Археолагі працуюць побач з будаўнікамі.
Гісторыя пад зямлёй
Вось ужо некалькі месяцаў полацкія археолагі, а таксама дасланыя ім на падмогу спецыялісты Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, працуюць на будпляцоўцы. Без іх дазволу і зоркага погляду тут ніхто не мае права ўторкнуць рыдлёўку ў зямлю. Такая скрупулёзнасць цалкам абгрунтаваная: каштоўнасць Верхняга замка як гістарычнага аб’екта каласальная — культурны слой зямлі месцамі перавышае 6 метраў. І далёка не ўсюды калі-небудзь працавалі археолагі.
Сёння на будпляцоўцы шумна. Толькі-толькі скончыўся перапынак на абед, муляры і аддзелачнікі прыступілі да працы, па будпляцоўцы снуе тэхніка — падвозіць цэглу, раствор і іншыя будматэрыялы. Але ўсе земляныя работы праводзяцца ўручную. З абавязковым даследаваннем забранага грунту. У тым ліку металадэтэктарам.
Кандыдат гістарычных навук Ігар Магалінскі паказвае на невялікі ўчастак ва ўсходняй частцы Верхняга замка, абгароджаны стужкай — сюды людзям і тэхніцы ўваход забаронены.
— На гэтым месцы стаяла адна з прыбудоў былой бальніцы, — тлумачыць Ігар Уладзіміравіч. — Пасля яе зносу прадставілася магчымасць арганізаваць раскопкі ўнікальнай часткі некранутага культурнага слоя таўшчынёй 6 метраў. Яго даследаваннем археолагі ніколі раней не займаліся. Толькі верхняя частка (каля 2,5 метра ў глыбіню) была разбурана падмуркамі будынка. Унікальнасць слоя яшчэ і ў тым, што вільготнасць глебы тут спрыяе векавой захаванасці драўляных элементаў. У 1950—1960-я гады на прылеглым участку, не занятым тады пабудовамі бальніцы, ужо працавалі даследчыкі. Яны выявілі мноства каштоўных знаходак — практычна на іх у большай сваёй частцы і былі адноўлены пасля невядомыя старонкі гісторыі старажытнага горада. Будзе крыўдна, калі зараз мы страцім магчымасць вывучыць сакрэты Верхняга замка яшчэ больш дэталёва.
У чым праблема? У тым, што па праекце тут плануецца ўзвесці адзін з новых карпусоў будучага кадэцкага вучылішча. Падмуркам для яго павінна стаць шчыльная сетка 11-метровых паляў, што цалкам разбурыць культурны слой. Інстытут гісторыі ставіць пытанне аб фінансаванні заказчыкам папярэдняга правядзення раскопак — так, як і прадугледжана заканадаўствам. Археолагі абяцаюць ніяк не стрымліваць будаўніцтва і справіцца да жніўня — балазе, надвор’е дазваляе.
— Страчваць такую магчымасць ніяк нельга, — пераканана загадчык цэнтра археалогіі і старажытнай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН доктар гістарычных навук прафесар Вольга Ляўко. — Упэўнена, што вынікі раскопак будуць плённымі і нават сенсацыйнымі: не кранутая сучаснай гаспадарчай дзейнасцю старажытная зямля захоўвае яшчэ нямала таямніц. Знаходкі, зробленыя на будпляцоўцы ў ходзе сённяшняй комплекснай археалагічнай экспедыцыі, кіраўніком якой я з’яўляюся, ужо даказалі гэта. Чаго толькі вартыя астанкі старажытнага храма XIII стагоддзя — пасля зносу старых будынкаў былых гаражоў адкрыўся яго падмурак. Ён практычна выходзіць на паверхню, і нават відаць, як адрозніваюцца слаі старажытнага і ўжо больш новага цаглянага мура. Гэтае месца абяцае стаць разыначкай Верхняга замка, даступнай для турыстаў.
Часткі ўнікальнай амфары будуць склеены.
Ад манет да амфары
У руках кандыдата гістарычных навук Віктара Чараўко — беражліва ўпакаваныя знаходкі ўчорашняга дня. Віктар Уладзіміравіч распавядае:
— Вось колца-зорачка ад шпоры. Гэта прыкладна XIV—XV стагоддзі. Паясная накладка і пярсцёнак — таго ж часу. А фрагмент шклянога бранзалета і крыжык — XII стагоддзя. Штодня дастаём з зямлі каля дзясятка, а то і больш экспанатаў. Хоць цяпер даследуем далёка не лепшы ў гэтым плане ўчастак.
Рабочыя працуюць на ўмацаванне падмурка аднаго з будынкаў. Уздоўж яго і выкапана траншэя, дзе ўжо неаднойчы да таго, падобна, праводзіліся земляныя работы — культурны слой тут перамяшаны. Але ўсё роўна багаты. Менавіта тут быў знойдзены ляпны гаршчок, узрост якога як мінімум 10 стагоддзяў і які захаваўся амаль цалкам. А яшчэ — унікальная амфара з графіта. Цяпер яе вычышчаныя фрагменты сушаць на акенцы: паверхня амфары рыхлая — набралася вільгаці.
На тэрыторыі Верхняга замка ўжо сабраны сотні экспанатаў.
Віктар Чараўко тлумачыць:
— З дапамогай гэтай знаходкі мы атрымліваем пацвярджэнне, што на тэрыторыі Верхняга замка жылі людзі нябедныя — князі, баяры і багатыя купцы. У такіх амфарах з Візантыі прывозілі віно ці аліўкавы алей. Бачыце, адзін кавалачак пасудзіны мы спецыяльна пакінулі нявымытым? Паспрабуем з дапамогай аналізу ўсталяваць яго змесціва. Падобныя даследаванні праводзяць у Прыбалтыцы. Але ўжо цяпер ясна: візантыйскай амфарай просты люд не мог карыстацца.
Разглядаю знаходку бліжэй — на яе глінянай паверхні выразна бачны знак. Нешта накшталт англійскай літары N. А вось побач — старыя кулі, якія адліваліся з распаленага свінцу з дапамогай ручной кулялейкі, старажытнарускія пячаткі, таварныя пломбы. Унікальная пломба для тэкстыльных тавараў з Турнэ. Як трапіла ў Полацк? Значыць, хтосьці з багатых людзей заказваў цэлы скрутак тэкстылю — для аптовага гандлю. Гэта пацвярджае шырокую геаграфію гандлёвых сувязей у XVI—XVII стагоддзях.
Што ні знаходка — то цікавая гістарычная аповесць. І дзякуючы працягу раскопак на тэрыторыі Верхняга замка, які зараз наноў добраўпарадкоўваецца, гэтыя аповесці пра старажытныя часы абавязкова ператворацца ў вялікія паўнавартасныя тамы багатай беларускай гісторыі.
begunova@sb.by