Пра выпяканне бліноў ды спальванне пудзіла ведаюць усе. А што наконт “Пахавання Дзеда” або “Прывязвання калодкі”? Лакальныя масленічныя традыцыі і сёння захоўваюцца ў некаторых куточках краіны. Для ўсходніх палескіх рэгіёнаў, да прыкладу, характэрна традыцыя “пакарання” на Масленіцу тых, хто мог узяць шлюб за год, але гэтага не зрабіў. Хлопцам-“перастаркам”, якія не ажаніліся, прывязвалі да нагі імправізаваную “калодку” — яе ролю маглі выконваць палка, стужачка або цукерка. А дзяўчатам завальвалі хату ступай. Пазначаныя такім чынам маладыя людзі павінны былі “праставіцца” вяскоўцам.
У адным з раёнаў Віцебшчыны па вёсцы насілі жывога пеўня. Яму звязвалі крылы і падвешвалі птушку на палку. З пеўнем, які кукарэкаў на ўсю вёску, хадзілі ад двара да двара, збіраючы людзей на супольнае святкаванне Масленіцы. Больш распаўсюджанай была традыцыя качаць калодку. Яе чаплялі на вяроўку і цягнулі ад хаты да хаты. Калі калодка з’яўлялася перад дзвярамі хаты, гаспадыня ставіла на яе бутэльку, а пасля і сама далучалася да грамады.
Да сённяшняга часу на Падняпроўі існуюць звычаі “трэсці падушкі” або “разуваць маладуху”, калі грамада замужніх кабет прыходзіць у госці да маладухі, каб прыняць яе ў сваю кампанію.
mila@sb.by
Фота БЕЛТА