Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.
У беларускім алфавіце гукі [д], [дз] і [дж] традыцыйна пазначаюцца як Д д (ДЖ дж) (ДЗ дз). Пры размяшчэнні слоў у алфавітным парадку дж і дз разглядаюцца кожная як дзве літары. У слоўніках лексемы з пачатковымі дж і дз падаюцца пад літарай д. Перад намі так званыя афрыкаты — зычныя, злітнае вымаўленне якіх дае адпаведны гук. Да афрыкат адносяцца ч (з [т]+[ш]), ц (з [т] + [с]), англійскае j (з [д] + [ж]), нямецкае
(з [т] + [с]).
Афрыкаты могуць пазначацца адной літарай ці дзвюма. У англійскай мове выкарыстоўваюцца, напрыклад, дыграфы th, ch, sh, oo, qu, існуюць трыграфы — eau ў французскай, sch у нямецкай. Апошніх шмат у кірылічных алфавітах: абазінскім (Гъв, Гъь, ГІв, Джв, Къв, Къь, Кiв, Хiв, Чiв), адыгейскім, кабардзіна-чаркескім (Джь, Гъу, Дзу, Жъу, Тiу, Хъу; Кхъ, Къу, Кiу). Больш таго, у некаторых азбуках выкарыстоўваюцца тэтраграфы: у кабардзіна-чаркескай (Кхъу), аварскай (КIкI, ЦIцI, ЧIчI), лакскай (Хьхь) і інш. Найбольш вядомым тэтраграфам ці тэтраграмай (тэтраграматонам) з’яўляецца чатырохлітарнае невымаўляльнае ўласнае імя Бога. Па-лацінску яно падаецца як YHWH або JHWH (Яхве, Іегава).
Кароткі экскурс у гісторыю літар абвяргае, здавалася б, просты і зразумелы прынцып, прыхільнікаў якога было нямала: аднаму гуку — адна літара. Калі мы надалі б кожнаму гуку асобную літару, то апошніх стала б значна болей.
Афрыката дз у роднай мове пазначае складаны гук, які абазначаецца дзвюма літарамі. Вось чаму ў новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” прынята наступная норма: калі імя або імя па бацьку пачынаецца з дыграфа Дз, то ініцыялам выступае толькі літара Д: Дзмітрый Дзмітрыевіч — Д.Д.
Напісанне літар д і т у словах славянскага паходжання амаль не выклікае пытанняў. Трэба толькі ведаць, што на стыку марфем — прыстаўкі і кораня, кораня і суфікса — чаргавання [д], [т] з мяккімі [дз’] [ц’] не назіраецца. Гэта датычыць прыставак пад-, ад- і суфікса -ств-: аддзячыць, адвезці, падвесці, падвяду і на ваяводстве, у грамадстве.
Перад суфіксам -ск- застаецца спалучэнне літар дс: гарадскі, грамадскі, суседскі, галандскі, самаркандскі, тады калі перад такім жа суфіксам спалучэнне тс пераходзіць у ц: брацкі (з брат + ск-і), салдацкі (з салдат + ск-і), старасвецкі (старасвет + ск-і).
Дзеканне і цеканне найбольш паслядоўна праяўляюцца ў спрадвечна беларускіх словах: вадзяны, чысціня, зацвярдзець, ачарсцвець, бацвяны, здранцвець, цвёрды, цвік, цвінтар, чацвер і інш.
Звернем увагу на слова пацвердзіць, напісанне якога часта выклікае цяжкасці: спрацоўвае памылковая для нашай мовы мадэль пад+цвердзіць. Правільна: пацвердзіць (думку).
Як ужо не раз адзначалася, правапісныя клопаты прыносяць запазычаныя словы.
У запазычаных словах, а таксама ў вытворных ад іх цвёрдыя д, т, як правіла, пішуцца нязменна: рэйсфедар, дэлегат, дэманстрацыя, медыцына, апладысменты, індык, літаратура, майстар, матэрыял, універсітэт, кватэра, тэхніка, тыраж, скептык, ерэтык, пластык, тэарэтык, авантура, дыктатура, акадэмік, акрэдытыў, актыўны, артылерыя, артыст, артэкавец, артэрыя, асістэнт, атэізм, аўтарытэтны, гіпатэнуза, гіпотэза, граматыка, дызайнер, дыктант, дыктар, дыліжанс, дынама, дыпламант, дыпламатыя, дырыжор, дысананс, дыскатэка, дысертацыя, дэкада, дэкальтэ, дэкан, дэкарацыя, дэлегат, дэрматыт, стэнаграма, стэнд, традыцыйны, тыпаж, тытул, тэарэма, факультэт, фанетыка, семантыка, кінетыка, фестываль, фіктыўны, дагматыка, лагатып і інш. Наглядаецца тэндэнцыя да цвёрдага вымаўлення д і т у падобных запазычаннях.
Перад суфіксамі і спалучэннямі суфіксальнага паходжання
-ін-, -ір-, -ік-, -ёр-, -еец, -ейск- у словах іншамоўнага паходжання, а таксама ў словах, вытворных ад іх, [д] і [т] чаргуюцца з [дз’], [ц’], што і адлюстроўваецца на пісьме: сульфіды — сульфідзін, каманда — камандзір, індзеец, індзейскі (але: Індыя — індыец, індыйскі, індыйцы), гвардыя — гвардзеец, гвардзейскі, мантаж — манцёр, манціроўка, манціровачны, білет — білецёр, білецік, эпізод — эпізодзік, жакет — жакецік, акрыдзін, акцін, амплідзін, астацін, бландзін, вацін, дэрмацін, каранцін, леваміцэцін, нейтрадзін, панкрэацін, пекцін, пласціна, сацін, серпанцін, амнісціраваць, арыенціроўка, бамбардзір, брыгадзір, інвесціраваць, каман-дзіроўка, карэкціроўшчык, скан-дзіраваць, складзіраваць, шту-дзіраваць, аксідзіраваць, зан-дзіраваць, дэкаціраваць, юсці-раваць, дыфундзіраваць, акцёр, бронетранспарцёр, бузацёр, гімнасцёрка, грэнадзёр, імпарцёр, кінаакцёр, марадзёр, мушкецёр, парламенцёр, рэпарцёр, белагвардзеец і інш.
Асаблівай увагі заслугоўвае суфікс -ік-, які прыўносіць у слова памяншальна-ласкальнае значэнне: мосцік, годзік, коцік, хвосцік, Фядоцік, дзоцік, градзік. Шмат запазычаных слоў утрымліваюць аманімічны суфікс -ік-/-ык- з іншымі значэннямі: флегматык, скептык, лагістык; парадыгматыка, сінтагматыка, эпідэгматыка, матэматыка, эстэтыка; аўтэнтык. Традыцыйна і вымаўляецца, і пішацца: лунацік, масціка.
Правапіс некаторых слоў трэба вызначаць па слоўніку: арцішок, арцель, бардзюр, мундзір, гасцініца, дзюна, дзюшэс, накцюрн, цір, цітр, эцюд, цюль, нацюрморт, уверцюра, цюркскі, цюльпан.
N.B. Заўважым, што ў часопісе “Роднае слова” падаецца некарэктнае напісанне слова арцішок: на 51-й старонцы — арцішок, а на 52-й — артышок (№ 5, с. 51—52). Перавагу трэба аддаць напісанню, пададзенаму ў “Правілах”, зацверджаных законам (пункт
6 параграфа 12).
Пашыраецца напісанне д і т перад суфіксамі -ыст-, -ынг-,
-ызм-: авангардыст, мітынг, дагматызм.
Зычныя д, т або дз, ц пішуцца ў адпаведнасці з беларускім літаратурным вымаўленнем ва ўласных імёнах і назвах: Дадэ, Дэфо, дэ Бальзак, Дэтройт, Тэлаві, Атэла, Тэвасян, Тэкля, Тэкерэй, Тэрэза, Шаптыцкі, “Юманітэ”, Дзяніс, Гарыбальдзі, Дзвіна, Дзясна, Барадзіно, Уладзівасток, Градзянка, Плоўдзіў, Хрысціна, Цютчаў, Кацюбінскі, Вучэціч, Целяханы, Цімкавічы, Ціхвін, Быцень, Церак, Цюмень, Цюрынгія, Гаіці, Палесціна, Поці, Таіці і інш.
Мушу адзначыць, што імёны ўласныя заўсёды выклікалі пэўныя цяжкасці ў напісанні дз і ц, таму што чаргаванне [д] і [т] з [дз’], [ц’] не адносіцца да ўніверсальных фанетычных з’яў. Правапіс такіх слоў трэба вызначаць па слоўніку.
Прывітанне! Нядаўна пабачыў новы надпіс на лагатыпе хакейнага “Дынама” — “Дінамо”. Скажыце, калі ласка, на якой мове гэта напісана?
Андрэй АСМАЛОЎСКІ, “Камсамольская праўда”
— Такі надпіс ні ў якія правілы — ні ў рускія, ні ў беларускія — не ўкладваецца. Парушаецца асноўнае правіла перадачы на пісьме мяккага гука [дз], пра абазначэнне якога мы гаварылі. У прапанаваным выглядзе яго проста не існуе. Па-беларуску правільна: “Дынама”, па-руску: “Динамо”. Ніякай “мадэрнізацыяй брэнда” апраўдаць наўмысную памылку нельга. Калі да такога наймення падыходзіць з гледжання лінгвістыкі і культуры маўлення, то перад намі так званы варварызм, калі змешваюцца напісанні дзвюх моў. Варварыстычных назваў сёння, на жаль, шмат: назвы рэстаранаў, кафэ, фірмаў, клубаў... Не думаю, што такім чынам можна павысіць прэстыж клуба ці прыцягнуць увагу аматараў хакею.
Добры дзень! Ці патрэбны пераклад на беларускую мову прозвішча Толстой. Як правільна? Таўстой, Тоўсты, Таўсты? Дзякуй.
irikiz
— Падобныя рускія прозвішчы павінны перадавацца максімальна блізка да аўтэнтычнага напісання і не падлягаюць перакладу. Уявіце сабе, што пераклад магчымы. Тады Джонсан стаў бы сынам Джонса (!), Бурак — Свёклой (!), Благой — Дрэнным (!). Сярод прапанаваных варыянтаў правільнага няма. Нармаваная форма: Талстой.