Цалкам ці часткова Біблія перакладзена на паўтары тысячы моў і дыялектаў свету. У тым ліку на заходнепалескую гаворку. Зрабіў гэта лаўрэат дзяржаўнай прэміі Беларусі вядомы лінгвіст Фёдар Клімчук з вёскі Сіманавічы Драгічынскага раёна. Фёдара Данілавіча ўжо некалькі гадоў няма на гэтым свеце, а яго землякі справу працягваюць. Яны збіраюць матэрыялы для ўключэння мясцовай гаворкі ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Кажуць, што мова, на якой існуе Біблія, ніколі не павінна знікнуць.
Местные жители Евдокия Зинович и Федор Булыга.
«Закрый двэры — вітёр дьма»
Многія лічылі Фёдара Данілавіча дзіваком, бо ён не быў жанатым, цікавіўся толькі гаворкамі: ездзіў па вёсках, параўноўваў, як хто размаўляе, і запісваў. Гэта нам расказалі вяскоўцы, якія сабраліся ў клубе суседняй з Сіманавічамі вёскі Вулькі Сіманавічскай. Асноўныя вясковыя работы завершаны, і пенсіянеры з задавальненнем згадзіліся пагаварыць пра знакамітага земляка, а заадно і пра сваё жыццё-быццё. Многія правялі яго ў горадзе, а старэць вярнуліся на малую радзіму...Як некалі Фёдар Данілавіч, жанчыны сёння перажываюць, што мясцовая гаворка знікае. І ўнукі не будуць ведаць, што за ежа такая — товканіца, крышаны, каплук, цура, соломаха, квашына, мучаныца. Што кіт — гэта кот, жэба — жаба, маркізейка — белая хусцінка, а сумачка з лазы завецца вэрэнькай...
— Лена, дома як вы размаўляеце? — звярнуўся да загадчыцы вулькаўскай бібліятэкі Алены Буйніч дырэктар Драгічынскага музея імя Д. К. Удовікава Сяргей Гранік.
— Толькі па-мясцоваму, — адказвае. — А вось сын з дзяцінства — на рускай мове, бо на ёй навучаецца ў школе. Старыя і сёння гавораць у вёсках па-свойму, а моладзь саромеецца.
— У мяне нечыя ўнукі на вуліцы запыталіся, каго я гнала на пашу — казу ці карову. Трэба ж такое пачуць! Не ведаюць дзеці, навошта фартушкі жанчыны насілі (цяжарныя — каб не зурочылі. — Заўв. аўт.), чаму трэба было рукі памыць адразу, як у чужую хату заходзіш (каб ніхто ў хаце не захварэў. — Заўв. аўт.). Забываюць дзеці вёску, — з сумнымі разважаннямі падключылася да размовы пенсіянерка Валянціна Дацкевіч.
Библиотекарь Елена Буйнич с книгой земляка Федора Климчука.
Былая настаўніца Ала Аліноўская ўспомніла, як здзівіліся сваякі яе мужа, калі прыехалі да іх пагасціць:
— Яны на беларускай літаратурнай размаўлялі, нас не разумелі.
Сяргей Гранік родам з вёскі Брашэвічы. Пытаецца, ці зможам перакласці, і тут жа сам дае адказ:
— «Закрый двэры — вітёр дьма» азначае «зачыні дзверы — вецер дзьме». «Жэба ў емцы еблычко качэла» — «жаба ў ямцы яблык качала».
На мясцовай мове няма падручнікаў. І яна паціху сыходзіла з ужытку не без намаганняў саміх палешукоў. Ала Мікалаеўна расказала, што ў настаўніцкай размаўлялі па-мясцоваму — пра ўрокі, гаспадарку, жыццё. А як толькі выходзілі ў школьны калідор — хто па-руску, хто па-беларуску. Дзеці павінны былі вучыцца размаўляць па-гарадскому, а не па-вясковаму, так тады лічылася.
У адрозненне ад калег-настаўнікаў Клімчук не толькі не саромеўся вясковай мовы, але і прывёз яе ў Мінск, у Акадэмію навук, куды яго запрасілі працаваць.
— Фёдар Клімчук паказаў, што дыялект — гэта не «скалечаная» літаратурная мова, як думаюць іншы раз, не трасянка, а самабытная этнамова, якая мае права на жыццё, бо існавала ў нашых краях, на Палессі, а не толькі на Драгічыншчыне, стагоддзямі, — уключаецца ў размову краязнаўца Леанід Гарбейка з Сіманавіч.
Ён агучвае пажаданне сённяшніх вясковых старажылаў надаць заходнепалескай мове статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Уключыць у дзяржаўны спіс Беларусі, а можа, нават у спіс ЮНЕСКА.
Этнамова праз песню
Сёння палеская мова захоўваецца і жыве праз песню. Пачулі мы яе — і не адну — у выкананні калектыву Вулькаўскага сельскага клуба пад кіраўніцтвам загадчыцы Вольгі Ярмоц.Фёдар Булыга і яго жонка Еўдакія Зіновіч з Вулькі Сіманавічскай — адны з папулярызатараў заходнепалескай этнамовы праз песню. Фальклорны дуэт дзе толькі не выступаў, станавіўся лаўрэатам розных конкурсаў і фестываляў. Для нас яны таксама выканалі некалькі песен, якія, дарэчы, можна знайсці на Ютубе.
Фёдар Фёдаравіч не з мясцовых. Кажа: «Прымак!» Прыехаў са Столінскага раёна ў сталым узросце. Пабраліся шлюбам з Еўдакіяй Ігнатаўнай, якая на той час аўдавела. Склалася не толькі сямейная пара, але і фальклорны дуэт.
— Фёдар Фёдаравіч у нас яшчэ і майстар-класы праводзіць па пляценні пасталоў, — здзівіла Вольга Ярмоц.
— Навучыў колісь бацька, — патлумачыў Булыга, узяўшы у рукі пасталы-лапці. — І ён насіў некалі такія, і я насіў. Бывала, ідзеш у адной пары на танцы, а другія — на плячы вісяць, каб пераабуцца. Хутка стоптваліся пасталы, пары на некалькі дзён хапала.
Фішка музея
Па ініцыятыве брэстчаніна Сяргея Ліцвінко з дапамогай сельвыканкама і землякоў два гады назад каля Кургана Славы ў Сіманавічах з'явіліся мемарыяльныя пліты з імёнамі 186 сяльчан, якія змагаліся за Перамогу. Чуць раней — камень з годам першай згадкі аб вёсцы. Наступны крок — стварэнне музея.Разам с Сяргеем Гранікам, Леанідам Гарбейкам, Фёдарам Булыгай і Еўдакіяй Зіновіч мы пабывалі ў хаце, якую аддалі пад музей нашчадкі ветэрана-героя Сцяпана Міхайлавіча Хоміча, які менш чым за год на фронце атрымаў медаль «За адвагу» і ордэн Славы III ступені. Высокая столь, зала, спальня, вялікая кухня з печчу, кладоўка, лесвіца на гару — гаспадар пабудаваў хату пасля вайны, бо Сіманавічы былі спалены. Безумоўна, на такой плошчы музею будзе дзе разгарнуцца.
— З добраўпарадкаваннем абяцаюць дапамагчы вядомыя землякі, — спадзяецца Сяргей Гранік. — Наша справа — напоўніць гісторыяй. Турыста сёння патрэбна зацікавіць, прычым не толькі экспанатамі. Абрадамі, інтэрактыўнымі імпрэзамі, майстар-класамі. Мы бачым, з якім задавальненнем едуць госці ў музей «Бездзежскі фартушок», калі экскурсіі на нашай мове праводзіць дырэктар Марыя Астаповіч. А бачылі б вы, як слухаюць дзеці Талстога ў перакладзе Фёдара Клімчука. Так што фішкай новага музея стане наша палеская мова.
ДАВЕДКА «СГ»
Фёдар Клімчук нарадзіўся ў 1935 годзе ў Сіманавічах. Працаваў настаўнікам гісторыі на радзіме. Завочна скончыў гістфак Мінскага педінстытута, аспірантуру. У 1973-м абараніў кандыдацкую дысертацыю па лінгвагеаграфіі Заходняга Палесся. Аўтар меў больш чым 200 работ у галіне дыялекталогіі, лексікаграфіі, лінгвагеаграфіі, фальклору, тапанаміі і гэтак далей. На палескую мову пераклаў Гамера, Гогаля, Талстога. «Новы запавет» перакладаў больш за 15 гадоў. У 2000-м тыражом у 200 экзэмпляраў выйшла частка перакладу. Поўнае выданне навуковец убачыць не змог — ён памёр за тры месяцы да выхаду кнігі з друку, у кастрычніку 2018-га.
У ТЭМУ
У спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ўключаны:
2009 г. — святочны калядны абрад «Калядныя цары», в. Семежава, Капыльскі раён;
2018 г. — свята ў гонар іконы Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст), г. Будслаў, Мядзельскі раён;
2019 г. — вясенні абрад «Юраўскі карагод», в. Пагост, Жыткавіцкі раён;
2020 г. — культура ляснога бортніцтва.
valentinak3@mail.ru