Вельмі часта ў некаторых матэрыялах інтэрнэт-рэсурсаў і розных СМІ можна пачытаць пра нібыта велізарныя «багацці» Ватыкана — горада-дзяржавы, якой кіруе Папа Рымскі. У сувязі з гэтым у некаторых людзей узнікае пытанне, чаму б не раздаць цэннасці і грошы тым, каму яны вельмі патрэбны.
У гэтым кантэксце неабходна спачатку звярнуцца да самога сябе: чаму б мне не прадаць усё, што маю, і не аддаць атрыманыя грошы тым, хто жыве ў нястачы? Хутчэй за ўсё, мы адкажам, што мы не манахі, нам трэба мець нейкі ўзровень жыцця, трэба думаць аб будучыні, патрэбах сваіх блізкіх.
Тое ж самае тычыцца і Ватыкана. Яго існаванне важнае, паколькі ён з’яўляецца дапаможнай суверэннай тэрыторыяй Апостальскай Сталіцы, якая кіруе Каталіцкім Касцёлам. Тут жыве і працуе Папа Рымскі, тут размешчана мноства структур, якія дапамагаюць яму ў кіраванні Каталіцкім Касцёлам.
Давайце ўспомнім, што Каталіцкі Касцёл з’яўляецца фактычна самай вялікай дабрачыннай «арганізацыяй» у свеце. Ён дапамагае мільёнам людзей па ўсім свеце атрымаць харчаванне, адзенне, адукацыю і гэтак далей. Некалькі гадоў таму настаўнікам года ў свеце быў прызнаны каталіцкі манах, які навучае бедных дзяцей у Афрыцы. Для арганізацыі ўсяго гэтага маштабнага працэсу неабходна каардынацыя, якая і рэалізуецца ў Ватыкане і патрабуе сродкаў.
Адна з асноўных крыніц бюджэту Ватыкана — продаж уваходных білетаў у яго музеі. Гэта і ёсць так званыя скарбы Ватыкана. Гаворка ідзе аб адной з найбуйнейшых музейных калекцый свету. Ёсць і іншыя крыніцы папаўнення бюджэту: у асноўным гэта ахвяраванні вернікаў і дабрачынных фондаў.
Відавочна, што многія каштоўнасці Ватыкана, якія захоўваюцца, напрыклад, у яго музеях, з’яўляюцца здабыткам усяго чалавецтва. Аднак бюджэт Ватыкана не такі вялікі, як уяўляе сабе большасць людзей. Па сутнасці, яго можна параўнаць з бюджэтам вялікага горада, і тыя, хто гаворыць аб міфічным «багацці Ватыкана», проста не ведаюць рэальнага стану спраў.
У рэчышчы нашых разважанняў можна задаць іншае пытанне: а як жа багацці духавенства? Ва ўсім свеце каталіцкіх святароў — каля 400 тысяч. Гэта, на першы погляд, вялікая лічба, але іх не хапае для дапамогі ўсім католікам свету, якіх на зямлі пражывае больш за 1 мільярд 300 мільёнаў. Касцёл просіць сваіх святароў не імкнуцца да багацця. Кажучы простай мовай, святар мае права на нармальны ўзровень жыцця, але не павінен быць багацейшым за сярэднестатыстычнага жыхара краіны. І абсалютная большасць святароў прытрымліваецца гэтага правіла.
У Евангеллі напісана: «Работнік заслугоўвае платы сваёй». Будзем жа ў гэтыя светлыя пасляпасхальныя дні прасіць Бога, каб кожны чалавек меў адэкватную аплату за свае старанні і нармальны ўзровень жыцця.
Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ.
Ксендз Кирилл Бардонов о том, почему Ватикан не раздаст свои «богатства» бедным
«Багацці» Ватыкана
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.