Источник: Знамя юности
Знамя юности

По следам Максима Танка. Корреспондент "Знаменки" побывала в деревне Пильковщина Мядельского района

«За небасхілам цягнуцца Мядзельшчыны прасторы…»

Народны паэт Беларусі Максім Танк нарадзіўся 106 гадоў таму назад – 17 верасня 1912-га. У якія б далечы ні заносіла яго жыццё, ён ніколі не забываўся пра дарагі край, дзе «сэрца званчэйшыя песні вядзе». Мы прайшліся па малой радзіме класіка – вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна.


«Стаю ля хаціны старой…»


Разам з кіраўніком літара­тур­нага музея імя Максіма Танка Святланай Шылько адпраў­ляемся ў падарожжа. Дарога вядзе нас праз ажыўленае перакрыжаванне, невялікі малады лясок, калгасную майстэрню, узараныя палеткі, змейкай праскаквае вёска Мацкі. Піль­каўшчына зараз амаль апусцелая, бо моладзь пераязджае ў горад. Дарога робіць апошні зігзаг і прыво­дзіць нас да павароткі на хутар Пружанка, дзе знаходзіцца хата, у якой нарадзіўся Жэня Скурко (сапраўднае імя Максіма Танка. – Прым. «ЗН»):

Нават і сёння

Хаціна старэнькая тая,

На пількаўскія валуны абапёршыся,

Век дажывае…

На сядзібе нас сустракае дуб, пасаджаны маці паэта Домнай Іванаўнай. Святлана Іосіфаўна паказвае на яшчэ два дрэвы, якiя растуць побач:

Краснаўка – рака дзяцiнства Максiма Танка

– Адно дрэўца, што каля асвера, пасадзіў дзед Максіма Танка, другое з’явілася, калі сям’я вярнулася з Расіі. А вось там, – указвае Святлана Іосіфаўна на поле, – была груша-дзічка, якую пасадзіла бабуля Улляна. На жаль, грушу вывернуў трактар, калі ў калгасе садзілі жыта.

Дрэвы былі асабліва дарагія для Максіма Танка як «настаўнікі, што зямлю вучылі любіць», як сімвалы магутнасці, непакорнасці, мужнасці народа, яго духоўных каранёў, памяці. Нездарма адзін з вершаў паэт назваў «Настаўнік»:

На былым гумнішчы

Стаіць

Яшчэ бацькам пасаджаны

Дуб.

Не знаю,

Як мог выжыць ён.

За хатай шыкоўнай аркай раскінуліся кусты арэшніку і алея з дзесяці ліп. Іх высадзіў сам Яўген Іванавіч, калі вярнуўся з Вільні ў 1930 годзе, праводзіць экскурс Святлана Іосіфаўна:

– У сям’і існавала традыцыя садзіць дрэвы. Верылі, што арэшнік з’яўляецца абярэгам ад усіх бед.

Уваходзім у хату, дзе прай­шло дзяцінства Максіма Танка. На стале – зборнікі паэта, яго партрэт. На сядзібе бацькоў жыў малодшы брат пісьменніка Фёдар разам з жонкай Марыяй, але ў 2011 годзе ён памёр, і хата засталася без гаспадароў. З сям’ёй у паэта былі цёплыя адносіны, распавядае Святлана Шылько:

Шлях да школы пачынаўcя з вялiкага валуна

– Бацька быў начытаным чалавекам і прывіў любоў да кніг сыну. Вельмі перажываў Іван Хведаравіч, калі Максім Танк трапіў у турму. Ездзіў да яго, праведваў, а паэт супакойваў бацьку, што выйдзе з няволі. Маці Домна была шчырай, малілася за кожнага і непакоілася. Яе рукі Максім Танк уславіў у вершы «Рукі маці»:

Толькі заўсёды,

Як мы зберымося дамоў

І на стол пакладзе рукі маці,

Быццам ад сонца, ад іх пасвятлее ў хаце

І ў сэрцы.

«Зноў я на тых сцежках…»


Праз поле ідзе дарога, якая ўлетку «закалыханая жытам» і «расшытая крыжыкамі трыпутніку і канюшыны», увосень – скрозь усеяная купчастым палыном і быльнягом, зімой – занесеная снегам, а ўвесну – размытая разводдзем. Яна захоўвае нямала балючых успамінаў, падкрэслівае Святлана Шылько:

– Па гэтай дарозе гналі Яўгена Скурко ў пастарунак па марозе, ногі ў крыві, збітыя, а ззаду бегла маці і галасіла-прычытала: «Паночкі, не біце яго! Паночкі, толькі не біце!..» Памятае сцяжынка і імгненні, калі сын прыязджаў дадому і наведваў блізкіх.

Хата, дзе нарадзiўcя паэт

Перад апошняй хатай мы збочваем на малапрыкметную дарогу, якая вядзе да вёскi. Шкленікова. Па гэтай дарозе гарэзлівы вучань-непаседа Жэня Скурко хадзіў у пачатковую школу. Дарога ідзе густым борам, спускаецца на луг, уздымаецца і праходзіць праз палеткі. Святлана Іосіфаўна адзначае, што быў яшчэ адзін шлях да школы:

– Пачынаўся ён каля вёскі Новікі ад вялізнага валуна, і быў намнога даўжэйшым, пакруцістым, балоцістым і небяспечным, асабліва зімой. Але смелы і няўрымслівы хлопчык нічога не баяўся. Сцежка таксама цікавая тым, што скрозь усыпана валунамі. Вельмi ўражваюць сваёй незвычайнай формай тры вялізныя камяні – адзін з іх нават падобны на стол. Сапраўдныя волаты! Як жа было не прыпыніцца ля іх?

Я кожны камень пазнаваў:

Калі сустрэў яго,

Калі на ім адпачываў,

Начлежны клаў агонь.

Праходзім каля Краснаўкі – ракі дзяцінства Максіма Танка. Сёння рачулка больш нагадвае канаву – выпрастаная, выраўненая меліяратарамі, абмялелая:

Яе ўброд пераходзілі дзяўчаты,

Баючыся, каб як

Не змачыць сваіх спадніц,

Або калі мы пераносілі іх на руках.

Шкальнікоўская школа даўно не прымае новых вучняў. Перад тым як пакінуць вёску, робім прыпынак ля мясцовага возера, пра якое ўзгадала адну гісторыю кіраўнік музея:

– Восенню 1926 года Яўген Скурко паступае ў Вілейскую рускую гімназію. Дзед Хведар пераказаў юнаку легенду пра возера, і Жэня запісаў яе ў форме верша. Аднак хлопец крытычна паставіўся да свайго твора, палічыў яго дрэнным і знішчыў. Пасля паэт пашкадаваў, што так зрабіў.

«Люблю твае, Нарач, затокі і тоні…»


Каб дабрацца да наступнага прыпынку нашай экскурсіі, неабходна пераадолець шлях больш за 30 кіламетраў. Мы накіроўваемся да возера Нарач – любімае месца адпачынку турыстаў і мясціна, якую паэт уславіў у сваіх вершах і паэме:

І ўсе з захапленнем, замёршы,

Глядзім на дзівосную казку –

На Нарач! На Нарач! На Нарач!

На беразе возера ў Максіма Танка было лецішча. Часта завітвалі ў госці да паэта сябры, расказвае Святлана Іосіфаўна:

– Прыязджалі Міхась Лынь­коў, Аркадзь Куляшоў, нават Якуб Колас. Вельмі любілі лавіць рыбу, выцягвалі з возера шчупакоў на 15 кілаграмаў.

Рыбу, пачышчаную і парэзаную, Максім Танк прыносіў жонцы Любе. Калі падчас экскурсіі Святлана Шылько распавядае пра іх каханне, то дзецям здаецца, што ў жыцці такое немагчыма:

– Люба насіла перадачы Максіму Танку ў турму. Мала­дыя людзі і самі не заўважылі, як адзін аднаму прыглянуліся. На пытанне бацькоў «як жа ты, сынок, аддзячыш дзяўчыне?» Яўген адказаў: «Я прыгатаваў ёй вялікі сюрпрыз: прапаную руку і сэрца». Яны нарадзіліся ў адной вёсцы і ў адзін год, выхавалі траіх дзяцей, ад нас пайшлі з розніцай у некалькі месяцаў і пахаваны ў адной магіле. Ёй, сваёй вернай спадарожніцы жыцця, Максім Танк прысвяціў неўміручыя радкі:

У тваіх валасах

Сны начуюць

мае неспакойныя,

У тваіх вачах

Загараюцца ўсе мае золакі,

У тваіх вуснах грэюцца

Усе мае ўсмешкі,

У далонях тваіх рук

Збягаюцца ўсе мае сцежкі…

…Апусцела сядзіба ў Піль­каўшчыне, змяльчэла рэчка Краснаўка, не гучаць галасы дзяцей і дарослых у старой хаце. Толькі ў вершах Максіма Танка можна ўбачыць яго малую радзіму, такую, якой яна была больш за стагоддзе назад.

Надзея ТАЧЫЦКАЯ, фота з асабістага архіва Святланы Шылько
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter