Бывае i ў прыроды дрэннае надвор’е

Вiлейка Размаўляць з Вiталем Бандарыкам, намеснiкам старшынi Вiлейскага райвыканкама, учора ранiцай было нялёгка.

Вiлейка

Размаўляць з Вiталем Бандарыкам, намеснiкам старшынi Вiлейскага райвыканкама, учора ранiцай было нялёгка.

I не дзiва! За дваццаць дзевяць гадоў працы ў сельскай гаспадарцы, нагадвае Вiталiй Анатольевiч, былi ўсялякiя капрызы прыроды, але такое ўпершыню! Дажджамi, якiя пачалiся ў нядзелю вечарам i не спыняюцца да серады, паклала, прыбiла да зямлi практычна ўсе пасевы. I гэта тым больш прыкра, што ўраджай на калгасных нiвах сёлета выспеў добры, сiл i працы ў яго ўкладзена нямала.
Сiла ветру ў ноч з 9 на 10 жнiўня дасягала 25 метраў у секунду. Таму ранiцай не было нiякай сувязi з 11 гаспадаркамi раёна. Две сотнi населеных пунктаў засталiся без электрычнасцi. Брыгады электрыкаў працавалi ўсю ноч, але ледзь толькi наладжвалi энергазабяспячэнне ў адным месцы, як стыхiя наносiла шкоду ў iншым. Дакладныя вынiкi непагоды будуць вядомыя крыху пазней, але i зараз Вiталiй Бандарык упэўнены, што такiх масавых страт зерневых не прыносiў нi адзiн год, нават засушлiвы 1999-ы.

Мiёры

У горадзе Дзiсна на Мiёршчыне зламаныя дрэвы перагарадзiлi праезд транспарту па вулiцах Дзяржынскага i Юбiлейнай. Але Наталля Мароз, старшыня Дзiсненскага гарсавета, падстаў для панiкi не бачыць: жыллёва-камунальная служба, дарожнiкi, электрыкi працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, стараюцца аператыўна ўбiраць усе завалы. Галоўнае, што не пацярпелi людзi, няма вялiкiх разбурэнняў. А што да прыродных “сюрпрызаў”, дык да iх дзiсненцам не прывыкаць. На памяцi старажылаў вялiкiя разлiвы Дзiсны i Заходняй Дзвiны, мiж якiмi i знаходзiцца горад. Таму на прыроду тут крыўдзiцца не прывыклi.

Ашмяны

Жыхары вулiцы Францiшканскай, дамы якой размешчаны ўздоўж невялiчкай рэчкi Ашмянкi, не памятаюць такога вялiкага разлiву. Нават вясной не было тут столькi вады, колькi прыбавiлася за апошнiя тры днi. Вада затапiла ўсе агароды, падвалы, падышла да будынiн. Некаторыя дамы таксама аказалiся затопленымi. Таму ранiцай у сераду паўстала пытанне аб адсяленнi дзвюх сем’яў з затопленага вадой жытла. I хоць вецер тут таксама пагаспадарыў, найбольшы ўрон нанеслi ўсё ж такi дажджы. Гарадская лiўневая каналiзацыя не спраўлялася з тымi вадзянымi патокамi, якiя трое сутак безупынна лiлiся з неба. Паралiзаванай аказалася дарога на Гальшаны — там патокi цалкам змылi восем метраў асфальту разам з трубой для адводу вады. Размытай аказалася i дарога на крухмальны завод.
Тым не менш з ранiцы ў кожны вясковы магазiн адправiлiся машыны з хлебам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter