Познаем Беларусь: Дмитриевская родительская суббота в традициях белорусов

Бацькоўская субота

Нашы продкі ва ўсе часы шанавалі памяць аб памерлых. Таму ў народным календары свята Дзяды значылася ў кожную пару года. Асаблівае месца сярод вясновых, летніх, зімовых адводзілася Дзядам восеньскім. Чаму? Надыходзіў час пасля цяжкай працы ў полі задумацца пра вечнае, звярнуцца да прашчураў з просьбамі наставіць на правільны шлях.


Восеньскія Дзяды Ася­ніны ў сучасным календары адкрываюць, па сутнасці, памінальны ты­дзень: 2 лістапада — Дзень памяці, 5 лістапада — Змітраўская бацькоўская субота ў праваслаўных. Дзяды заўсёды былі сямейным святам, падчас якога чакалі дарагіх гасцей і самі хадзілі ў госці. Напярэдадні дасканала прыбіралі хату, старанна праціралі вокны — лічылася, што менавіта праз іх душы продкаў трапяць ноччу ў дом. Абавязкова наведвалі лазню і заўсёды пакідалі лазневы венік і крыху вады, каб продкі таксама змаглі памыцца.

У Змітраўскую баць­коўскую суботу ўсёй сям’ёй ішлі на памінальную службу ў царкву, неслі асвяціць розныя стравы — як правіла, гэта была куцця. Потым адпраўляліся на могілкі. Сваякоў паміналі малітвамі. Падчас размоў звярталіся да памерлых, як да жывых. А ўвечары адбывалася памінальная вячэра. Першай стравай на стале заўсёды была куцця. Спрабаваць кашу падчас яе прыгатавання забаранялася — спачатку «пакаштаваць» яе павінны былі продкі. Таму першую лыжку куцці клалі на парог або ля акна — для «дзядоў». Толькі пасля гэтага пачыналі есці самі. Залатое правіла народнай культуры гаворыць: «Першая лыжка куцці, першы блін, першы глыток гарэлкі — продкам». Гаспадар браў чарку гарэлкі і трэць яе адліваў памерлым. Другую трэць выпіваў сам, а тое, што заставалася, пакідаў у чарцы. З яе і пачыналі памінальную вячэру, не забыўшыся «пачаставаць» продкаў: на акно ставілі талерку, у якую кожны член сям’і і госці клалі крыху ежы. Тое ж рабілі і з напоямі.

Акрамя крупяной кашы, на стале абавязкова былі кіслая і салодкая стравы, як дадатак — хлеб, яйкі, узвар з сушаных груш. Салодкай «дзедавай» стравай была макуха з жытняй мукі, якую на стол ставілі ў гліняным гаршку. Да «дзедаўскіх» страў адносіліся і блі­ны. Калі рана ў суботу гаспадыні іх пяклі, першы разрывалі на кавалкі і раскладвалі па вокнах. У некаторых рэгіёнах сярод абавязковых страў значыліся яешня, амлет з малаком, а на Віцебшчыне і Міншчыне — капуста. Гатавалі і шмат страў са свежага мяса. У час вячэры стараліся ўспамінаць самыя добрыя і вясёлыя моманты з жыцця нябожчыкаў.

Пасля памінальнай вячэры ежу са стала не прыбіралі, а зверху пакрывалі яе яшчэ адным абрусам — чакалі, што ноччу душы продкаў прыйдуць пачаставацца. Назаўтра рэшткі страў, і ў першую чаргу пакінутыя «дзядам», аддавалі хатняй жывёле, крошкі са стала — птушкам, якія лічыліся ўвасабленнем душ памерлых, а таксама лепшымі пасыльнымі ў замагільны свет. Напрыклад, у Бярэзін­скім раёне такія крошкі сушылі і захоўвалі для лячэння людзей, што надта баяліся смерці.

АД ПРАДЗЕДАЎ

На Дзяды гаспадар адчыняў вокны, дзверы і звяртаўся да продкаў з запрашэннем наведаць хату: «Дзядочкі, бабочкі, хадзіце да нас на вячэру!» Лічылася, што душы памерлых абавязкова спусцяцца на зямлю і наведаюць жытло, дзе іх памятаюць і чакаюць.

kuzmich@sb.by

Фото Pixabay

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter