70-гадовы юбілей заўтра адзначае Герой Сацыялістычнай Працы Алег Адольфавіч ВАЛАДЗЬКО, які больш за сорак гадоў кіраваў вядомым у рэспубліцы і за яе межамі калгасам імя Суворава (цяпер ААТ “Навасёлкі-Лучай”) Пастаўскага раёна. У трынаццаць гадоў прычэпшчыкам плуга працаваў у дзве змены. Час быў цяжкі і, каб выжыць, знайшоў сабе такі занятак пасляваенны падлетак. Зарабіў у калгасе чатырыста працадзён і атрымаў увосень 800 кілаграмаў збожжа. Працаваў механізатарам на палях, вучыўся, а потым і ўзначаліў калгас імя Суворава. Паступова мацнела эканоміка гаспадаркі, больш заможным станавілася жыццё хлебаробаў. На Усесаюзны п’едэстал гонару вывеў калектыў малады старшыня Алег Валадзько. У раслінаводстве і жывёлагадоўлі дасягнулі еўрапейскіх вытворчых паказчыкаў. Дзяржаўнымі ўзнагародамі адзначана руплівасць і старанне перадавікоў, а сам Алег Адольфавіч удастоены ганаровага звання Героя Сацыялістычнай Працы.
У АРСЕНАЛЕ дзяржаўных узнагарод заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Алега Валадзько — два ордэны Леніна, ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Дружбы народаў, шматлікія медалі і Ганаровыя граматы. За аўтабіяграфічную кнігу “Сын зямлі і неба” вясковы аўтар удастоены віцебскай абласной літаратурнай прэміі імя Пятруся Броўкі.
Многае давялося перажыць за паўвека Алегу Адольфавічу і яго жонцы Зоі Іосіфаўне. Выхавалі дачок Эму і Святлану, далі ім вышэйшую медыцынскую адукацыю. Сёлета і ўнучка Кацярына атрымала дыплом урача і выйшла замуж.
Сялянскі дом Валадзькоў патанае ў зеляніне. Кожнае дрэўца ці кусцік сваімі рукамі саджалі і песцілі. Асабліва дарагі іх сэрцам стромкі дубок, што з кожным годам усё вышэй уздымаецца над падворкам і быццам гамоніць-шэпча пра мінулыя будні калгаснага старшыні.
Яшчэ вёска патанала ў ранішняй дрымоце, а няўрымслівы кіраўнік гаспадаркі выязджаў на легкавіку з падворка і да першых сонечных промняў паспяваў аб’язджаць палі, аглядаць пасевы, наведваць ранішнюю дойку кароў і вяртацца ў кантору, дзе яго ўжо чакалі спецыялісты. Знаходзіў час Алег Адольфавіч і на дэпутацкую дзейнасць. Яго выбіралі ў Вярхоўны Савет рэспублікі і былога СССР.
На базе калгаса імя Суворава праводзіліся практычныя заняткі не толькі для кіраўнікоў і аграрных спецыялістаў былога Саюза, але і для прадстаўнікоў вышэйшага эшалона ўлады. Было чаму іх вучыць. Гаспадарка лідыравала ў рэспубліцы па эканамічных паказчыках. Старшыня Валадзько аб’ездзіў Амерыку, Японію, Заходнюю Еўропу, Ізраіль і іншыя краіны, дзе пераймаў усё найбольш прыемлемае і ўкараняў у сябе. Навінкамі дзяліўся з іншымі. У пастаўскіх гаспадароў стажыраваліся спецыялісты і кіраўнікі высокага ўзроўню. Кожны, нават самы незначны поспех запальваў старшыню на новыя справы. Толькі пачыналі на беларускіх палях высяваць яшчэ зусім малавядомы рапс, а ў калгасе імя Суворава ўжо запраўлялі трактары рапсавым палівам. Па 30 цэнтнераў з гектара намалочвалі насення гэтай культуры, а ў лепшыя гады атрымлівалі еўрапейскую ўраджайнасць. Выгаду мелі двайную – рапсавае масла прадавалі на замежным рынку і поўнілі калгасную казну, а спажыўным шротам паспяхова кармілі жывёлу. Атрымлівалі высокія ўраджаі збожжавых, кармавых і тэхнічных культур. Паспяхова развівалася і жывёлагадоўля. Пашыраліся вытворчая база і сацыяльная сфера. Паўставалі новыя фермы, узводзіліся жылыя дамы для калгаснікаў. На цэнтральнай сядзібе, у вёсцы Навасёлкі, адкрыліся ўчастковая бальніца з неабходным сучасным медыцынскім абсталяваннем, дзіцячы садок з плавальным басейнам, музычная школа, гасцініца. У суседняй вёсцы Лучай аднавілі касцёл. Такую багатую спадчыну пакінуў нашчадкам таленавіты кіраўнік.
На старонках нашай газеты на пытанне пра шчасце Алег Адольфавіч адказаў:
— Шчаслівы ад таго, што давялося шмат чаго за свой век зрабіць. Свае думкі і меркаванні выказваю ў кнігах. Ужо дзве ўбачылі свет. А колькі яшчэ нявыказанага, так што спяшаюся пакінуць нашчадкам, як і тром унукам, запавет. Яго некалі пачуў ад дзеда Івана — быць простым!
Віншаваць юбіляра ў гэтыя выхадныя прыедуць у вёску Навасёлкі родныя, сябры, кіраўнікі Пастаўскага раёна і мясцовай гаспадаркі.
Уладзімір СУБАТ
Фота аўтара