В Вилейском районе жители помнят о политике полонизации в Западной Беларуси

Чорныя крылы «ожэла бялага»

Што лічылі нашай сілай і за што атрымлівалі «па лапах» у польскай школе вучні-беларусы

«Хто ты ест? Поляк малы. Які знак твой? Ожэл бялы. Гджэ ты межкаш? Мендзе вамі. В якім краі? У польскім краі». Гэты вершык Уладзіслава Бэлзы для чытанкі маленькім дзеткам добра ведала старэйшае пакаленне Заходняй Беларусі. З маленства «бялым ожэлам» ды лілеям (для дзяўчынак існаваў асобны варыянт тэксту) навязвалася думка, што іх радзіма — частка Польшчы, за якую яны павінны без страху і сумневу аддаць свае жыцці. Ні больш ні менш. Яны маглі падрабязна расказаць біяграфію Пілсудскага і лічылі маршала сапраўдным героем. Любілі паўтараць: «Яшчэ Польска не згінэла». Сапраўды моцныя карані пусціла выхаванне, што практыкавалася ў школах міжваеннага перыяду ў крэсах усходніх. Менавіта сістэма адукацыі была абрана для закладвання дзяржаўнай ідэалогіі, прычым на самым першым яе этапе.

 
  
Эмілія Кунавіч настаўнічала пры Польшчы, пасля вайны напісала некалькі кніжак, у тым ліку з успамінамі аб тым часе. Адну з іх з асабістым аўтографам падарыла Адаму Мальдзісу, а той у сваю чаргу Ільянскай сярэдняй школе.
Паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора, урад абавязваўся гарантаваць нацменшасцям, якія ўвайшлі ў склад Польшчы пасля тэрытарыяльнага перадзелу, іх правы на свабоднае нацыянальнае і культурнае развіццё. Але аб гэтым хутка забыліся. Пілсудскі кіраваўся гістарычнымі інтарэсамі і імкнуўся ўзнавіць мяжу Рэчы Паспалітай да яе падзелу ў 1772 годзе, стварыць федэрацыю, дзе літоўцы, беларусы і ўкраінцы толькі фармальна былі б незалежнымі, а фактычна захоўвалася дамінаванне польскай культуры. Пачалася палітыка нацыянальнага прыгнёту, што праяўлялася ў самых розных варунках. Не апошнім інструментам паланізацыі стала школа. Дагэтуль у адным з раёнаў, які цалкам трапіў пад Польшчу (Вілейскі), захаваліся таму сведчанні. 

Згодна з дадзенымі перапісу верасня 1921 года, які праводзіўся не толькі каб палічыць чалавечы капітал, а і маёмасць з мэтай увядзення падаткаў, у Вілейскім павеце было 127 539 жыхароў, беларусамі сябе азначылі 66 963 асобы, палякамі — 53 723, яўрэямі — 6853. Такія лічбы прыводзіць прафесар Вроцлаўскага ўніверсітэта, выхадзец з Вілейшчыны Францішак Сяліцкі, які пакінуў успаміны аб сваім краі. Той жа перапіс паказаў кепскі стан асветы — у павеце налічвалася аж 88 839 непісьменных.

Знясіленаму польска-савецкай ды Першай сусветнай войнамі насельніцтву, здавалася, было не да самасвядомасці, аднак калі забараняліся родная мова і звычаі, людзі праяўлялі нязгоду. Сяліцкі піша (а яго ніяк нельга абвінаваціць у тэндэнцыйнасці, бо меў антысавецкую скіраванасць поглядаў), што вялікая колькасць тутэйшых негатыўна ставілася да польскай улады. 

Яшчэ адзін выхадзец з Даўгінава Вінцэнт Кунцэвіч успамінаў пра 1918—1920 гады: «Мая маці мела малога худога каня і змардаваную карову. Бракавала для іх пашы. Ранняй вясной, як адступалі замаразкі, я з сястрой Зофіяй хадзіў на балота па смычку (трава, якая першая пачынала расці, у галоўках, нагадвала вату). Усе нашы высілкі былі цалкам скіраваныя на ўтрыманне жывымі каровы і каня… Спекуляцыя панавала бязмежна. Грошы хутка змяняліся. Спачатку ва ўжытку былі царскія рублі, затым керанкі, а пазней былі мільёны марак». 

Што павінны былі адчуваць сяляне, калі ўрэшце ўсталяваўся мір? Канешне ж, палёгку. Таму, відавочна, сустрэлі б прыязна любую ўладу.

У Ільі існавала маладзёжная арганізацыя «Тшэльцы» – «Стральцы», і гэта таксама ўкладвалася ў палітыку паланізацыі моладзі.

Мяжа з Савецкай дзяржавай праходзіла праз вёскі Зацемень, Боркі, Сакалоўка, Лукавец, што недалёка ад Ільі, куды я і накіравалася ў пошуках звестак аб адукацыі таго часу. Вядома, не магла абысці мясцовую школу, да якой ад аўтобуснага прыпынку вядзе вуліца 17 Верасня. Насупраць будынка колішняй аўтакасы памятны знак — там некалі месцілася царква, пабудаваная без ніводнага цвіка. Углядаюся ў драўляныя ды цагляныя дамы, і нічога, акрамя шыльдаў з назвай вуліцы, не напамінае аб польскім часе. Сто гадоў — ладны кавалак часу, ды ўсё ж не такі доўгі, каб пахаваць пад смугой стагоддзяў падзеі і лёсы.

Сапраўды, мне пашанцавала: у Ільянскай школе каля 40 гадоў працуе Люцыя Маркевіч, гісторык па адукацыі, яна да нядаўняга часу ўзначальвала музей «Ільянскія далягляды». Між іншым там сабрана шмат унікальных экспанатаў — посуд, выраблены мясцовай гутай, драўляныя сялянскія прылады працы, арыгінальная партызанская карта, самаробная зброя народных мсціўцаў, дакументы і фотаздымкі польскага часу і іншае. Люцыяй Францаўнай занатаваны ўспаміны ільянцаў аб польскай школе, якая размяшчалася недалёка ад цяперашняга Дома культуры. 

Ілья здаўна была бойкім месцам, і ў 1921 годзе стала цэнтрам гміны Вілейскага павета Віленскага ваяводства. Насельніцтва, якое жыло ў вёсцы, займалася сельскай гаспадаркай і пакутавала ад малазямелля і беззямелля. 

Камендант павятовай паліцыі Вілейкі ў 1925 годзе пісаў: «Школ беларускіх у павеце няма. Тайнае вывучэнне беларускай мовы спынена». У Ільі выкладанне прадметаў праводзілася толькі па-польску. Педагог Юлія Аляксееўна Камінская 1926 года нараджэння (на жаль, ужо сышла з жыцця) акурат і наведвала такую навучальную ўстанову. Былы работнік гандлю Іван Пятровіч Рудніцкі таксама падзяліўся пазнавальнымі звесткамі.
Люцыя Маркевіч, гісторык па адукацыі, да нядаўняга часу ўзначальвала музей «Ільянскія далягляды».

Вывучалі матэматыку, пісьмо, чытанне. Асабліва вялікае значэнне надавалася Закону Божаму, малітвам. Па пятніцах прыязджаў бацюшка, па суботах — ксёндз. Яны правяралі, як дзеці вывучылі малітвы, праводзілі ўрокі. Калі хто не падрыхтаваўся, цягалі за вушы, валасы, білі лінейкай «па лапах», значыць па руках. «Давай лапе!» — грозна патрабаваў спецыяльна наняты чалавек — ён і біў, а не святар ці выкладчык.

— Мая мама таксама тое сцвярджала, — працягвае Люцыя Францаўна. — Настаўнік спакойна вёў урок, а той хадзіў, сачыў за дысцыплінай і караў за непаслухмянасць і непадрыхтаванасць. Давалі сем класаў навучання бесплатна. Вучыліся дзеці з розных сямей — беларусы, палякі, яўрэі. Польскую мову ўжывалі толькі ў школе, а дома размаўлялі на роднай, беларускай. 

«Наша сіла», — казалі вучні-беларусы пра матчыну мову, выбягаючы з класа. Настаўнік Вашнеўскі падслухаў тую гамонку і перадаў дырэктару. Тады дырэктар выклікаў па сваім прадмеце вучня-бунтара і задаваў яму самае цяжкае пытанне. Калі заданне не паддавалася, то кпіў: «І цо цераз? Дзе ж твоя сіла?»

«Санацыйнымі» педагогамі ў абсалютнай большасці былі палякі, якія стараліся выцесніць усё беларускае. Такая ўстаноўка паступала ад Віленскай школьнай акругі. Школа ператваралася з інстытута навучання ў выхаваўчую ўстанову. Сярод прадметаў, якім адводзілася вядучая роля ў ажыццяўленні дзяржаўнага выхавання, былі навука пра Польшчу, гісторыя і мова. На ўроках польскай мовы вучні малодшых класаў знаёміліся з дзяржаўнай сімволікай, гімнам, звесткамі пра прэзідэнта Масціцкага і маршала Пілсудскага. 

Былі выдадзены «Дырэктывы для праграмы гісторыі з пункта гледжання грамадска-дзяржаўнага выхавання». Фармальна праграмы па гэтым прадмеце прадугледжвалі магчымасць атрымання ведаў па роднай гісторыі, але на практыцы сітуацыя складвалася па-іншаму. Большасць дзяцей Заходняй Беларусі заканчвалі навучанне ў 4-м класе і не наведвалі поўны, разгорнуты курс па прадмеце. Ды і за ўвесь міжваенны перыяд была распачата толькі адзіная спроба стварыць спецыяльны школьны падручнік па гісторыі нацыянальных меншасцей Польскай дзяржавы, сцвярджае ў сваім даследаванні кандыдат гістарычных навук, дацэнт Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Віталь Крывуць.

Мясцовае кіраўніцтва сістэмы адукацыі не заставалася ў баку ад распаўсюджвання культу асобы Пілсудскага. Так, у Віленскай школьнай акрузе было наладжана выданне спецыяльных дыдактычных дапаможнікаў для настаўнікаў, прысвечаных сувязям маршала з усходнімі ўскраінамі. З замілаваннем апісваліся яго наведванні радзімы (ён нарадзіўся пад Вільняй) і сустрэчы з мясцовым насельніцтвам. 

У 1931 годзе дзень нараджэння маршала быў аб’яўлены свабодным ад навучання. 

У выніку стваралася сітуацыя, якую добра характарызуюць словы аднаго вучня-беларуса: «На працягу ўсяго навучання ў школе я наогул нічога не пачуў пра сваю вёску, аб культуры і творчасці народа, ад крыві і касці якога мы паходзім. Ніхто ні слова не паведаміў ні пра гісторыю беларускай нацыі, ні пра яе літаратуру».

Аднак не ўсе педагогі зацята выконвалі ўстаноўкі па паланізацыі. У Ільі працавала настаўніцай Эмілія Кунавіч. Польская пані была сапраўднай праўдашукальніцай, расказала кіраўнік другога музея Ільянскай сярэдняй школы (таксама са званнем народнага) «Вілейшчына літаратурная»  Аксана Шушкевіч: 

— Яна спачувала беларускім сялянам і іх дзеткам, вяла сярод іх культурна-асветніцкую дзейнасць, вышуквала таленты і разгортвала самадзейны тэатр. Ставіла з імі спектаклі на беларускай мове, сама пісала п’есы. Часта бывала ў беларускіх сем’ях, арганізавала сельскагаспадарчы гурток. У саракавым годзе вый­шла замуж за колішняга свайго вучня Пятра Кунавіча. Ды хутка сямейнае шчасце азмрочыла вайна. 

Дарэчы, у Ільі існавала маладзёжная арганізацыя «Тшэльцы» — «Стральцы», і гэта таксама ўкладвалася ў палітыку паланізацыі моладзі: апалячванне праводзілася не толькі праз сістэму адукацыі, але і праз грамадскія арганізацыі. 

Эмілія Кунавіч завяршыла настаўнічанне напярэдадні Вялікай Айчыннай, падчас якой мужа і сына вывезлі ў Германію, і яна паехала ўслед. Потым трапіла ў Польшчу. У 1958 годзе пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Вроцлаў. Напісала некалькі кніг. Ліставалася з жыхарамі Вілейшчыны, сваімі колішнімі вучнямі. Наведала ў канцы шасцідзясятых Беларусь і Ілью, сябравала з Адамам Мальдзісам, які падарыў школьнаму музею кніжку з яе аўтографам. Эмілія Антонія пранесла праз жыццё любоў да беларусаў — годнай нацыі, аб’яднанне якой стала гістарычнай справядлівасцю, за якую змагаліся ўсе сумленныя людзі. 

klimovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter