Более 13 тысяч экспонатов хранится в Ветковском музее старообрядчества и белорусских традиций

Акно ў мінулае

Калі ў першай палове XVII стагоддзя адбылася рэформа Рускай праваслаўнай царквы, у нас з’явіліся стараверы. Уцякаючы ад праследавання за іншадумства, яны ацанілі талерантнасць і верацярпімасць беларусаў. І ахвотна сяліліся ў ваколіцах Браслава і Відзаў на Падзвінні, у іншых рэгіёнах. Зрэшты, і мы не засталіся ў накладзе: стараверы прыўнеслі ў культурную прастору Беларусі свае ўнікальныя звычаі і традыцыі, многія з каторых беражліва захоўваюцца да гэтага часу.

Горад майстроў

Шмат перасяленцаў асела на Палессі. У 1685 годзе на рацэ Сож, недалёка ад Гомеля, стараверы заснавалі слабаду, якую мы зараз ведаем як горад Ветка. Паступова Веткаўская слабада ператварылася ў буйны духоўны цэнтр стараверства, уплыў якога распаўсюджваўся па ўсёй Расіі і Усходняй Польшчы. Значную ролю адыгрывала і тое, што мясцовыя жыхары былі майстрамі на ўсе рукі і мелі схільнасць да прадпрымальніцтва. Напрыклад, іконамі, якія славіліся арыгінальным пісьмом і вельмі прыгожымі драўлянымі аправамі, Ветка забяспечвала амаль увесь стараверскі свет.

У пачатку XVIII стагоддзя Ветка — ужо вялікае паселішча гарадскога тыпу з самакіраваннем і шырокімі гандлёвымі сувязямі, са шматлікімі слабодкамі і мана­стырамі — цэнтрамі распаў­сюджвання пісьменства, развіцця мастацтва жывапісу.

З разнымі варотамі

Яшчэ ў савецкія часы Ветка была папулярным турыстычным маршрутам. Асноўная славутасць — музей стараабрадніцтва (да снежня 2012 года — Веткаўскі дзяржаўны музей народнай творчасці), арганізаваны на аснове прыватнай калекцыі мясцовага мастака і старавера Фёдара Шклярава. Экспазіцыя размешчана ў доме купца Грошыкава. Будынак, які, дарэчы, уключаны ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, цікавы сам па сабе, але прыцягвае ўвагу яшчэ і цудоўнымі разнымі варотамі, кожны сантыметр якіх хочацца ўважліва разглядаць. Самабытная школа веткаўскай разьбы па дрэве — спалучэнне мясцовых беларускіх і рускіх традыцый народнага архітэктурнага дэкору.

На дадзены момант у музеі больш за 13 тысяч экспанатаў. Сярод іх шыццё жэмчугам і бісерам, пазалочаная разьба, чаканка, іканапіс, вышытыя ручнікі, прадметы побыту, рукапісныя і старадрукаваныя выданні XVI — пачатку XIX стагоддзя: «Евангелле» Пятра Мсціслаўца, кнігі Івана Фёдарава (у тым ліку ўнікальнае выданне «Апостал»). Адначасова з тым музей — сапраўдны навукова-даследчы і асветніцкі цэнтр рэгіёна. Яго супрацоўнікі ўзнаўляюць старадаўнія абрады, даследуюць традыцыйныя тэхналогіі раместваў. І лічаць, што ўсведамленне ўласных культурных каранёў — крыніца сілы і ўпэўненасці ў будучыні.

Дарэчы, і ў гістарычным сэнсе гэтыя мясціны вельмі цікавыя. Напрыклад, іх згадвае Аляксандр Сяргеевіч Пушкін у манаграфіі «Гіс­торыя Пугачоўскага бунту». Аўтар сцвярджае, што будучы правадыр сялянскага паўстання, да таго як навесці шоргату ў Расійскай імперыі, хаваўся ў «раскольніцкай слабадзе Ветка». Прычым гэты факт знайшоў пацвярджэнне ў гісторыкаў. А некаторыя даследчыкі наогул выказваюць меркаванне, што менавіта веткаўскія стараверы якраз і падбілі Пугачова не толькі прыняць удзел у народных хваляваннях на Волзе і Доне, але і выдаць сябе за загінулага імператара Пятра III. Так гэта ці не — пытанне нявысветленае. Але, згадзіцеся, інтрыга ёсць.

bebenina@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter