“Нябачная Літва” Марыюса Явойшы. Выстаўка літоўскага фотамайстра заслугоўвае асаблівай увагі — нездарма яна разгарнулася ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Гэты апантаны чалавек стварыў самую вялікую кнігу пра сваю невялікую краіну і падарыў яе кожнай школе Літвы. Ён ведае, што такое “лятаючыя табурэткі”, за які час можна зрабіць больш за 20 тысяч аэрафотаздымкаў і як не кульнуцца на зямлю, калі ў паветры выпадкова канчаецца паліва... Знаёмцеся: Марыюс Явойша (на фота)— літоўскі падарожнік, аўтар дакументальных фільмаў, фатограф, прадпрымальнік і проста малады абаяльны чалавек.

Гэты апантаны чалавек стварыў самую вялікую кнігу пра сваю невялікую краіну і падарыў яе кожнай школе Літвы. Ён ведае, што такое “лятаючыя табурэткі”, за які час можна зрабіць больш за 20 тысяч аэрафотаздымкаў і як не кульнуцца на зямлю, калі ў паветры выпадкова канчаецца паліва... Знаёмцеся: Марыюс Явойша (на фота)— літоўскі падарожнік, аўтар дакументальных фільмаў, фатограф, прадпрымальнік і проста малады абаяльны чалавек.

Ідэя яго кнігі “Нябачная Літва” і аднайменнай выстаўкі даўно выйшла за літоўскія межы. Беларусь — шаснаццатая краіна, куды прыехалі выстава-падарожніца і яе аўтар. Раней былі Польшча, Германія, Італія, Ірландыя, Аргенціна, Аўстралія, ЗША, Канада... Дарэчы, Марыюс кожны раз стварае новую экспазіцыю, а пасля пакідае свае фотаздымкі, каб яны маглі вандраваць па іншых гарадах і расказваць іх жыхарам пра яго Радзіму.
— Яшчэ адзін кавалачак нашай планеты прыадчыніў для нас свае таямніцы дзякуючы таленту фотамастака, — сказаў на ўрачыстым адкрыцці выстаўкі першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Карачэўскі. — Здаецца, з саміх фатаграфій Марыюса Зямля нагадвае нам, што менавіта прыгажосць нашага агульнага дома аб’ядноўвае нас усіх. Гэта ўнікальны праект, бо ён збліжае нашы народы. Сімвалічна і тое, што выстаўка распачынаецца ў нашай краіне напярэдадні Дзён культуры Беларусі ў Літве.
— Два гады таму мы стварылі кнігу на літоўскай і англійскай мовах, — адзначыў Марыюс Явойша. — Ідэя была ў тым, каб спазнаць для сябе і адкрыць для іншых усю Літву — ад усходу да захаду, ад поўначы да поўдня, паказаць, якая гэта прыгожая краіна.
Практычна ўсе здымкі Марыюса, якія ўвайшлі ў выданне, ён зрабіў з розных лятальных апаратаў. У яго ёсць сябры, якія захапляюцца канструяваннем такіх “самапалаў” з рухавікоў аўтамабіляў. Здымаў фотамастак краявіды і з ваеннага самалёта, і з верталёта, і нават з паветранага шара. Набіваў руку, лётаючы не дзе-небудзь, а над Ціхім акіянам і востравам Сіцылія, над дзюнамі Намібіі і Гавайскім архіпелагам...
Але ж яму даводзілася “ўзбірацца” на неба і па-іншаму. Каб сфатаграфаваць Тракайскі замак увечары, ён і яго памочнікі прывезлі... будаўнічы кран, на які і залез фатограф. Атрымаўся неверагодна прыгожы панарамны здымак!
Цікава, што праект, падобны “Нябачанай Літве”, быў ажыццёўлены і ў Беларусі — “Нечаканая Беларусь” нашага вядомага фотамайстра Сяргея Плыткевіча.
— З вышыні птушынага палёту Беларусь і Літва вельмі падобныя, асабліва наша прырода, — лічыць Сяргей Плыткевіч. — Увогуле, добрая фатаграфія — лепшая візітная картка дзяржавы, а ў сэнсе інтэграцыі, наладжвання адносін паміж краінамі робіць часам нават болей, чым дыпламаты.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter