Летась у гаспадарцы надой ад кожнай з 1800 кароў дасягнуў амаль 8400 кілаграмаў малака, за год валавая вытворчасць яго перавысіла 15 тысяч тон. На малочна-таварным комплексе «Алекшыцы» пераадолены дзевяцітысячны рубеж па надоях. Практычна 80 працэнтаў прыбытку дае жывёлагадоўчая галіна. У гаспадарцы пастаянна дбаюць пра павышэнне прадукцыйнасці дойнага статка і атрыманне прадукту сорту экстра. Такой якасцю рэалізуецца звыш 70 працэнтаў малака. Высокая тэхналагічная дысцыпліна і парадак пануюць на кожнай з сямі ферм. Па праве алекшыцкай візіткай стаў па-сучаснаму абсталяваны комплекс па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы. Па валавой вытворчасці ялавічыны сельгаспрадпрыемства сярод лідараў вобласці і рэспублікі.
Старанне і руплівасць галоўнага заатэхніка гаспадаркі адзначаны медалём «За працоўныя заслугі», ганаровымі граматамі аблвыканкама, прысваеннем звання «Чалавек года Гродзеншчыны».
Мураваны двухпавярховы адміністрацыйны будынак РСУП «Алекшыцы» з усіх бакоў акружаюць разгалістыя дрэвы, убраныя стракатай асенняй лістотай. Цэнтральную сядзібу, забудаваную пераважна катэджамі, перасякае ажыўленая аўтатраса Гродна — Ваўкавыск. На пагорку, у баку ад жылой зоны, узвышаюцца памяшканні адкормачнага комплексу, разлічанага на ўтрыманне 5 тысяч галоў жывёлы. Усяго ў гаспадарцы сем жывёлагадоўчых ферм. Звычайна з наведвання іх пачынаецца працоўны дзень галоўнага заатэхніка Уладзіміра Карытца. На рабочым стале яго, што ў прасторным пакоі на першым паверсе адміністрацыйнага будынка, камп'ютар, без якога сваю працу не ўяўляе. Па старой звычцы Уладзімір Уладзіміравіч не расстаецца і з аб'ёмным штодзённікам.
Узгадваючы пра свае карані, зазірнуў у фаліянт і прачытаў назву канцэнтрацыйнага лагера Хамерштайн, што дзейнічаў у ваенныя гады на тэрыторыі Польшчы. Там загінуў яго дзед Іван Мікалаевіч Карытца. Вядома гэта стала дзякуючы пошукавай рабоце настаўніцы Малабераставіцкай сярэдняй школы Тамары Іванаўны Эйсмант і юных краязнаўцаў з гуртка «Вытокі». Іван Мікалаевіч у перадваенныя гады ўзначаліў арганізаваны калгас у вёсцы Верхаўляны. гітлераўцы, як толькі акупіравалі мясцовасць, адразу ж схапілі трох вясковых актывістаў, сярод якіх апынуўся і старшыня калгаса. Арыштаваных адвезлі на допыт у камендатуру ў суседняе мястэчка Індура. Больш ніякіх звестак пра іх лёс не было вядома. З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі ў навакольных лясах фарміраваўся партызанскі рух. Сяляне пяклі хлеб і разам з іншымі прадуктамі перадавалі народным мсціўцам. Фашысты даведаліся пра сувязь мясцовых жыхароў з партызанамі. Летам 1942 года акупанты ўварваліся ў Верхаўляны і арыштавалі ўсіх мужчын. Жанчын, дзяцей і старых сагналі ў царкву, што стаяла паміж вёскамі Верхаўляны і Горні. На вялікае шчасце, іх выпусцілі, а вёску дашчэнту спалілі.
— Бабулю Наталлю Іванаўну з дваімі малымі дзецьмі на руках прынялі да сябе яе браты, — узгадвае Уладзімір Карытца. — Летам 1944-га пасля вызвалення мясцовасці Чырвонай арміяй усе пяцёра яе братоў пайшлі на фронт. Двое загінулі ў баях з нямецка-фашысцкімі войскамі, што адступалі. У першыя пасляваенныя гады бабуля, як і іншыя аднавяскоўцы, вярнулася ў спаленыя Верхаўляны. Талакою адбудоўвалі сядзібы. Зараз там больш як тры дзясяткі падворкаў. Пра трагедыю сведчыць памятны камень на вясковай вуліцы. На могілках спаленых вёсак у Хатыні выбіта і назва нашай. Дзякуючы пошуку следапытаў праз дзесяцігоддзі пасля заканчэння Вялікай Айчыннай даведаліся пра лёс дзядулі. У школьным краязнаўчым музеі, які Тамара Іванаўна Эйсмант разам з вучнямі стварала доўгі час, сабраны ўнікальныя экспанаты пра гісторыю і людзей нашай мясцовасці. Асобны стэнд прысвечаны слыннаму земляку, доктару гістарычных навук, ганароваму прафесару Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы Сяргею Аляксандравічу Габрусевічу. Ён равеснік майго бацькі Уладзіміра Іванавіча. Няма іх у жывых. Сяргей Аляксандравіч да апошніх дзён не забываў родныя мясціны: прыязджаў да сваякоў, гутарыў з землякамі. Завітваў вучоны і на наш падворак. Бабуля любіла з ім разважаць. Мудрая была жанчына, умела арганізаваць людзей на добрую справу. Запомнілася яе выказванне: «Не рабі пакане рук» — не працуй абы-як, бо давядзецца па некалькі разоў перарабляць і дарма губляць час. Наказвала мне добра падумаць, перш чым брацца за справу. На сенажаці так увіхалася з граблямі, што ні травінкі за ёю не заставалася. Калі канём сцягвалі да стога капіцы, яна ўслед спрытна заграбала рэшткі. На бабуліным падворку заўжды панаваў ідэальны парадак, увесь інвентар стаяў спраўным на вызначаным месцы.
Касіць травы мяне вучыў бабулін стрыечны брат Мацвей Георгіевіч (пашчасціла яму жывым вярнуцца з фронту). Ён замяніў мне роднага дзеда. Сяміручную касу, якую ён зладзіў, і зараз захоўваю на падворку. Застаў і прабабку па лініі бацькі Марфу Іванаўну. Запомніўся яе расповед, як пасля Першай сусветнай вайны з-за эпідэміі ўміралі людзі. Пахавала яна сваю дачку і мужа, а потым і мужавага брата з жонкаю. Круглым сіратою застаўся маленькі пляменнік. Выгадавала хлопчыка, вывела ў людзі. Шмат цікавага пра наш радавод расказваў брат маці. Любіў з ім працаваць на лузе, хадзіць у грыбы, ягады. Само жыццё мяне з малых гадоў прызвычайвала да сялянскай працы.
— Мо гэта і паўплывала на ваш выбар прафесіі?
— Сам вызначыў, чым заняцца. Родныя мясціны для мяне дарагія, а таму з малых гадоў настроены быў не пакідаць іх. Вёска Верхаўляны з усіх бакоў акружана векавым лесам. Здаўных-здаўна ў гэтым маляўнічым куточку жылі мае продкі. Кармілі іх зямля, лес. Бацькі да выхаду на заслужаны адпачынак працавалі ў калгасе. Маці Ніна Іванаўна даіла кароў, а бацька Уладзімір Іванавіч — механізатар. Трымалі гаспадарку. Статак кароў у вёсцы быў невялікі, таму мне, як адзінаму сыну, часта даводзілася адбываць радоўку. Пасу кароў на лузе і назіраю за іх норавам, хто сярод іх лідар. З малых гадоў дапамагаў маці на калгаснай ферме. Даіць кароў навучыўся раней, чым чытаць. Не было цяжарам для мяне цягаць поўныя вёдры з малаком. Трактары і аўтамашыны, на якіх працаваў бацька, менш цікавілі, а ў калгасным статку кожную карову ведаў.
Атрымаў атэстат сталасці ў Малабераставіцкай сярэдняй школе і без ваганняў падаў дакументы для паступлення на зоаінжынерны факультэт Гродзенскага сельгасінстытута. Вучыўся па мэтавым накіраванні ад калгаса. Практычныя заняткі часта ладзіліся на жывёлагадоўчых фермах вядомага гродзенскага калгаса «Верцялішкі», дзе было чаму павучыцца.
Пасля першага курса мяне прызвалі ў армію, служыў у ракетных войсках у Латвіі. Армейскае жыццё многаму навучыла. Адслужыў і вярнуўся ў студэнцтва. Даступна і цікава чытаў нам лекцыі прафесар Вітольд Казіміравіч Песціс. Вялікую ўвагу ён надаваў практычным заняткам. Вучыліся даглядаць жывёлу, распрацоўвалі рацыён кармлення, запаўнялі дакументацыю. Усё гэта потым спатрэбілася ў практычнай дзейнасці.
— З чаго яна ў вас пачалася?
— З падмены водпускаў загадчыкаў жывёлагадоўчых ферм. У нашай гаспадарцы яны былі ў вёсках Вольні, Жукевічы, Малыя Эйсманты, Падбагонікі, а ў Алекшыцах таксама жывёлагадоўчы комплекс і свінаферма. Некаторыя з іх значна аддалены ад цэнтральнай сядзібы. Рана ўставаў і позна вечарам вяртаўся дамоў. Прызвычайваўся да людзей у калектывах, кожнага жывёлавода ведаў. Шмат дапамагаў мне, раіў як паступаць тагачасны старшыня алекшыцкага калгаса Уладзімір Ігнатавіч Лябецкі. Побач з цэнтральнай сядзібай гаспадаркі пабудавалі адкормачны комплекс, там стаў працаваць заатэхнікам.
— У гады маладыя, пэўна, у сэрцы закіпалі і пачуцці?
— У нашых Верхаўлянах клуба не было, а таму з навакольных вёсак моладзь збіралася на танцы ў Алекшыцы, Малую Бераставіцу. Увечар сябры лёталі на матацыклах па гулянках. Такой раскошы сабе не мог дазволіць. Але, канешне, марыў пра сям'ю. Жонкай стала жанчына, у якой было трое дзяцей. Нарадзіўся і ў нас хлопчык. Сямейнае жыццё неяк не склалася. Не суджана. Рассталіся мірна. Нашаму сыну Сяргею тады споўнілася дзесяць гадоў. З малым вярнуўся да бацькоў. Ён скончыў школу, атрымаў прафесію слесара. Працуе на БЕЛАЗе, у яго ўжо свая сям'я. Блізкімі сэрцу сталі мне жонкіны дзеці. Выраслі яны і раз'ехаліся па Беларусі, але не забываюць, наведваюцца ў госці. З другой жонкай Людмілай Канстанцінаўнай заўсёды ім рады. Працуе яна ў бухгалтэрыі гаспадаркі. Так сталася, што аўдавела, засталася з сынам Аляксандрам і дачкой Наталляй. Прыняла мяне ў сваю сям'ю. Жывём дружна, падрастаюць унукі. У нас прасторны дом з усімі выгодамі (атрымалі ад гаспадаркі), невялікі агарод, некалькі садовых дрэў. Раней, калі складана было выжываць, у хляве стаялі дзве каровы, свінні. У Алекшыцах налічвалася больш за паўтары сотні прыватных кароў, а цяпер зусім няма. Адпала неабходнасць гаспадарам трымаць жыўнасць. У магазінах шырокі выбар прадуктаў. Сярэднямесячны заробак па гаспадарцы перавышае 1600 рублёў.
У нашым калектыве шмат моладзі. Усе, хто мае патрэбу ў жыллі, атрымліваюць яго. Вось і зараз узводзіцца чатырохкватэрны будынак.
— Як даўно кіруеце зоатэхнічнай службай гаспадаркі?
— Так сталася, што двойчы быў абраны на гэту пасаду. Пасля другога прызначэння больш за дзесяць гадоў нязменна галоўны заатэхнік. Жывёлагадоўля — асноўная дзейнасць гаспадаркі. Доўгі час узначальвае калектыў Валерый Палюкевіч, клапатліва і ўважліва адносіцца да людзей. З года ў год гаспадарка развіваецца. Па вытворчасці ялавічыны ўпэўнена трымаемся сярод лепшых калектываў рэспублікі. Наш комплекс па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы адзін з найбольш паспяховых у краіне, дае палову грашовага абарачэння.
— Уладзімір Уладзіміравіч, ваша гаспадарка адной з першых на Гродзеншчыне занялася вырошчваннем абердзін-ангускай мясной пароды буйной рагатай жывёлы. Ці апраўдвае сябе гэты накірунак у жывёлагадоўлі?
— Дзесяць гадоў таму завезлі невялікі статак каштоўнай мясной пароды, якая адрозніваецца хуткай спеласцю, прыбаўленнем у вазе. Жывёла паспяхова акліматызавалася. У мацярынскім гурту амаль паўтары сотні галоў, больш за
200 цялят. Пасуцца яны круглыя суткі за вёскай Малыя Эйсманты. Цялушачак гадуем для папаўнення племяннога статка, а бычкоў адкормліваем. Вялікага прыбытку ад вырошчвання гэтай пароды пакуль не атрымалі: для рэалізацыі кормнікаў такой пароды павінны быць больш высокія расцэнкі. Мармуровая ялавічына запатрабавана на спажывецкім рынку.
Найлепш справы ідуць у малочнай галіне. Некалькі гадоў запар на Міжнароднай спецыялізаванай выставе «Белагра» нашы дойныя каровы адзначаліся дыпломамі: па прадукцыйнасці двойчы займалі першыя месцы і адзін раз — трэцяе. Дарэчы, карова-рэкардсменка найбольшы перыяд выкарыстоўвалася ў гаспадарцы.
— Якімі клопатамі жывяце ў гэтыя асеннія дні?
— Спраў хапае. Важна паспець падрыхтаваць жывёлагадоўчыя памяшканні да зімовага перыяду. Трымаю на кантролі нарыхтоўку кармоў. Зараз якраз самы сезон закладкі кукурузнага сіласу. Амаль на паўтары тысячы гектараў трэба будзе скасіць зялёную масу. На ўмоўную галаву жывёлы назапашана звыш 30 цэнтнераў кормаадзінак. Завяршаем чацвёрты ўкос люцэрны. Пасля далучэння суседняй гаспадаркі «Канюхі-агра» ў нас стала сем жывёлагадоўчых ферм, 10 500 галоў буйной рагатай жывёлы. Пасля пашырэння памераў гаспадаркі агульныя вытворчыя паказчыкі знізіліся. Трэба прыкласці шмат намаганняў, каб вярнуцца на былыя рубяжы. Затое павялічылася валавая вытворчасць прадукцыі.
— Як удаецца дабіцца высокіх вытворчых паказчыкаў?
— Рацыён жывёлы абагачаем бялкова-вітаміннымі дабаўкамі, балансуем яго для больш эфектыўнага выкарыстання. Закупляем сланечнікавы і соевы шроты, жмых рапсавы, кармавыя дрожджы. Па дамоўленасці з мабільным камбікормавым заводам у вызначаныя дні прыязджае спецыялізаваная аўтамашына і на месцы вырабляе камбікармы. У перспектыве намераны набыць такую тэхніку, каб знізіць затраты на вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі. Спадзяваемся сёлета ад кожнай з 1800 кароў атрымаць звыш 9 тысяч кілаграмаў малака. І надалей плануем развіваць гэту галіну. Побач з вёскай Падбагонікі будуем комплекс на 777 кароў, праз год пачне дзейнічаць— не будзе калі сумаваць. Радуе, што запатрабаваны ў працы. Гэта надае жадання дабівацца новых поспехаў.
— Уладзімір Уладзіміравіч, а хто ваш кумір?
— Мо гэта і надта пафасна, але шчыра скажу: мяне натхняе сваёй працавітасцю і адданасцю справе наш Прэзідэнт. Ганаруся ім. Кіраваць краінай у час прынятых супраць нас санкцый, калі побач зарыва вайны, надзвычай складана. Надалей мудрасці і здароўя Аляксандру Рыгоравічу! Вялікае шчасце, што над намі мірнае неба, на стале наш беларускі хлеб і да хлеба. Дай бог, каб такой краіну мы перадалі нашчадкам.
— Поспехаў вам, паважаны Уладзімір Уладзіміравіч, і ўсяму вашаму працавітаму калектыву!
subbat50@mail.ru