушаю сілай, стаўлюся да кожнага з павагай. Калектыў склаўся дружны, працавіты, таму і вынікі адпаведныя. Пастаянна растуць заробкі.
Калі ў гаспадарцы ўсё ладзіцца, то і святы ў радасць. Нашы ўмовы працы мала чым адрозніваюцца ад тых, што бачыла ў Англіі.Але ў нас чамусьці адчуваецца недахоп жывёлаводаў. Здзіўляе, як раніцай моладзь аграгарадка спяшаецца на прыпынак, каб сесці ў маршрутку і ехаць у сталіцу. Заробкі ў горадзе не большыя, а мо і меншыя, чым у нашай гаспадарцы.
Ушчамляюць сябе ў многім, але працаваць на зямлі лічаць нечым другарадным.
У мяне была магчымасць застацца ў сталіцы. З мужам купілі дом у вёсцы Ялоўка, што побач з цэнтральнай сядзібай нашай гаспадаркі. На падворку гасцявы домік, лазня, невялікая сажалка. У нас падрастаюць дзве дачушкі. Кожны ранак за імі прыязджае школьны аўтобус і пасля заняткаў прывозіць дамоў. Дзеці любяць частавацца малаком казы Машкі. Да падворка падступае лес. Зімою пастаянна прыходзілі да стога паласавацца сенам алені, казулі, ласі. І ў гэтыя вясновыя дні яны завітваюць да нас. Хутка зашчабечуць у садзе пералётныя птушкі.
Жывём у царстве прыроды. Не шкадуем, што выбралі вёску. Мы з мужам родам з палескай вёскі Варацэвічы. Непадалёку ўкраінска-беларуская мяжа, хвалююся за неспакой у паўднёвых суседзяў. Не выпадкова ў нашай краіне аб’яўлены Год міру і стварэння. Кожнаму трэба максімальна займацца стваральнай працай, каб эканамічна мацаваць краіну.— Элеанора Генадзеўна, што вас падштурхнула ў выбары прафесіі?
— У школьныя гады марыла стаць міліцыянерам. Скончыла юрыдычны каледж пры БДУ і два гады працавала сакратаром суда Партызанскага раёна Мінска. Пасля вяселля вырашылі з мужам сваё будучае шукаць у вёсцы. Паступіла на завочнае аддзяленне зоаінжынернага факультэта Белдзяржсельгасакадэміі. Летам завяршаю там вучобу. Вялікае шчасце ў 32 гады мець любімую працу, сям’ю, уласны дом.
— Што параіце тым, хто на парозе выбару жыццёвага шляху?
— Давяраць свайму сэрцу, самому вызначыцца з прафесіяй. Памятаю словы бабулі Аксінні: «Па чужых падказках нічога ў жыцці не даб’ешся, мудры чалавек свае памылкі ўмее ацаніць і паправіць». Дзядуля трымаў каня. Калі бабуля садзілася на вазок, ён прыгожа падаваў руку. Ніколі не чула іх павышаныя галасы. У вечнасць пайшлі адзін за другім. Для мяне яны сталі эталонам сямейных адносін, бо ўмелі і працаваць, і святкаваць.
— З якім настроем сустракаеце 8 Сакавіка?
— З радасным. Штодзень сонца больш шчодра рассыпае промні, прырода абуджаецца. У нашым аграгарадку Возера перад адміністрацыйным будынкам стромкія бярозы ўпрыгожыліся завушніцамі-брунькамі. Вясна нясе нам і клопаты. Як пацяплее, трэба пільна сачыць, каб у траншэях корм для жывёлы не сапсаваўся. Калі справа ідзе спарней, то і свята ў радасць. Шчымліва на сэрцы было, калі пасля нараджэння дачок муж сустракаў мяне ў радзільным доме з букетам кветак. 8 Сакавіка наш дом упрыгожваюць цюльпаны.
— Хто ў вашай сям’і звычайна за плітою?
— Муж, бо ён першым вяртаецца з працы. Неяк прыйшла з дойкі амаль апоўначы, а назаўтра трэба ў 6 гадзін раніцы быць на ферме. Такі рытм напружвае, але інакш пакуль не атрымліваецца. Разумею, дочкам патрэбна ўвага, каза Машка вечарам чакае, хто яе падоіць. Але ў мяне ёсць надзейны тыл.
— Вы чалавек сэрца ці розуму?
— Мазгі выпрацоўваюць стратэгію, а сэрца дыктуе, як паступаць. Сэрцу не схлусіш. Важна быць чэсным у першую чаргу перад сабою, тады і сон спакойны, і ўсё ў жыцці атрымліваецца ладна. Часта ў сне бачу бабулю, для мяне яна засталася светлым агеньчыкам.
— Якою рысай свайго характару ганарыцеся?
— Мэтанакіраванасцю і працавітасцю. Лічу, што гэта атрымала ў спадчыну ад продкаў. Без справы не магу жыць і такімі імкнуся выхоўваць дачушак. Ніколі не лісліўлю, праўду доказна адстойваю. Так складаней жыць, але сумленне не мучыць.
— Верыце ў каханне з першага погляду?
— Для мяне важна, што ў душы чалавека. Зачараваў мяне ў будучым мужы яго унутраны свет. Нам ёсць пра што паразважаць, ён умее выслухаць, адмовіцца ад свайго меркавання і прыняць маё.
— Вы ці вас выбіралі?
— Мела варыянты выбару. Перамогу атрымаў Іван. Бывала, наплывалі думкі: «Мо памылілася?» Раілася з бабуляй і пытала ў яе, чаму ў Івана на першым месцы маці, а не я. Бабуля прасіла пачакаць, стрымлівала, што ўсяму свой час. І вось ён настаў. У чарговую гадавіну вяселля Іван падараваў прыгожы букет і назваў мяне дарагой і любімай жонкай. Шчасце перапаўняла маё сэрца. Патэлефанавала бабулі і абрадавала яе. Прыемна, што дома і на працы мяне чакаюць. Нават каровы на ферме радуюцца, калі прыходжу да іх. Адчуваю гэта па іх вачах. Люблю з імі размаўляць, а яны маўкліва слухаюць мяне. Сям’я і праца мацуюць жаночае шчасце.
subbat50@mail.ru