У суботу, 18 лістапада, у аграгарадку Адэльск Гродзенскага раёна пройдзе абласное свята млынароў. Яно стане юбiлейным – дзесятым, паведаміла намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч. Яго работнікі культуры адрадзілі ў 2013 годзе.
– Госці змогуць даведацца пра гісторыю млынарства і адэльскіх вятракоў, убачыць усё, што звязана з традыцыямі і тэхналогіямі вырабу хлеба – ад апрацоўкі і памолу збожжа самымі старымі спосабамі да выпечкі духмяных караваяў і сапраўднага хлеба, – адзначыла спецыяліст. – Асаблівай атмасферы свята будуць садзейнічаць традыцыйнае шэсце і вясёлы воз з музыкамі на чале з Мар’янам Скрамблевічам, дэфіле гаспадынь-каравайніц і млынароў Гродзеншчыны, прэзентацыя «Ручніка Гродзенскай вобласці» і маляўнічы тэатралізаваны пралог.
Гасцей за «Сталом адзінства і сяброўства» чакаюць смачныя пачастункі і дэгустацыя адэльскіх традыцыйных страў, якія ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Таксама пройдзе вялікая выстава рамеснікаў, дзе можна будзе набыць шмат сапраўдных беларускіх сувеніраў, паўдзельнічаць у майстар-класах ад лепшых майстроў-рамеснікаў Гродзенскага раёна, якія пакажуць тонкасці сваёй працы.
Для ўсіх гасцей свята будуць працаваць розныя лакацыі: міні-экспазіцыя ў музейным пакоі па вышыўцы; экспазіцыйна-тэматычныя падворкі ўстаноў культуры Гродзенскага раёна; «Лекавы дворык» з дэгустацыяй духмянай гарбаты з капцёўскіх зёлак; фотавыстаўка «Смачна есці!» – адэльскія прысмакі і носьбіты кулінарных традыцый у фотаздымках; музей пад адкрытым небам – двор млынара.
Аматараў народных танцаў чакае раённы конкурс «Танцы ў стылі этна», а народнай музыкі – экскурсія ў музей Мар'яна Антонавіча Скрамблевіча і яго майстар-класы. А што за свята на вёсцы без музыкаў?
– Раней музыкі-самародкі (гарманісты, скрыпачы, цымбалісты, дудары) лічыліся ў вёсцы самымі ганаровымі жыхарамі, былі запатрабаваны амаль што кожныя выхадныя, – адзначае Наталля Рамановіч. – Калі не ігралі на вячорках ці на танцах у клубе, то былі на вяселлях, якія не абыходзілiся без вясковых музыкаў. А ўзровень сямейнага свята ацэньвалі не па тым, наколькі багаты быў стол ці падарункі маладым, а па тым, якія музыкі іграюць на вяселлі.
У Адэльску выступяць народны аматарскі калектыў ансамбль народнай песні «Жытніца» з Ашмян, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль танца «Крыжачок» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта з Мінска і народны ансамбль бытавых інструментаў «Каханачка» з аграгарадка Мажэйкава Лідскага раёна.
Фота з архіва Наталлі Рамановіч