Как скульптуры Вячеслава Долгова меняют Гомель и настроение его жителей

Жывая бронза

Лодачнік на беразе Сажа, клоўн Карандаш каля цырка і былы ўладальнік маёнтка са сваімі хартамі — без гэтых скульптур зараз нельга ўявіць Гомель. Яны сталі сімвалам горада, «жыхарамі» сувенірных паштовак і шматлікіх турыстычных сэлфі. Іх аўтар, вядомы таленавіты скульптар Вячаслаў Далгоў, на жаль, у лютым пайшоў з жыцця. Майстар не дачакаўся ўстаноўкі яшчэ аднаго свайго шэдэўра. Тыдзень таму каля аўтавакзала з’явілася фігура пасажыра, які бяжыць да свайго аўтобуса. 

Князь і яго сабакі на вечнай прагулцы.

Удава майстра Людміла сустракае нас у невялікай кватэры з відам на возера. Удалы пейзаж для творчага чалавека. Зараз тут жывуць эскізы скульптара — міні-варыянты ўжо ўсталяваных на гарадскіх вуліцах работ і некалькі задумак, якія яшчэ могуць заняць сваё месца ў Гомелі. 

Людміла Далгова.

Адной з самых яскравых работ для горада, створанай яшчэ ў 1990-я, стала выява Дзевы Марыі з Ісусам, якая зараз упрыгожвае каталіцкі касцёл. Людміла не без падстаў называе гэту работу шэдэўрам:

— Гэта вельмі нестандартнае рашэнне. Ісусу тут 12 гадоў. Яго фігура створана ў выглядзе крыжа. Такога прачытання ў каталікоў яшчэ не было.

Выява Дзевы Марыі з Ісусам зараз упрыгожвае каталіцкі касцёл.

Вячаслаў Карпавіч ідэі для роднага горада прапаноўваў сам. Узнікалі пытанні з фінансаваннем, прыходзі­лася пераконваць мастацкія саветы. Часам фінальны варыянт значна адрозніваўся ад першапачатковай задумкі. Маленькі чалавек на чамадане каля чыгуначнага вакзала, напрыклад, па ідэі мастака павінен быў мець крылы. Мабыць, яны давалі большую свабоду для падарожжаў.

— Фігура князя з хартамі ўвогуле тры гады прастаяла ў майстэрні, пакуль было прынята рашэнне аб устаноўцы. 

«Прагулку з хартамі», усталяваную ў знакамітым гомельскім парку, Вячаслаў Далгоў называў лепшай сваёй работай. Працаваў над ёй без спешкі. Амаль на сакральным узроўні карэнны гамяльчанін адчуваў атмасферу палацава-паркавага ансамбля і бачыў, што арганічна зможа ўпісацца ў яго ландшафт. Любімыя сабакі князя Фёдара Паскевіча Лорд і Марка, дарэчы, пахаваныя на тэрыторыі парку. У бронзавым варыянце яны з 2015 года выйшлі на вечную прагулку са сваім гаспадаром. А на беразе Сажа размясцілася велізарная фігура лодачніка — першага гамяльчаніна з рыссю. Магчыма, таго самага, што калісьці, па легендзе, крычаў: «Го-го, мель!». Зараз гэта адзін з сімвалаў горада. 

На вакзале вас таксама сустрэнуць скульптуры майстра.

Свайго мужа Людміла называе не інакш як кампазітарам. Гэта толькі тэарэтычна яго работы — статычныя бронзавыя выявы. На практыцы кожная з іх уяўляе сабой складаны сюжэт. Разам з паплечніцай скульптара мы адпраўляемся на экскурсію па Гомелі варыянта Далгова.

— Гэта скульптура Карандаша вельмі спадабалася ўнучцы клоўна, якая прысутнічала на адкрыцці. Копія зараз стаіць у Маскве каля Дырэкцыі цыркаў Расіі. Яго адметнасць — падняты ўверх палец.

Гэта скульптура тут жа абрасла прыкметамі. Дакранешся да пальца — будзеш паспяховым, вырашылі гамяльчане. Майстар зрабіў выяву Карандаша настолькі дакладна, што бачны былі нават лініі. Аднак зараз палец вядомага клоўна адпаліраваны да бляску. Людміла ўспамінае, што Вячаслава Карпавіча такая народная любоў заўсёды радавала. Іншая гісторыя з фігурай катрыншчыка, які стаіць у Навабеліцкім раёне. Яго прыйшлося рабіць з бетону, а потым неаднаразова аднаўляць рукі, капялюшык, папругу, якія сталі ахвярамі актыўнай увагі гамяльчан. 

Эскізы праектаў скульптара.

Вячаслаў Далгоў быў майстрам шматгранным. Яскрава перадаваў самыя розныя вобразы: стварыў фігуру былога гомельскага епіскапа Мітрафана, гарэльеф з выявай сям’і каля ЗАГСа Савецкага раёна ці невялікі памятны знак сяброўства славянскіх народаў «Тры сястры». Ён на новы ўзровень узнёс паняцце застылага руху, зрабіўшы дынамічную скульптуру «Ванька-ўстанька». 

Пасажыр каля аўтавакзала не рухаецца, аднак ад кожнай дэталі вее дынамікай. Ён спяшаецца на аўтобус, заціснуўшы рукой прыгожую ляльку — падарунак для родных. Рассеяны малады чалавек не закрыў да канца чамадан, а накінуты цераз плячо гімнастычны абруч становіцца сімвалам жыццёвага кругавароту. Гэта скульптура заняла сваё месца каля транспартных «варот» горада дзякуючы падтрымцы прадпрыемства «Гомельаблаўтатранс» і ўжо трапіла на першыя сэлфі турыстаў.

Пасажыр нібы насамрэч бяжыць да аўтобуса.

На жаль, майстра не стала. Ён паспеў зрабіць многае. Каля 30 яго работ сталі часткай не толькі Гомеля, але і іншых гарадоў. І дагэтуль яго ідэі працягваюць жыць. Фігура гімназіста, які хаваецца ад дажджу пад велізарным падручнікам, дарэвалюцыйны дворнік, купідоны на слупах, гатовыя пусціць стралу ў сэрца мінака, і многае іншае, прыдуманае і гатовае для адліўкі, у любы момант можа заняць сваё месца на вуліцах Гомеля. Адна з апошніх работ — эскіз скульптуры знакамітага дрэсіроўшчыка Вальдэмара Запашнага, створаны па ініцыятыве мясцовага цырка. Пакуль — толькі праект. Аднак не выключана, што яшчэ на адну знакавую работу Вячаслава Далгова ў Гомелі стане больш.

valchenko@sb.by

Фота Івана ЯРЫВАНОВІЧА і Івана КУЗМЯНКОВА.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter