Цацкі сваімі рукамі дадуць фору Lego і Fisher price

Зрабі і гуляй

Запытайцеся ў сваіх бацькоў ці дзядоў, з чым яны бавіліся ў дзяцінстве. Напэўна, пачуеце захапляльныя аповеды пра выразаны з дрэва меч ці сшытага ўручную плюшавага медзведзяня. Раней цацак было не дакупіцца, ды і каштавалі яны нятанна, таму бацькі стараліся самі змайстраваць для дзіцяці якую-небудзь цацку. Сёння цацачныя аддзелы ў крамах забіты ад падлогі да столі. Тое ж самае адбываецца і ў дзіцячых пакоях. Малыя хутка страчваюць цікавасць да пакупак, і лялькі з машынкамі ляжаць без патрэбы. Часам бывае і такое, што бацькі купляюць дзіцяці дарагую наварочаную цацку, а малое нават не звяртае на яе ўвагу, аддаючы перавагу мамінаму апалоніку ці татаваму пульту ад тэлевізара. Паспрабуйце зрабіць цацку для дзіцяці самі. Выдатна, калі выкарыстаеце другасную сыравіну — зберажэце і грошы, і прыроду і, напэўна, прынясеце радасць малому. Як правіла, усё, што зроблена рукамі і ад душы, выклікае толькі добрыя эмоцыі.

Травянчыкі

Часам іх называюць яшчэ “экачалавечкамі”, але яны не абавязкова павінны быць падобнымі на людзей. Травянчыкаў можна вырабіць у выглядзе жывёлы, казачнага персанажа ці проста нейкай дзіўнай істоты. Выраб складаецца з мяшочка для набівання, напаўняльніка, насення травы і дэкаратыўных элементаў. У якасці асновы выкарыстоўваюцца капронавыя шкарпэткі ці калготкі, можна і каляровыя — у такім разе травянчык атрымаецца яркі. Напоўніць яго можна пілавіннем, сінтэпонам або ватай. Важна не забыць змясціць насенне — у хаатычным парадку, змяшаўшы з напаўняльнікам, або ў нейкім вызначыным месцы, там, дзе вы хочаце, каб з’явіліся парасткі. Мяшочак звязваецца, з дапамогай нітак фарміруюцца вушы, нос, тулава і іншыя часткі цела. На фігурку з дапамогай водатрывалага клея прымацоўваюцца вочкі і іншыя элементы. Гатовы выраб трэба пагрузіць у ваду на некалькі хвілін, затым паставіць на талерку ці нейкую іншую падстаўку. Праз 5—7 дзён з’явяцца першыя ўсходы. З часам травянчыка можна будзе падстрыгаць і змяняць яму вобраз.


Круцёлка з паперы


У заапарках, дзіцячых парках і іншых папулярных месцах, дзе часта адпачываюць бацькі з дзеткамі, прапануюць набыць круцёлкі, якія прыходзяць у рух пад сілай ветру. Дзецям такая цацка прыносіць мора радасці. Адзіны мінус — звычайна вырабляюць такія круцёлкі з пластыку невысокай якасці. Аднак гэтую цацку нескладана змайстраваць і самому. Вам спатрэбяцца 2 квадратныя кавалкі каляровай паперы памерам прыкладна 15х15 см, драўляная палачка (можна для сушы), клей, нажніцы, канцылярскі цвічок, лінейка, аловак. Папяровыя квадраты трэба склеіць паміж сабой, на атрыманым лісце правесці дыяганалі, ад кожнага вугла зрабіць разрэзы, пакідаючы адлегласць да сярэдзіны каля 2 см. Затым неабходна акуратна сагнуць вуглы да цэнтра: спачатку пару процілеглых пялёсткаў, затым тыя, што засталіся. Зафіксаваць іх можна з дапамогай канцылярскага цвіка ці іголкі з бусінкай. Засталося прымацаваць атрыманую фігуру на палачку, але так, каб засталося свабоднае месца для кручэння.

Драўляны пазл

Найбольш бяспечнымі і экалагічнымі для дзіцяці лічацца драўляныя цацкі. Самае простае, што можна зрабіць з дрэва, калі ты невялікі спецыяліст, гэта пазл або галаваломка. Кавалак фанеры або дошкі (матэрыял абавязкова павінен быць апрацаваны, гладкі і без сколаў) дастаткова разрэзаць з дапамогай лобзіка на часткі і апрацаваць іх наждачнай паперай. Яны могуць быць роўныя, фігурныя, любыя — задача дзіцяці скласці з іх папярэднюю фігуру. Складанасць пазла будзе залежаць ад майстэрства бацькоў і ўзросту дзіцяці.


mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter