Чем из сладких блюд полакомиться на майских фестивалях в разных уголках страны

Была б мука ды сiта

Разам гатуем нацыянальную выпечку, а народныя эксперты «Сельской газеты» працягваюць дзялiцца рэцэптамi i традыцыямi

Май — месяц салодкага квiтнеючага яблыневага саду, у якiм гудуць працавiтыя пчолы. А гаспадынькi ў гэты час гатуюць смачныя сыры ды пякуць пампушкi, бо хутка ў вёску да многiх бабуль прыедуць малыя ўнукi ў госцi. «Сельская газета» працягвае вывучаць традыцыi i рэгiянальныя кулiнарныя фестывалi. На гэты раз частуемся салодкiм.

Свята «Мядовы фальварак» у аграгарадку Сіманічы Лельчыцкага раёна.

Мядовы фальварак

Майскi мёд — адзiн з самых смачных. Нядзiўна, што яго ўшаноўваюць у розных кутках краiны. Так, свята «Мядовы фальварак», прымеркаванае да Сусветнага дня пчол, правялi ў нядзелю, 22 мая, у аграгарадку Сiманiчы Лельчыцкага раёна. Акрамя частавання мёдам i хатняй выпечкай, мясцовыя пчаляры правялi майстар-клас па вырабе борцей для дзiкiх пчол i ўстаноўцы iх на дрэве ў лесе, расказаў загадчык Сiманiцкага дома культуры Вiталь Хвацiк.

— На iмправiзаваным падворку гаспадар з гаспадыняй прадставiлi мясцовыя стравы, — паведамiў субяседнiк. — Напрыклад, блiны, сухарыкi, кашу з мёдам. Гатуецца яна на малацэ з пшана адмыслова ў печы ў чыгунку. Калi зварылася як мае быць, гаспадынi раскладваюць яе на бляху i запякаюць. Атрымлiваецца смачная страва са скарыначкай, якую можна зверху палiць мёдам.

У мiнулым годзе напрыканцы вясны ў гарадскiм пасёлку Смiлавiчы Чэрвеньскага раёна праводзiлi фестываль «У сяброўстве народаў адзiнства краiны». Гэты населены пункт шматнацыянальны, як тыповае беларускае мястэчка. Вякамi ў iм суiснуюць розныя нацыi, у тым лiку яўрэi i татары. У гэтым годзе пакуль з фестывалем перапынак, аднак мясцовы жыхар, настаўнiк матэматыкi СШ № 2 Адам Iльясевiч, падзялiўся з намi цiкавым татарскiм далiкатэсам. Гальму яго навучыла гатаваць цёця.

— Спачатку кiлаграм сметанковага масла растапляю ў меднай пасу-дзе, — раскрывае рэцэпт субяседнiк. — Потым у яго дадаю кiлаграм мукi. Прыкладна паўгадзiны вару i няспынна памешваю. Атрыманую сумесь перамешваю з таксама падагрэтым кiлаграмам мёду, раскачваю i пакiдаю нанач астываць. Ранiцай рэжу на трохвугольнiкi. Усiм вельмi падабаецца, асаблiва дзецям.

Манастырскае печыва

У Жыровiчах Слонiмскага раёна 20 мая адсвяткавалi традыцыйны фэст, якi прымеркаваны да дня з’яўлення цудадзейнай iконы Жыровiцкай Божай Мацi. Удзельнiчаюць у iм харавыя калектывы, аркестры, вакальныя i вакальна-iнструментальныя ансамблi, дуэты, салiсты, а таксама аўтары i кампазiтары — выканаўцы, паэты. Не абыходзiцца i без пачастункаў.

— Мы прыгатавалi хлеб i разнастайную манастырскую выпечку, — расказала матушка Варсанофiя са Свята-Дабравешчанскага жаночага манастыра ў Слонiме. — Стараемся выкарыстоўваць натуральныя прадукты. Напрыклад, салодкае печыва з тварагом. Для яго прыгатавання патрэбны 200 грамаў маргарыну, 200 грамаў тварагу, 2 сталовыя лыжкi мукi, чайная лыжка соды, пагашанай воцатам, 100 грамаў цукру.

Усе iнгрэдыенты, акрамя цукру, змяшаць, цеста паставiць на паўгадзiны ў халоднае месца, потым раскачаць яго, выразаць кружочкi i пасыпаць iх цукрам. Выпякаць печыва ў духоўцы каля 20 хвiлiн.

Настаўнiца беларускай мовы i лiтаратуры з сярэдняй школы iмя Надзеi Кавалец у аграгарадку Вялiкае Малешава Столiнскага раёна Алена Краўцова ведае вельмi папулярны старадаўнi мясцовы рэцэпт пампушак са смятанай. У гэтым населеным пункце страва лiчыцца самым смачным дэсертам.

Алена Краўцова  з вучнямі.

— Для пампушак нам спатрэбiцца паўлiтра малака i столькi ж вады. Змешваем iх i даводзiм да кiпення, — распавядае Алена Iванаўна. — Далей астуджваем i дадаём 100 грамаў сухiх дражджэй. Потым бяром два яйкi i аддзяляем бялкi ад жаўткоў. Бялок узбiваем, усыпаўшы 120 грамаў цукру. Далей улiваем туды ж 100 грамаў сланечнiкавага алею i 100 грамаў сметанковага масла. Мукi трэба каля двух кiлаграмаў. Замешваем цеста, даём яму падысцi i толькi потым раскачваем таўшчынёй 3 сантыметры. Робiм кругленькiя булачкi i выпякаем 15—30 хвiлiн пры тэмпературы 180ºС.

Халодныя пампушкi на Столiншчыне ядуць са смятанай. Для гэтага трэба ўзбiць мiксерам паўлiтра смятаны са шклянкай (прыкладна 200 грамаў) цукру да гушчынi. I кожную пампушку вымачыць у салодкiм крэме i выкласцi на талерку. Смачны дэсерт гатовы.

Фото БЕЛТА

Кiсла ды салодка

Слаўгарадчына вядомая сваi-мi сырамi, звычайна ўлетку тут праводзяць «Сырны фэст». Ён дае магчымасць мясцовым сыраробам знайсцi рынкi збыту прадукцыi. Акрамя традыцыйнага кiрмашу-продажу хатнiх сыроў з дэгустацыяй, майстар-класамi па iх гатаваннi i розыгрышамi, на фестывалi прадстаўляюць агратурыстычныя аб’екты, дзе гаспадары сядзiб раёна прэзентуюць магчымасцi па прыёме турыстаў, лакальныя турпрадукты. А таксама частуюць стравамi нацыянальнай кухнi. Як паведамiла кiраўнiк аддзела iдэалагiчнай работы, культуры i па справах моладзi Слаўгарадскага райвыканкама Галiна Купрыянцава, у гэтым годзе летам таксама плануецца правесцi «Сырны фэст».


Сяргей Старавойтаў са Слаўгарада падзялiўся з «СГ» сямейным рэцэптам кiслых блiноў, якiя нiдзе ў нашай краiне больш не гатуюць.

— На першы погляд ён вельмi просты. Але далёка не ў кожнага выходзiць з першага разу. Гаворка пойдзе пра тоўстыя, пышныя блiны, якiя атрымлiваюцца толькi ў печы. Вялiкiм майстрам у гэтай справе была мама. У яе i пераняў рэцэпт. Я i мая сям’я з жывапiснага Слаўгарада, якi стаiць на дзвюх рэках — Сожы i Пронi. Мы часта запрашалi родных i сяброў у госцi. Iх заўсёды чакала на стале гара найсмачнейшых блiноў. Можа, таму яны так любiлi сюды прыязджаць. Ну i, вядома ж, пабачыцца, пагаварыць, — расказвае Сяргей.

I раскрывае рэцэпт цеста. Для яго патрэбны соль, цукар, мука, сода i кефiр (калi Сяргей быў малы, у iх была карова, i блiны рабiлi на хатняй сыраквашы).

— Змешваем усе iнгрэдыенты, — вучыць ён. — Цеста павiнна атрымацца кансiстэнцыi густой смятаны. I вось цяпер самае галоўнае — выпяканне. Па-першае, абавязкова бярозавыя дровы. Па-другое, яны павiнны згарэць напалову, каб у печы быў i жар, i полымя. Бяром патэльню з цестам, размеркаваным па ёй (папярэдне вышмараваць кавалачкам несалёнага сала), i спачатку трымаем уверсе, пакуль блiн не падымецца. А затым ставiм патэльню на гарачыя вугольчыкi. Вядома, навучыцца гэтаму можна, толькi стоячы побач i паўтараючы ўсе манiпуляцыi. Паверце, гэта зусiм не проста. Мая жонка да гэтага часу патэльню ўтрымаць не можа, ды i рукам горача. Так што ў нас размеркаваны абавязкi — яна рашчыняе цеста, а я выпякаю.

Дасведчаны вясковец раiць гарачыя блiны змазаць маслам або смятанай па гусце.

— Як кажа мой цесць, смачней блiноў ён не еў. Мы з жонкай пераехалi ў сядзiбу побач, у вёску Аляксандраўку Слаўгарадскага раёна, i ўжо там запрашаем гасцей на наш знакамiты пачастунак. Так бы мовiць, пашыраем геалакацыю сямейнага рэцэпта, — расказаў Сяргей. — Бо няма нiчога смачнейшага i прыемнейшага, чым адпачынак i апетытныя стравы дома!

Алена ­ЯСКО, «СГ»

yasko@sb.by

Настасся ­ЧАРКАНАВА — спецыяльна для «СГ»
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter