2017 год пройдзе ў краіне пад знакам 500-годдзя беларускага кнігадрукавання
Друк — са Скарынавых рук
У 2017 годзе ў “Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі” пабачыць свет энцыклапедыя “Францыск Скарына і яго паслядоўнікі”. Выдавецкі дом “Звязда” прадоўжыць аўтарскую серыю “У пошуках страчанага” вядомага філакартыста Уладзіміра Ліхадзедава: рыхтуецца альбом “Шляхамі Францыска Скарыны”. Пад адной вокладкай будуць сабраны рэпрадукцыі старых паштовак ды іншы ілюстрацыйны матэрыял, які раскажа пра мясціны, звязаныя з першадрукаром, пра адрасы яго памяці.
Адмысловую кнігу падрыхтавала і выдавецтва “Мастацкая літаратура”: лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь паэт і перакладчык Алесь Разанаў перастварыў са страбеларускай мовы тэксты самога першадрукара. Руплівец і сабраў іх у кнігу Францыска Скарыны “Маем найбольш самі”. Яшчэ ў “Мастацкай літаратуры” цяпер да друку рыхтуецца кніга “Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка” ў серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”. Скарынаўская тэма знойдзе адлюстраванне і ў іншых кнігах гэтага выдавецтва — зборніку “Полаччына літаратурная” і альбоме “500 гадоў беларускага кнігавыдання”, які рыхтуецца сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.