Дзяржаўны камерны хор зноў запрашае аматараў у чароўны свет беларускай музыкі і паэзіі! 11 ліпеня ў 18:30 калектыў паўтарыць музычны вечар ва ўтульным дворыку Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея імя Я. Коласа.
Мастацкі кіраўнік і дырыжор, заслужаная артыстка Беларусі Наталля Міхайлава дапаўняе:
— Беларускія спевы і вершы прагучаць у месцы, дзе кожны кут захоўвае памяць пра жыццё і творчасць паэта і можна адчуць сябе часткай вялікай культурнай спадчыны. У асяроддзі дубоў і ліп, пасаджаных самім паэтам, у непаўторнай творчай атмасферы сядзібы Якуба Коласа будзе гучаць жывое беларускае слова ў народнай песні і сучаснай харавой музыцы.
Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь выканае творы айчынных кампазітараў на тэксты Якуба Коласа, Янкі Купалы, Пімена Панчанкі, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Карызны (ст.), апрацоўкі народных песень. Чароўныя галасы прафесійных артыстаў падораць асалоду гучання беларускай мовы і нацыянальнай песеннай лірыкі. За лепшае чытанне вершаў Якуба Коласа будзе прыз — аудыёдыск Дзяржаўнага камернага хору Беларусі.
Дарэчы, беларуская музыка, старадаўняя і сучасная, з’яўляецца вядучым кірункам дзейнасці Дзяржаўнага камернага хору Беларусі. На працягу творчага шляху (больш за 35 гадоў) з калектывам плённа супрацоўнічаюць выбітныя кампазітары, многія з якіх спецыяльна ставараюць творы для камернага хору.