Фіктыўныя беспрацоўныя

Гродзеншчына даўно ўзялася за «забяспечаных» беспрацоўных

Грамадзяне працаздольнага ўзросту, якія не працуюць, павінны кампенсаваць частку выдаткаў дзяржавы, найперш у сацыяльнай сферы

Сёння ў Беларусі абмяркоўваюцца змяненні ў дзеючае заканадаўства аб увядзенні падатку з «беспрацоўных», згодна з якімі грамадзяне, якія фіктыўна не працуюць, павінны будуць заплаціць даволі значны штогадовы падатак.

Памятаеце, у савецкія часы грамадства даволі строга ставілася да ўсялякіх дармаедаў: як мінімум, маглі пятнаццаць сутак даць. У найноўшай беларускай гісторыі ў адносінах да сучасных лайдакоў і прайдзісветаў вырашаецца пытанне прымусовага пакарання рублём. Справа ідзе аб увядзенні падатку для грамадзян, якія не ўдзельнічаюць у фарміраванні даходнай часткі бюджэту шляхам выплаты падаткаў, паколькі нідзе фармальна не працуюць. Пры гэтым яны актыўна карыстаюцца ўсімі сацыяльнымі дабротамі, што фінансуюцца з бюджэту.

На думку спецыялістаў, грамадзяне працаздольнага ўзросту, якія не працуюць, павінны кампенсаваць частку выдаткаў дзяржавы на сістэму аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, грамадскага транспарту і гэтак далей. Мяркуецца, што памер падатку складзе каля 2,6 мільёна рублёў (крыху больш за 200 тысяч штомесячна). Аднак пакуль невядома, згодна з якімі крытэрыямі вызначаць падобных плацельшчыкаў і як гэты механізм будзе працаваць. Цяпер гэта заканадаўчая ініцыятыва абмяркоўваецца і разглядаецца ў розных зацікаўленых інстанцыях краіны.

Па сутнасці, даведацца пра «патрэбных» беспрацоўных, з якіх можна вылічыць пэўную суму грошай, не складзе асаблівай цяжкасцi. З нядаўняга часу за так званых «беспрацоўных» сур’ёзна ўзяліся гродзенскія падаткавікі. Яны выкрываюць сакрэты дабрабыту грамадзян, якія, не маючы пастаяннага месца працы і не займаючыся прадпрымальніцкай дзейнасцю, набываюць дарагія машыны, кватэры, ездзяць адпачываць на дарагія замежныя курорты. Цяпер падобным грама-дзянам трэба будзе даказаць, што ўсё гэта «звалілася з неба» альбо знайшоўся багаты і добры дзядзька, які падарыў пэўныя «скарбы». Ёсць у спецыялістаў па падатках і звесткі аб рэкардсменах па колькасці перамяшчэнняў цераз мяжу. Людзі гэтыя афіцыйна нідзе не маюць рабочых месцаў… На самай справе кожны з іх працуе толькі на сябе — адсюль і жаданне як мага часцей ездзіць за мяжу, каб пакласці ў кішэню запаветныя «зялёныя», што не абкладаюцца падаткам. Па апошняй інфармацыі УУС, такіх у Гродзенскай вобласці больш за 18 тысяч.

З аднаго боку, кожны сам павінен выбіраць, як і на што яму жыць. З другога — у гэтай сітуацыі зразумелая і пазіцыя дзяржавы: хто не працуе, той не павінен карыстацца агульнымі сацыяльнымі дабротамі. Бо дзеці фіктыўных беспрацоўных ходзяць у дзіцячы садок, вучацца ў школе, абслугоўваюцца ў паліклініках і бальніцах. Плануецца, што фінансавыя паступленні ад згаданых дармаедаў будуць накіроўвацца на падтрымку сацыяльнай сферы Беларусі. У сённяшняй складанай эканамічнай сітуацыі дзяржаве неабходна знайсці дадатковыя крыніцы даходаў для папаўнення бюджэту. І калі выключыць з выплаты падатку такія грамадскія групы, як хатнія гаспадыні з малымі дзецьмі, людзі з абмежаванымі магчымасцямі ды іншыя катэгорыі незанятых, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы, застаюцца толькі тыя, хто зарабляе грошы нелегальна.

Дарэчы, фіктыўнымі беспрацоўнымі ў Гродне часцей аказваюцца мужчыны сярэдняга ўзросту з агульнай сярэдняй адукацыяй (63 %). Па апошніх звестках, у абласным цэнтры на ўліку стаіць больш за тысячу беспрацоўных (1027 чалавек), прычым вакантных працоўных месцаў больш за 2500. Часцей за ўсё тут «асядаюць» цяжарныя жанчыны, шматдзетныя маці, пастаяльцы лячэбна-працоўных прафілакторыяў, маладыя спецыялісты без вопыту работы (для апошніх распрацавана спецыяльная маладзёжная праграма). Пры гэтым ад 2,5 да 3 тысяч чалавек знаходзяцца ў актыўным пошуку працы самастойна праз электронныя базы даных.

У рэгіянальным цэнтры занятасці расказалі, што попыт на працоўную сілу захоўваўся на высокім узроўні ўвесь бягучы год. Праўда, ёсць пэўны дысбаланс попыту і прапановы рабочай сілы. У сувязі з адкрыццём новых гандлёвых аб’ектаў адзначаецца павышаны попыт на спецыялістаў у галіне гандлю і грамадскага харчавання: у дэфіцыце кваліфікаваныя прадаўцы, кантралёры-касіры, кухары і афіцыянты. Таксама павышаным попытам карыстаюцца спецыялісты будаўнічага профілю, а таксама токары, аўтаслесары, вадзіцелі, швачкі.

А вось попыт на спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй на рынку працы абласнога горада стабільны і захоўваецца ў межах 400—500 вакансій. У Гродне з-за невысокай заработнай платы пастаянна патрабуюцца інжынеры, бухгалтары, выхавальнікі дзіцячых дашкольных устаноў, медыцынскія сёстры. Па словах спецыялістаў цэнтра занятасці, калі чалавек хоча знайсці працу, то зробіць гэта на працягу тыдня. Праца ёсць — няма жадаючых працаваць. 

-----------------------------------------

Віктар РЫНКЕВІЧ, начальнік упраўлення падаткаабкладання фізічных асоб ІМПЗ Беларусі па Гродзенскай вобласці:

 На сённяшні дзень у Гродзенскай вобласці ўжо ёсць спіс «забяспечаных» беспрацоўных. Зараз вядуцца актыўныя праверкі па гэтым спісе, каб высветліць, адкуль чалавек бярэ грошы на дарагія пакупкі. У гэтых грамадзян мы патрабуем дэкларацыі аб даходах, толькі за апошні час мы праверылі каля 200 чалавек, якім дадаткова налічана больш за паўмільярда рублёў плацяжоў. Хто будзе займацца іншымі катэгорыямі беспрацоўных, пакуль гаварыць рана.

Вольга СТРАЖНЁВА, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага гарвыканкама:

 Упэўнена, што падобны дакумент наспеў і дзяржава дзейнічае вельмі своечасова. Але адна справа — змагацца з асацыяльнымі элементамі, якіх трэба прымусіць працаваць. Мы шукаем іх праз розныя інстанцыі, а вынікаў дамагчыся вельмі складана. А зусім іншае — узяць падатак з нелегальнага «бізнесмена», які працуе толькі на сябе, аднак карыстаецца тымі ж сацыяльнымі дабротамі, што і ўсе законапаслухмяныя падаткаплацельшчыкі. Па сутнасці, ім давядзецца заплаціць не надта вялізную суму. Акрамя таго, вырашэнне гэтага пытання дазволіць выявіць тайную частку працоўнага рэсурсу. Не сакрэт, што некаторыя маладыя людзi, «якія не знайшлі сябе ў жыцці», жывуць за кошт бацькоў. Рана ці позна яны прыйдуць да нас. Думаю, што згаданы дакумент будзе прадуманы і дапрацаваны. Напрыклад, калі паспяховы бізнесмен хоча, каб яго жонка не працавала, а «сачыла за домам», то ён знойдзе сродкі для выплаты падатку. А колькі грамадзян працуе за мяжой, на рынках без афармлення дакументаў. Куды яны ад падаткаў падзеліся?

Дзмітрый ЛІТВІНСКІ, рабочы ААТ «Хімвалакно»:

— Вельмі правільнае рашэнне. Вось калі адукацыя і медыцына будуць выключна платныя, паслугі ЖКГ не будуць датавацца і складуць 100 % — тады можна і не працаваць афіцыйна. Так што «свабодным бізнесменам» давядзецца падзяліцца з грамадствам.

А ў цэлым толькі сляпы не бачыць, як змяніўся Гродна апошнім часам: складваецца ўражанне, што людзі лётаюць у аблоках і лічаць, што дзяржаве ўсё даецца бясплатна. Але можа быць і такая сітуацыя, што ўсе гэтыя «асобы» пабягуць у цэнтр занятасці і зарэгіструюцца як беспрацоўныя, папрацуюць пару дзён і звольняцца, а затым зноў зарэгіструюцца. Лішні галаўны боль для ўсіх. Яны будуць шукаць любую магчымасць, каб не плаціць…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter