Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.
У сучасных усходнеславянскіх мовах ёсць сітуацыі, калі характарыстыка прадмета ці асобы выяўляецца ў часе. Звычайна гэта перадаецца даданай азначальнай часткай складаназалежнага сказа: Над грушай, якая была ўсыпана кветкамі, гулі пчолы. Аднак яна лёгка замяняецца эканомнай формай — дзеепрыметным словазлучэннем: Над грушай, усыпанай кветкамі, гулі пчолы. Па змесце сказы амаль не адрозніваюцца, па форме ж адрозненне відавочнае. Дзеепрыметнік сумяшчае ў сабе ўласцівасці прыметніка і дзеяслова. Менавіта яму належыць, так бы мовіць, роля семантычнага кандэнсатара. Ён настолькі арганічна ўвайшоў у наша маўленне і заняў у ім трывалае месца, што бывае цяжка, а то і немагчыма замяніць яго даданым сказам, бо згубіцца сэнс. Напрыклад: Табе, з прытомленым сэрцам, прысыпанаму сівізной, хочацца зноў сустрэцца з далёкай сваёй вясной (П. Панчанка).
Эвалюцыянуючы разам з чалавекам, мова шляхам адбору пакідае прагрэсіўныя формы, у якіх інфармацыя перадаецца эканомнымі сродкамі. Яшчэ ў агульнаславянскай мове дзеепрыметнік займаў сталае месца і, прайшоўшы гістарычны шлях свайго развіцця, спраўна служыць нам і сёння.
У літаратурнай мове найчасцей ужываюцца дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу: высушаны, напоены, накормлены, узнагароджаны, створаны, аблюбаваны, засеяны, запалены, астуджаны, запрошаны, вывучаны, звіты, вымыты, вышыты, разгорнуты, праполаты, сагнуты і інш.
Варта адзначыць, што беларускія дзеепрыметнікі, як і ў старажытнай агульнаславянскай мове, ужываюцца не з дзвюма літарамі
-нн-, а з адной -н-: абнесены, паранены, загартаваны. Гэтым арфаграфія іх прынцыпова адрозніваецца ў роднай і рускай мовах, уносячы ў апошнюю пэўныя правапісныя цяжкасці. Толькі падвоенаму -нн- у “Правілах рускай арфаграфіі і пунктуацыі” (1956) прысвечана некалькі пунктаў. Напрыклад, напісанне слова раненый у словазлучэннях раненный вражеской пулей і раненый солдат адрозніваецца ў залежнасці ад таго, ці з’яўляецца яно прыметнікам (раненый солдат) ці дзеепрыметнікам (раненный вражеской пулей), ці ёсць у ім прыстаўка (израненный солдат) або залежнае слова (пулей). Адсюль даволі частыя дыскусіі аб правапісе рускіх дзеепрыметнікаў і сярод спецыялістаў, і сярод звычайных носьбітаў мовы, што нават неяк выразілася ў камічным: “Какая разница, куда ранен?!”.
Цяжкасці правапісу рускіх дзеепрыметнікаў сапраўды існуюць: рваная одежда (але: порванная, рванная на нем одежда), копченая колбаса (але: подкопченная, копченная на еловых ветках колбаса), кипяченое молоко (але: кипяченное вчера молоко), вяленая рыба (але: подвяленная, вяленная рыбаком рыба), соленые огурцы (але: подсоленные, соленные в бочке огурцы), моченые яблоки (але: моченные по бабушкному рецепту яблоки), пареный картофель (але: пареный в кастрюле картофель) і г.д. Кароткія ж формы пішуцца з адным -н-: (кипячен, вялена, порвано).
Рускія лінгвісты намагаюцца наблізіць гэтую норму да існуючай у нас. Невыпадкова ў падрыхтаваным праекце новай рэдакцыі рускага правапісу такая дыферэнцыяцыя напісання -н- , -нн- дзеепрыметнікаў і прыметнікаў адсутнічае, прапануецца пісаць адно -н-: “...Изменение заключается в отказе от орфографического разграничения причастий и прилагательных (не на -ованный, -еванный), образованных от глаголов несовершенного вида; для тех и других принимаются написания с одним н: жареная на масле картошка и жареная картошка, коротко стриженые волосы и стриженые волосы, гружёные дровами повозки и гружёные повозки”.
Каменціруючы гэтую прапанову, аўтары праекта слушна адзначаюць: “Старое правило представляет собой исключение среди тех правил, которые относятся к передаче буквенного состава слов, так как его применение требует обращения к контексту, синтаксического анализа. Оно является исключением еще и потому, что требует орфографического разграничения лишь в пределах одного разряда соотносительных причастий и прилагательных, тогда как подавляющее большинство полных форм причастий и прилагательных на
-нный (они образованы от глаголов совершенного вида) передается на письме одинаково (не говоря уже о формах на -тый)”.
Звяртаецца ўвага на застарэласць рускіх “Правіл” (1956): “К тому же это трудное для практического применения правило на деле приводит к орфографическому разграничению не причастий и прилагательных (как сформулировано в правиле 1956 г.), а форм с зависимыми словами и без них: первые пишутся с нн, вторые — с н. Но далеко не всякое зависимое слово означает, что перед нами причастие. Если в случаях типа стриженные парикмахером волосы, много раз крашенные стены (с зависимыми словами, обозначающими производителя действия или повторяемость его) употреблены причастия, то при других зависимых словах (стриженные ежиком волосы, крашенные светлой краской стены и т. п.) подобные образования скорее относятся к прилагательным: глагольность этих форм явно ослаблена. Таким образом, преодолевая значительные орфографические трудности, пишущий не отражает на письме заявленных в правиле языковых различий” (“Свод правил русского правописания. Орфография. Пунктуация”. М., 2000).
Прыведзеныя меркаванні красамоўна сведчаць пра накіраванасць уніфікацыі рускага правапісу да беларускага варыянту, у якім у большай ступені адлюстраваны фанетычны прынцып. Прапановы Арфаграфічнай камісіі пры РАН пададзены ў “Правилах русской орфографии и пунктуации: Полный академический справочник” (М., 2006) і адпавядаюць заканамернасцям развіцця сучаснай рускай мовы.
У роднай мове праблем з напісаннем падвоенага -нн- у дзеепрыметніках не ўзнікае, бо такога суфікса ў іх проста не існуе, што, як адзначалася, ідзе з далёкай даўніны.
У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” рэгламентуецца напісанне суфіксаў -ен-, -ан- і -н-. Адразу заўважу, што напісанне гэтых суфіксаў вынікае з асаблівасцей утварэння і ўжывання дзеепрыметнікаў. Таму іх правапіс у школе мэтазгодна разглядаць пры праходжанні адпаведнай тэмы па марфалогіі.
У параўнанні з “Правіламі” (1959) нормы напісання суфіксаў дзеепрыметнікаў не памяняліся. Але ёсць адна акалічнасць. У новую рэдакцыю не ўключаны правілы напісання суфіксаў дзее-прыметнікаў цяперашняга часу незалежнага стану -уч- (-юч) і
-ач- (-яч-) і залежнага стану -ем- і -ім- (-ым-), што выклікана іх нехарактэрнасцю для беларускай мовы, а адсюль і адсутнасцю асаблівых праблем у напісанні. У “Правілах” (1959) існуе слушная заўвага (с. 27), у якой гаворыцца, што ад дзеясловаў церці, дзерці, перці дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу ўтвараюцца пры дапамозе суфікса -т-, напрыклад: церці — цёрты, выцерці — выцерты, зацерці — зацёрты і г.д.; задзерці — задзёрты, надзерці — надзёрты і г.д.; падперці — падпёрты і г. д. Ужо не раз адзначалася, што ў “Правілы” (1959) было ўнесена шмат граматычных пытанняў (правапіс канчаткаў, утварэнне марфалагічных форм і інш.), што для таго часу было правільным і тлумачылася адсутнасцю фундаментальных прац па граматыцы. Напрыклад, першы том акадэмічнай граматыкі выйшаў толькі ў 1962 годзе.
У новай рэдакцыі прадпісваецца: суфікс -ен- пішацца ў дзеепрыметніках, утвораных ад дзеясловаў на -іць, -ці: адчынены, выбелены, згублены, супакоены, споены, накормлены, куплены, спаганены, скрыўлены, запылены, дазволены, зроблены, пазнаёмлены, асілены, заклеены, спалены, схілены, разяўлены, прастрэлены; звезены, прынесены, растрэсены, заведзены, спрадзены, пакрадзены, аплецены, мецены.
У “Правілах” (1959) дапускалася напісанне суфікса -ен- у некаторых дзеепрыметніках, утвораных ад дзеясловаў неазначальнай формы на -нуць, напрыклад: апранены і інш. Гэтае прадпісанне на сёння ўстарэла: пашырэнне атрымліваюць дзеепрыметнікі з суфіксам -т-: апрануты, пераапрануты, сагнуць — сагнуты, крануць — крануты і інш. Нават арфаграфічныя слоўнікі 70-х гадоў мінулага стагоддзя аддаюць перавагу дзеепрыметніку апрануты, ставячы яго на першае месца (Лобан М.П., Суднік М.Р. Арфаграфічны слоўнік. Мінск, 1971. С.76).
На сёння можна карыстацца наступным граматычным праві-лам: пры дапамозе суфікса -т- утвараюцца дзеепрыметнікі, аснова інфінітыва якіх заканчваецца на а, я, ы, і (беспрыставачная частка аднаскладовая): наліць — наліты, ліць — літы, узяць — узяты і інш.; а таксама ад дзеясловаў з асновай на о, у, ну, р: пакалоць — паколаты, абуць — абуты, абагнуць — абагнуты, здзерці — здзёрты.
Пры чаргаванні ў аснове дзеяслова [с’] — [ш], [з’] — [ж], [ц’] — [ч], [дз’] — [дж] у дзеепрыметніках пішацца суфікс -ан-: насіць — ношаны, уразіць — уражаны, запрасіць — запрошаны, круціць — кручаны, апярэдзіць — апярэджаны. Суфікс -ен- ужываецца пасля галосных і мяккіх зычных, -ан- — пасля зацвярдзелых зычных: запаліць — запалены, запрасіць —запрошаны.
Спалучэнне галоснай я дзеяслоўнай асновы з суфіксам дзеепрыметнікаў -н- пішацца ў тых дзеепрыметніках, якія ўтвораны ад дзеясловаў на -яць-: пасеяны, развеяны, змуляны, аблаяны, абстраляны, павыдумляны, абмяняны (ад абмяняць).
Зваротная сувязь
— Добры дзень! Як правільна пісаць і гаварыць размаўляць па тэлефоне ці размаўляць па тэлефону. Дзякую.
Уладзь ПЕРНІКАЎ, г. Мінск
— Перавагу трэба аддаць першаму варыянту. Яшчэ ў “Арфаграфічным слоўніку” М.П.Лобана, М.Р.Судніка (Мінск, 1971. С.39—40) сфармулявана правіла: назоўнікі мужчынскага і ніякага роду ў спалучэннях з прыназоўнікам па, як правіла, маюць канчатак -е або -і (у залежнасці ад асновы): лазіць па дубе, блукаць па горадзе, хадзіць па пакоі, ісці па следзе, загад па ўніверсітэце, звесткі па раёне, гаварыць па тэлефоне, выступаць па тэлебачанні, страляць па акопе, плакаць па сыне.
— Прывітанне! Ці правільна сказаць “Мы з сяброўкаю абое...”ViasiA
— Калі гаворка ідзе пра асоб жаночага полу, правільная форма — абедзве, калі маюцца на ўвазе асобы разнаполыя, правільна: абое. Адкуль і пайшла прымаўка: Абое рабое. Часам яе памылкова адносяць да асоб аднаго полу. Калі гаворка вядзецца пра асоб мужчынскага полу, правільна: абодва (Саша з Мішам абодва).