Беларусь не выключэнне. Да знакавай даты прымеркаваны публічныя дыктанты, конкурсы чытальнікаў, літаратурныя выставы і адмысловыя вечарыны. «Тое, што нас адрознівае ад іншых, — гэта беларуская мова. Нам не трэба ад гэтага адыходзіць», — адзначыў нядаўна Прэзідэнт і выказаў спадзяванне, што ў краіне ўсе будуць імкнуцца да валодання родным словам. Якім чынам гэта можна зрабіць?
Душа народа
Для Віктара Шніпа, паэта і празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», ніколі не стаяла пытання, на якой мове размаўляць. Заўсёды гаворыць, піша, думае па-беларуску.— Мы ж беларусы, у Беларусі жывём, — кажа пісьменнік. — Возьмем, для прыкладу, наша выдавецтва, дзе працуюць як беларускамоўныя, так і рускамоўныя. У нас так прынята, што ніхто ні пры якіх абставінах не пераходзіць з адной мовы на іншую. Беларускамоўныя размаўляюць з рускамоўнымі і… усе адно аднаго цудоўна разумеюць. Ніякіх праблем. Больш таго, у калектыве ёсць рускія па нацыянальнасці, якія нават нарадзіліся ў Расіі. Для іх беларуская мова не родная, аднак і яны, як грамадзяне нашай краіны, імкнуцца яе разумець. Бывае, размаўляю з імі і нейкае слоўца скажу, якое яны не ведаюць. Гэта нікога не засмучае! Просяць патлумачыць, а пасля радуюцца таму, што адкрылі нешта новае для сябе.
Цікава, што попытам беларускамоўная літаратура якраз карыстаецца сярод людзей, якія ў паўсядзённым жыцці размаўляюць па-руску. Вось вам і двухмоўе на практыцы.
— Асабліва цікава назіраць за бацькамі, якія імкнуцца набыць літаратуру на роднай мове для сваіх дзетак. Прычым бяруць творы не толькі непасрэдна беларускіх аўтараў, але і пераклады з іншых моў на нашу, — адзначае Віктар Шніп. — Самае прыемнае, што і дзеці не адварочваюць нос ад свайго, ручкі цягнуць.
Ёсць попыт і на дарослую літаратуру, асабліва класіку.
— У мінулым годзе Беларусь адзначала 130-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча. З гэтай нагоды мы выпусцілі першую кнігу праекта «Народная бібліятэка». Сутнасць у чым? Народная — таму што змест кніг складаюць творы, якія прапануюць уключыць самі чытачы праз апытанні ў інтэрнэце, на кніжных выстаўках і мерапрыемствах выдавецтва, — расказвае Віктар Шніп. — Дык тая кніга з творамі Багдановіча, якія прапанавалі чытачы, разышлася на раз-два. Давялося выдаваць дадатковы тыраж — зноў разабралі.
У серыі «Народная бібліятэка» ўжо таксама выйшлі двухтомнікі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Васіля Быкава. Плануецца «народнае» выданне Уладзіміра Караткевіча.
— Бо колькі не перевыдавай «Новую зямлю» Коласа, а людзі ўсё роўна будуць купляць. Тут і мова, і жыццё, і душа народа, — адзначае пісьменнік.
Ведай сам, дапамагай іншым
Кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання факультэта журналістыкі БДУ Сяргей Зелянко штодзень вучыць будучых журналістаў і літаратурных рэдактараў, як зрабіць так, каб беларуская мова не проста гучала, але і захоўвала сваю чысціню і багацце. Тым не менш прафесія ніколі не перашкаджала яму падыходзіць да мовы з пункту гледжання паўсядзённага жыцця.— Чым больш людзей будзе размаўляць па-беларуску, тым лепш. З памылкамі ці на чыстай літаратурнай, з маленства ці з вучобы ва ўніверсітэце, у паўсядзённым жыцці ці на працы — гэта не так важна. Галоўнае, каб беларусы разумелі вартасць роднай мовы, не баяліся карыстацца ёй, каб бачылі, якая яна прыгожая, зручная і багатая, — падкрэслівае Сяргей Зелянко.
Навуковец перакананы: сёння беларуская мова жывая:
— Колькі будзе існаваць наша краіна, столькі будзе існаваць наша мова. Яна была дадзена беларускаму народу Богам, і толькі яму падуладна, каб яе не стала.
Сяргей Зелянко даказвае, што беларускай мове ёсць месца абсалютна ў любых сферах жыцця. Напрыклад, у мінулым годзе ён стаў лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу сацыяльнай рэкламы #ПознайБеларусь у намінацыі «Слоган».
«Любі і спазнавай свой родны беларускі край» ці «Найлепшая вандроўка — там, дзе родная старонка». Гучыць, праўда? Асабліва, калі гаворка ідзе пра папулярызацыю ўнутранага турызму.
У Нацыянальнай акадэміі навук не абышлі ўвагай працу Сяргея Зелянко, якую ён даслаў на конкурс творчых работ, прысвечаны Году народнага адзінства. Навуковец у папулярнай форме расказаў пра стасункі паміж беларускай мовай і іншымі мовамі свету.
Больш за тое, Сяргей Зелянко з’яўляецца аўтарам цэлай серыі кніг «Таямніцы беларускай мовы» для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Мэта адна: зрабіць так, каб новыя пакаленні далучаліся да беларускай мовы. Але як выхаваць у малых павагу да роднага, калі самі бацькі не размаўляюць па-беларуску? Школьных заняткаў для гэтага можа быць недастаткова, таму на дапамогу прыходзяць яркія кнігі з гульнявой падачай матэрыялу.
Нацыянальныя каштоўнасці
Мова не інструмент для палітычных спекуляцый, а нацыянальны скарб і элемент культуры.Такое меркаванне выказаў член Пастаянай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Сяргей Клішэвіч:
— На пытанне палітычнай ролі беларускай мовы варта глядзець з пазіцый Года гістарычнай памяці. Усім вядома, што з самага пачатку існавання БССР у нашай краіне рэалізоўвалася палітыка развіцця беларускай культуры, навукі, адукацыі і ўсебаковай падрыхтоўкі спецыялістаў. Важна, што менавіта на пачатак ХХ стагоддзя прыйшлося актыўнае фарміраванне сучаснай беларускай літаратурнай мовы, якой мы сёння карыстаемся. Дзеля чаго гэта было зроблена?
Дастаткова ўспомніць кантэкст 1920-х гадоў. Толькі скончылася савецка-польская вайна, палова беларускіх зямель у заходняй частцы адыходзіць пад акупацыю. Для міжваеннай Польшчы гэта былі «праблемныя вобласці», дзе ўлады не давяралі беларусам. Гвалтоўна «перавучвалі» іх на польскую мову, спрабавалі вытравіць самасвядомасць і нават сцерці само слова «беларусы». Нельга забываць і рэпрэсіі, і забойствы, і палітычныя справы ў адносінах да беларускіх нацыянальных арганізацый і КПЗБ. Па сутнасці, палякі спрабавалі поўнасцю асіміліраваць беларусаў у Польшчы, знішчыць калі не фізічна, то хаця б ментальна.
У такіх агрэсіўных умовах савецкая ўлада, наадварот, падтрымлівала ўсе пачынанні росквіту беларускай нацыянальнай культуры, навукі, мовы і літаратуры ў БССР. Менавіта гэта адыграла ключавую ролю ў яднанні беларускага народа ў верасні 1939-га: жыхары Заходняй Беларусі не хацелі быць нікім, акрамя беларусаў. Польская дзяржава, як і мова, была для іх чужой. Натуральна, што савецкая палітыка мела поспех у 1939 годзе.
У наш час на гэту тэму ствараецца шмат інфармацыйных спекуляцый. Быццам росквіт беларускай нацыянальнай культуры ў даваенны час быў проста часткай міфічнага плана па выяўленні і ліквідацыі «неблаганадзейных элементаў» у нашым грамадстве. Людзі, якія так разважаюць, ніяк не могуць прызнаць, што менавіта ў савецкі час сфарміравалася наша мова, былі напісаны класічныя творы нашай літаратуры, створаны лепшыя тэатральныя пастаноўкі і зняты залатыя стужкі нашага кінематографа. Экстрэмальна настроеныя нацыяналісты ўсяк спрабуюць супрацьпаставіць савецкі перыяд нашай гісторыі беларускай культуры ўвогуле. Менавіта з такіх памылковых разважанняў і вынікае палітызаваны падыход да беларускай мовы.
Калі напрыканцы 1980-х ствараліся першыя нацыяналістычныя арганізацыі, то яны да 90 % складаліся з творчай інтэлігенцыі. Гэта была сацыяльная група, якая працавала ў гуманітарнай сферы і прафесійна займалася пытаннямі гісторыі, культуры і мовы, канешне.
У момант распаду СССР на хвалі пад’ёму заходніх каштоўнасцей яны пачалі супрацьпастаўляць сябе нядаўняму мінуламу і паспрабавалі «прыватызаваць» нацыянальныя каштоўнасці. Паколькі пераемніцай Савецкага Саюза стала Расія, то і яна разам з рускай мовай пачала ўспрымацца на ўзроўні ворага.
Сёння асноўная частка беларусаў прыйшла да разумення, што сапраўдныя каштоўнасці народа, такія як мова, культура, гістарычная памяць, не могуць несці ў масы зло і разбурэнні. Яны мірныя, як і наша нацыя. Не дарма на самым высокім узроўні падкрэсліваецца: прыйшоў час імкнуцца да таго, каб кожны беларус мог размаўляць па-беларуску. Імкнуцца да гэтага варта не праз антысавецкі, антырасійскі ці яшчэ які «анты» кірунак.
Рэальная падтрымка і захаванне нашай роднай мовы — гэта асабісты клопат кожнага з нас.
kurak@sb.by