Лясгасы дазваляюць нарыхтоўваць сок самастойна i бясплатна. Для гэтага трэба напiсаць заяву i прайсцi iнструктаж.
Кацiроўкi бярозавай бiржы
Убачыць пластыкавыя бутэлькi i пакеты, прывязаныя да бяроз, зараз можна лiтаральна паўсюль. Заязджаем у адно з садовых таварыстваў, якiя прымыкаюць да Брэста. Ушчыльную падступае да дач бярозавы гай. Лiтаральна ў кожнае трэцяе дрэва ўбiты жолаб. На адной з бяроз вiсяць адразу чатыры пяцiлiтровыя бутлi. Побач —перапоўненая «паўтарашка». Сок, капаючы, сцякае ў зямлю.
Заўважыўшы чужынцаў, з-за веснiчак выходзiць гаспадар дачнага домiка. Мабыць, перажывае за захаванасць свайго бярозавага «ўраджаю». Знаёмiмся. Раману садовы домiк дастаўся ў спадчыну ад бацькоў. Гаворыць, бацька кожны год падсочваў бярозы. Навучыў i сына гэтаму няхiтраму промыслу:
— Нашы продкi ўсё жыццё займалiся нарыхтоўкай бярозавага соку, i нiчога. I бярозы не знiкалi, i соку на ўсiх хапала. Неяк без штрафаў абыходзiлiся. Вядома, усё трэба рабiць з розумам. Мы тэхналогiю выконваем ад i да. Стараемся мiнiмальна траўмаваць бярозы, а пасля збору ўсе адтулiны заштукоўваем садовым варам. Самi зацiкаўлены ў тым, каб гэты гай каля дома захоўваўся як мага даўжэй. Продажам соку не займаемся. Не вартае яно таго, ды i аб’ёмы не тыя…
У разгар сезона купiць бярозавы сок не праблема. На папулярных iнтэрнэт-пляцоўках поўна аб’яў. Сярэдняя цана — ад 20 да 50 капеек за лiтр. Паходжанне бярозавага соку таксама рознае:
— Адкуль сок? З лесу, вядома, — смяецца ў трубку прадавец Анатоль. — У адным з ляснiцтваў узяў у арэнду дзясятак бяроз. Кошт лiтра соку — 30 капеек. Так, гэта даражэй, чым у ляснiцтве, але далёка ехаць не давядзецца. Калi возьмеце больш за 100 лiтраў, тавар прывязу да вашага дома.
Што кажа закон?
Нарыхтоўка бярозавага соку рэгламентаваная Лясным кодэксам, Законам «Аб раслiнным свеце», а таксама пастановамi Мiнiстэрства лясной гаспадаркi i Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя. Агавораны месцы, дзе забаронена нарыхтоўваць бярозавiк: населеныя пункты, лесапаркавыя зоны, прыбярэжныя палосы, дэндралагiчныя паркi, батанiчныя сады. Гэтак жа пад забаронай гiсторыка-культурныя запаведнiкi, прыбярэжныя палосы, тэрыторыi санаторыяў, дамоў адпачынку, курортаў, месцы масавага адпачынку насельнiцтва. Памеры, колькасць, парадак вырабу адтулiн для збору соку таксама агавораны. Парушальнiкаў могуць папярэдзiць цi аштрафаваць на 20 базавых велiчынь. Такiя ж санкцыi свецяць i тым, хто не грэбуе забароненымi метадамi збору. Зрэшты, да адказу прыцягваюць нячаста. Прыродаахоўная iнспекцыя не разглядае невыкананне правiлаў нарыхтоўкi соку насельнiцтвам як злоснае парушэнне, а паўнамоцтвы работнiкаў лясгасаў распаўсюджваюцца толькi на лясныя ўгоддзi.
«Бярозавыя» браканьеры засталiся ў мiнулым?
У лясных угоддзях «бярозавых» браканьераў, падобна, практычна не засталося. Ва ўсякiм выпадку, менавiта такой iнфармацыяй падзялiлiся супрацоўнiкi некалькiх лясгасаў Брэсцкай вобласцi. Хоць яшчэ гадоў дзесяць таму пытанне стаяла вельмi востра. Як удалося перамагчы незаконных здабытчыкаў бярозавiку, мы даведалiся, пабываўшы ў Маларыцкiм лясгасе.
Нарыхтоўваць сок тут пачалi 8 сакавiка. Усяго плануюць сабраць не менш за 360 тон. Большую частку «ўраджаю» прадаюць не прыватным асобам, а перапрацоўчым прадпрыемствам. Асноўны пакупнiк — Маларыцкi кансервава-агароднiнасушыльны камбiнат.
Галоўны iнжынер лясгаса Мiкалай Максiмук тлумачыць: колькасць сабранага соку залежыць ад надвор’я.
— Маразы запавольваюць рух соку. Хуткi прыход вясны таксама не дазволiць атрымаць запланаваны аб’ём. Сок «нацягне» вады i страцiць усе свае лепшыя якасцi. Аптымальная тэмпература — блiжэй да нуля градусаў. Цяпер мы атрымлiваем да 12 тон бярозавiку ў суткi.
У складзе Маларыцкага лясгаса — восем ляснiцтваў. У пяцi з iх пад нарыхтоўкi соку выдзелены як мiнiмум адзiн участак. Для падсочкi выкарыстоўваюць толькi старыя дрэвы, якiя праз некалькi гадоў будуць спiлаваныя. Аб нелегалах, якiя арудуюць у лесе, тут даўно не чулi:
— Гэтая праблема страцiла сваю актуальнасць. Мы праводзiлi рэйды, усталявалi фотапасткi, узмацнiлi кантроль. Таму ахвотнiкаў рызыкаваць буйной сумай дзеля капеечнага прадукту амаль не засталося. Мяркуйце самi: лiтр соку каштуе 15 капеек. Колькi чалавеку трэба? Хай лiтраў 100. Гэта ўсяго толькi 15 рублёў. Якi сэнс рызыкаваць? — задае рытарычнае пытанне Мiкалай Максiмук.
Больш таго, у Маларыцкiм лясгасе гатовы даць бярозавыя дзялянкi ўсiм жадаючым. Прычым цалкам бясплатна:
— У кожным ляснiцтве ў нас арганiзавана саманарыхтоўка, — працягвае галоўны iнжынер. — Можна напiсаць заяву, атрымаць лясны бiлет, азнаёмiцца з правiламi падсочкi, тэхнiкi бяспекi i брацца за справу. Напрыклад, у Олтушскiм ляснiцтве на гэтыя мэты выдзелена 80 бяроз. Так што браканьернiчаць, парушаць закон цяпер цалкам бессэнсоўна.
Капеечны сок можа стаць «залатым»
Дзеля эксперыменту мы адправiлiся ў адно з ляснiцтваў, каб купiць 20 лiтраў соку. У бухгалтэрыi аплацiлi 3 рублi, атрымалi адрыўны талон, а разам з iм — iнфармацыю пра месцазнаходжанне дзялянкi. Яна знаходзiцца недалёка ад Маларыты, у глухiм лесе. Працай тут кiруе Вiктар, мужчына гадоў шасцiдзесяцi. Ён дапамагае пералiць сок з пакетаў у нашу тару, распавядае пра сваю працу:
— Добрае дрэва ў суткi дае каля 30 лiтраў соку. Можа i да 40. Наша задача — пусцiць сок, сачыць за напаўняльнасцю пакетаў. Ну i прадаваць яго ўсiм жадаючым, зразумела.
Ахвотных з кожным днём становiцца ўсё больш. Праўда, па дробязях пакупнiкi не разменьваюцца — бяруць i 100 лiтраў, i больш. Асаблiва шмат аматараў бярозавага соку прыязджае ў ляснiцтвы, якiя знаходзяцца блiжэй да Брэста. Тут нават даводзiцца весцi папярэднi запiс.
— Цяпер усё ўпарадкавана, спакойна. Аб якiх-небудзь парушэннях я даўно не чуў, — кажа Вiктар. — Ранней — так, здаралася. Маглi прыехаць сярод ночы, сарваць пакет, пералiць бярозавiк у сваю тару i спакойна з’ехаць. А сок сцякае ў зямлю. Я б не раiў так рабiць. Па-першае, побач з участкамi перыядычна дзяжураць супрацоўнiкi прыродаахоўнай службы i ДАI, а па-другое, штраф за парушэнне правiлаў нарыхтоўкi сёння высокi — да 20 базавых велiчынь. Так што некалькi дзясяткаў лiтраў таннага соку могуць стаць «залатымi».
losich@sb.by