Сёння, напэўна, няма ў горадзе аўтааматара, якога не хвалявала б праблема парковачных месцаў. Часам паміж тымі, хто жадае прымасціць сваё аўто на зручны пятачок, успыхваюць сваркі і нават сапраўдныя бойкі. Пілотны праект, які рэалізуецца ў раёне вуліц Варанянскага – Чкалава – Авакяна, прызваны ўпарадкаваць стыхійныя паркоўкі і знайсці кампраміс паміж прыезджымі і жыхарамі двароў. Ён прадугледжвае стварэнне платных месцаў на вуліцы і кантроль за становішчам на ўнутрыдваровай тэрыторыі. Карэспандэнт «Р» разбіралася ў нюансах паркоўкі па новых правілах.
— Жыхары дамоў, размешчаных у межах названых вуліц, самі звярнуліся да нас па дапамогу, — уводзіць у курс Алег Ляшчынскі, дырэктар ДУ «Паркоўкі сталіцы». – У гэтым раёне знаходзяцца шматлікія ўстановы і арганізацыі, куды прыязджае шмат наведвальнікаў: Палац чыгуначнікаў, магазін, загс, паліклініка. Усе яны стараюцца паставіць свае машыны ў дварах, а мясцовым жыхарам не застаецца месца для паркоўкі, што, зразумела, людзей не задавальняе.
Дакладнасць працы модуля аналітыкі і распазнавання рэгістрацыйных знакаў — 98 працэнтаў.
Праект, прапанаваны ДУ «Паркоўкі сталіцы», рэалізуюць з дапамогай сродкаў фота- і відэафіксацыі, а таксама модуля аналітыкі і распазнавання рэгістрацыйных знакаў. На ўездзе ў двары ўжо зараз устаноўлены знакі «Рух забаронены». Праўда, яны не тычацца мясцовых жыхароў. Як адрозніць «свайго» ад «чужака», растлумачыў Уладзіслаў Чэчэт, дырэктар па тэхнічных пытаннях ТАА «Інтэлектуальныя гарадскія сістэмы»:
— Жыхарам кватэр мы прапанавалі скласці так званыя спісы доступу, у якія яны могуць уключыць рэгістрацыйныя нумары сваіх аўтамабіляў і машын частых гасцей або родных. Прыватныя або грамадскія арганізацыі, дзяржаўныя ўстановы, якія тут знаходзяцца і таксама маюць патрэбу ў месцах для стаянкі, атрымаюць пэўныя квоты – у залежнасці ад парковачных магчымасцей двара. Пасля праверкі і ўзгаднення спіс атрымаюць інспектары «Парковак сталіцы», ён будзе ўнесены таксама ў модуль аналітыкі і распазнавання рэгістрацыйных знакаў. Гэтая сістэма адразу выключыць з ліку прэтэндэнтаў на спагнанне штрафу нумары машын спецслужбаў – міліцыі, МНС, «хуткай дапамогі», а таксама грамадскага транспарту.
На вуліцы Варанянскага вызначаны платныя парковачныя месцы, устаноўлены відэа камеры, размешчаны інфармацыйныя стэнды.
Спісы доступу не з’яўляюцца статычнымі і пастаяннымі. Пасля таго як рэзідэнцтва чалавека ў гэтай зоне паркоўкі будзе пацверджана, ён можа зарэгістравацца на сайце parkouka.by, зайсці ў «Асабісты кабінет» і ўнесці нумар машыны госця з указаннем часу, на які той плануе заставацца.
Наведвальнікам мерапрыемстваў у Палацы чыгуначнікаў хвалявацца не варта: пры набыцці білета на канцэрт або абанемента ў размешчаную там спартыўную залу трэба толькі паведаміць нумар свайго аўто, і яго ўнясуць у базу рэзідэнтаў на тэрмін дзеяння білета або абанемента. Гэтак жа сістэма працуе ў дачыненні да тых, хто прыязджае ў загс.
«Чужакоў» у дварах спачатку будуць выяўляць інспектары, пазней гэтая функцыя цалкам пяройдзе да аўтаматыкі.
Па выніках месяца сфарміруецца спіс асабліва ўпартых парушальнікаў патрабаванняў дарожнага знака, які накіруюць у ДАІ. Іх могуць папярэдзіць або нават накласці штраф у памеры да дзвюх базавых велічынь (49 рублёў).
Па словах Алега Ляшчынскага, інспектары «Парковак сталіцы» штрафаваць парушальнікаў не могуць:
— Калі наш супрацоўнік убачыць аўтамабіль, які знаходзіцца на тэрыторыі двара незаконна, ён пакіне пад дворнікамі чырвоную картку. Такім чынам уладальнік аўто інфармуецца, што ён знаходзіцца ў зоне дзеяння забараняльнага дарожнага знака. У картцы ўказваецца час, няправільна прыпаркаваная машына фіксуецца на фота пры дапамозе электроннага планшэта – абавязкова з прывязкай да мясцовасці і ўказаннем каардынат GPS, каб потым не ўзнікла пытанняў.
На вуліцы Варанянскага вызначаны платныя парковачныя месцы, устаноўлены відэакамеры, якія дазваляюць фіксаваць факт знаходжання аўтамабіляў на паркоўцы, размешчаны інфармацыйныя стэнды. Тыя, хто праязджае па вуліцы транзітам, маюць у запасе 15 хвілін. Уладзіслаў Чэчэт лічыць, што гэтага часу дастаткова не толькі для таго, каб пераадолець паўтара кіламетра, але і каб высадзіць або забраць пасажыраў.
Зараз сярод жыхароў двароў, якія прылягаюць да вуліцы Варанянскага, праводзіцца інфармаванне, складаецца электронная база даных аб уладальніках транспартных сродкаў, якія жывуць або працуюць на гэтай тэрыторыі.
— Пакуль не пераканаемся, што сістэма працуе ў патрэбным рэжыме, без збояў, паркоўка ў поўным аб’ёме функцыянаваць не будзе, — запэўніў Алег Ляшчынскі. – Платнай яна стане толькі з 8 гадзін раніцы да 8 вечара. За стаянку ў двары плаціць увогуле не патрэбна, можна толькі штраф атрымаць за парушэнне патрабаванняў дарожных знакаў.
А што думаюць з гэтай нагоды аўтааматары?
— Даўно пара! – эмацыянальна рэагуе на пытанне вадзіцель бардовага «Фольксвагена». – Куды гэта варта – з-за прыезджых ва ўласным двары не магу машыну паставіць! Бывае, даводзіцца паркавацца за квартал, проста на вуліцы, дзе і падрапаць, і зачапіць могуць!
— Не, я тут не жыву, але часта прыязджаю да Палаца чыгуначнікаў па асабістах справах, — расказвае пажылы ўладальнік шэрага «Сітраена Бярлінга». – Інфармацыйныя стэнды з указаннем кошту паркоўкі бачыў, але ніякіх патрабаванняў аплаціць пакуль не было. Ці буду паркавацца за грошы? Мабыць, давядзецца…
Дарэчы, прадугледжана шмат спосабаў аплаты за паркоўку. Зрабіць гэта можна праз СМС-паведамленне, АРІП, спецыяльную мабільную праграму або проста набыўшы картку паркоўкі ў кіёсках «Мінсктранс», «Белсаюздрук».
Калі новая сістэма кантролю сябе апраўдае, яе магчымасці будуць прымяняць пры абсталяванні новых аўтамабільных парковак.
nevmer@mail.ru
У Мінску знайшлі вырашэнне праблемы застаўленых машынамі двароў: як гэта працуе
Чужым тут не месца
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.