Камбайнеры Аляксандр САДОЎСКІ і Уладзімір ЕЎДАКІМАЎ з брыгадзірам Іванам ЯШЧАНКАМ.
Абхітрыць прыроду
— З раніцы на нас абрынуўся такі лівень, што на вуліцу выйсці было страшна: вада хвалямі пералівалася праз асфальт, — расказвае намеснік дырэктара па вытворчасці Андрэй Бянько, з якім мы сустракаемся на тэрыторыі сушыльнага комплексу. — Думалі, што наогул у полі ўсе працы застопарацца, але ветрык дапамог: цяпер нашы камбайнеры ўжо стартуюць на больш высокіх участках ніў. Яшчэ толькі пяць гадзін вечара. Учора хлебаробы заглушылі рухавікі дзесьці на пачатку адзінаццатай…Намеснік дырэктара па вытворчасці Андрэй БЯНЬКО.
Ад сушылак (іх сумарная магутнасць — 400 тон у суткі) раз-пораз ад’язджаюць гружаныя аўтамабілі. «Рудакова» завяршае здачу дзяржзаказу па рапсе: на алееэкстракцыйны завод будзе адпраўлена 2,2 тысячы тон насення. Дарэчы, сельгаспрадпрыемства першым у раёне ў сціслыя тэрміны ўбрала ўсе рапсавыя плантацыі. Зараз вось змаглі адразу ўсе сілы кінуць на ўборку збожжавых.
— Зжаць у цэлым трэба будзе каля 5000 гектараў, — дзеліцца планамі брыгадзір Іван Яшчанка. — Першая ўраджайнасць радуе: асобныя палі даюць пад 50 цэнтнераў з гектара.
Едзем на ўчастак, дзе цяпер працуе ўдарны атрад механізатараў. Па дарозе мае экскурсаводы заварочваюць на жывёлагадоўчы комплекс і дзеляцца сакрэтам: пакуль вільготнасць збожжа была высокай, яго падвяргалі плюшчэнню ў спецыяльныя рукавы. Тым самым крыху падманулі прыроду: і жніво вялі, і траціць лішнія грошы на дасушванне хлеба не давялося.
А вось і яны — доўгія белыя змейкі выстраіліся ў радок паміж фермамі. Тут, у гэтых рукавах, запакавана ўжо больш за 600 тон выдатнага пажыўнага корму. Кажуць, калі прыадкрыць рукаў (чаго па тэхналогіі цяпер рабіць ніяк нельга, бо неабходна пазбегнуць траплення паветра ў герметычную пасудзіну), то здзівішся моцнаму хлебнаму водару — як быццам каравай у печы выспявае.
— Кармы для нас аснова асноў, — тлумачыць Андрэй Аляксандравіч. — Буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы амаль 8000 галоў. Уяўляеце, колькі трэба зернефуражу, сена, сіласу? «Рудакова» па плошчах уваходзіць у тройку найбуйнейшых у Віцебскім раёне. Сёлета мы павялічылі пасяўныя плошчы ячменю. Ён, дарэчы, радуе ўраджайнасцю. Нядрэнныя перспектывы таксама па азімай пшаніцы і іншых культурах.
Вопыт і майстэрства
Працягласць гаспадаркі — 50—55 кіламетраў. Лічы, ад Бешанковічаў да Лёзна. Так што для таго каб дабрацца да месца сённяшняга дыслацыравання камбайнаў, даводзіцца прайсці немалы шлях. Па дарозе мы раз-пораз атрымліваем сігналы са «штаба»: дождж ідзе ў розных кропках сельгаспрадпрыемства. Але, на шчасце, там, дзе пасля ранішняга ліўня распачаў працу механізаваны атрад, пакуль ціха.— Камбайнеры ў нас усе свае — людзі вопытныя, надзейныя, не раз правераныя. У многіх за плячыма па некалькі дзясяткаў гадоў за штурвалам, — завочна мяне ўжо знаёмяць з героямі будучага матэрыялу. — Ды і прозвішчы іх добра вядомыя: нашы хлебаробы пастаянна займаюць прызавыя месцы ў працоўных спаборніцтвах, з’яўляюцца нязменнымі ўдзельнікамі раённых і абласных «Дажынак».
А вось і яны — шчыльным колам акупіравалі горачку з азімай пшанічкай. Прызнаюцца: не толькі спецыялісты гаспадаркі гэтымі днямі старанна прагортваюць разнастайныя сайты ў пошуках «правільнага» прагнозу надвор’я, але і самі камбайнеры. Прагнозы розныя і далёка не заўсёды апраўдваюцца. Вось зараз у найбліжэйшай вёсцы ідзе дождж, а тут пакуль суха. Учора пашанцавала: сіноптыкі абяцалі непагадзь, а яна абышла «Рудакова» бокам. Сёння дожджык, на жаль, выдатна пагарэзіў: вунь на суседняе поле нават пешшу, не тое што на цяжкавагавым камбайне, не ўвайсці. Так што трэба спяшацца.
— У мінулую ўборачную пару мы занялі другое месца ў раёне па рапсе, трэцяе — па збожжавых. У нас было 5 тысячнікаў, — уводзіць у курс справы Андрэй Бянько. — Дваім трошкі часу не хапіла. Думаю, у гэтым сезоне нагоняць. У гаспадарцы 11 камбайнаў. За апошнія чатыры гады мы набылі тры новыя «Палессі». Але практыка паказвае: далёка не заўсёды ўсё залежыць ад навізны тэхнікі. Вунь, бачыце, Мікалай Шушкевіч працуе на «Лідзе»? Машыне амаль 20 гадоў, а яна як гадзіннік. Такога ж узросту і «Мега» Міхаіла Фрычкова. Гэтыя два механізатары ўжо прыбралі да жніва амаль 150 гектараў траў!
З дзяцінства, лічы, удзельнічаюць ва ўборачнай гарачай пары спачатку памочнікамі, а апошнія гадоў 15—20 перадавымі камбайнерамі Аляксандр Садоўскі і Уладзімір Еўдакімаў. Пакуль рабілі фота, Аляксандр навучыў мяне разлічваць ураджайнасць вельмі арыгінальным спосабам: колькі зярнятак у коласе, такая і ўраджайнасць поля. Сцвярджае: яго сістэма пакуль ні разу не падвяла. Гэтак жа, як і яркі надпіс пад лабавым шклом «Беларусь» — гэтую наклейку шматразовы лідар жніва лічыць сваім галоўным талісманам.
На добры ўраджай сёння разлічвае і камбайнер з 20-гадовым стажам Віктар Аўчыннікаў. Толькі, кажа, пагодлівыя хвілінкі шанаваць трэба…
Камбайнер Віктар АЎЧЫННІКАЎ за штурвалам ужо амаль 20 гадоў.
Як я разумею, гэта тонкі намёк на канец гутаркі. Тым больш што ўдалечыні бачны «мікрык»: механізатарам вязуць «падвячорак». Час на сухі паёк тут ніхто не марнуе — спатоліць голад з яго дапамогай можна і ў кабіне, без адрыву ад працы. Кормяць сваіх земляробаў у «Рудакове» добра. Паўнавартасныя абеды і вячэры сёлета цалкам бясплатныя для ўсіх членаў прафсаюза. Абяцаюць і добры заробак — у людзей павінен быць стымул. А камбайнеры, абапіраючыся на вопыт мінулых гадоў, упэўнены: яны, як заўсёды, не застануцца расчараванымі. У перадавой гаспадарцы ўмеюць шанаваць якасную працу.
begunova@sb.by