Супрацоўнікі музея «Замкавы комплекс «Мір» распрацавалі для гасцей незвычайны квэст пад назвай «Таямніца двух куфраў». Арганізатары прапаноўваюць удзельнікам прайсці выпрабаванні і разгадаць таямніцу князёў Радзівілаў.
Перадгісторыя такая. Падчас правядзення рамонтных работ уладальнік Мірскага замка князь Міхаіл Мікалаевіч Святаполк-Мірскі знайшоў стары куфар, які на працягу некалькіх стагоддзяў знаходзіўся ў адным са склепаў. З запіскі, знойдзенай побач з куфрам, вынікае, што гэты скарб схаваў князь Караль Станіслаў Радзівіл Справядлівы падчас вайны са шведамі. Нягледзячы на ўсе намаганні, у князя Міхаіла не атрымоўваецца адкрыць куфар, таму ён запрашае гасцей, каб яны дапамаглі разгадаць таямніцу князёў Радзівілаў.
Што чакае ўдзельнікаў квэсту? Яны павінны будуць дапамагчы повару прыгатаваць унікальную страву для князя, сустрэцца з княгіняй Марыяй Гогенлоэ-Шылінгсфюрст і паслухаць аб яе захапленнях, пагутарыць з жабрачкай, якая раскажа пра сумныя падзеі Паўночнай вайны. І гэта яшчэ не ўсе сюрпрызы, якія арганізатары падрыхтавалі для гасцей. Гульня разлічана на адначасовы ўдзел ад 10 да 50 чалавек. Па набытых білетах на квэст можна будзе таксама самастойна азнаёміцца з пастаяннай экспазіцыяй музея. Бліжэйшыя даты правядзення квэсту — 12 і 26 верасня.
mila@sb.by
Фота Вольгі Аляксандравай