Безработные теперь могут пройти переобучение более чем по 100 профессиям

Запpашаем у клуб прафесiяналаў

У лік топавых прафесій у краiне апошнiм часам трапілі… спецыялісты па штучным вырошчванні грыбоў. Пра гэта паведаміла на анлайн-канферэнцыі, якая прайшла ўчора ў БЕЛТА, намеснік начальніка ўпраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена Дакукiна. Эксперт адзначыла, што прадстаўнiкоў такой прафесii больш за ўсё працадаўцы шукаюць у Брэсцкай вобласці.

Архіўнае фота

У ліку іншых найбольш папулярных сёння спецыяльнасцей – швачкі, прадаўцы, кухары. У сельскай мясцовасці патрабуюцца муляры, жывёлаводы і электразваршчыкі. Як паведаміў начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Такун, попыт на працоўную сілу ў краіне застаецца высокім: у другім паўгоддзі гэтага года налічвалася каля 90 000 вакансій. Доля іх складае каля 65 працэнтаў ад усіх вольных месцаў. Дарэчы, на ўліку ў якасці беспрацоўных на 1 верасня знаходзілася каля 12 000 чалавек, што на чвэрць менш, чым годам раней.

Гаворачы пра падрыхтоўку і перападрыхтоўку беспрацоўных, спецыялісты адзначылі, што ў цэлым такое навучанне займае да года, але ў сярэднім курсы доўжыцца тры месяцы. Гэты перыяд ідзе ў залік у працоўны стаж. Крыху больш за 60 працэнтаў тых, хто праходзіць навучанне, ажыццяўляюць гэта па хадайніцтве наймальніка і загадзя ведаюць, куды яны пойдуць працаваць. Напрыклад, у Мінску па такой схеме навучаюць машыністаў электрацягнікоў па дамове з метрапалітэнам, у Магілёве і Брэсце — вадзіцеляў тралейбусаў. Распаўсюджана практыка падрыхтоўкі па запыце наймальніка прадаўцоў, аператараў паштовай сувязі, кухараў, машыністаў кацельні.

— Надалей мы будзем імкнуцца да ста працэнтаў навучання па заяўках наймальнікаў, — адзначыў Алег Такун.

Фота Юрыя МАЗАЛЕЎСКАГА

Беспрацоўныя могуць прайсці перанавучанне больш як па 100 прафесіях. Каля 20 працэнтаў з іх — інтэграваныя, калі чалавек адначасова атрымлівае дзве і больш прафесій, напрыклад сакратара і інспектара аддзела кадраў. Як правіла, гэта часцей сустракаецца ў навучаннi па рабочых спецыяльнасцях, напрыклад тынкоўшчык-маляр, абліцоўшчык-плітачнік.

На анлайн-канферэнцыі зададзена пытанне пра магчымасці перанавучання для пенсіянераў.

— Важна разумець, што маецца на ўвазе, — пракаменціраваў Алег Такун. — Калі чалавеку прызначана пенсія і ён яе атрымлівае, то ў гэтым выпадку грамадзянін не можа зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнага і не мае права на перанавучанне. Калі мы гаворым пра людзей, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту, але не атрымліваюць пенсію, то можна іх зарэгістраваць беспрацоўнымі і накіраваць на курсы.

Ірына БЕЛАЯ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter