“Сюды ішлі толькі добраахвотнікі”: як 100 гадоў таму ў Беларусі стваралася Чырвоная Армія

Вынеслі на сваіх штыках

Літаральна заўтра краіна ўрачыста адзначыць стагадовы юбілей беларускай арміі. За гэтыя гады шмат чаго здарылася ў жыцці краіны і яе ўзброеных сіл — баёў і паходаў, войнаў і перамог, аднаўлення разбуранага вайной і мірнага стваральнага жыцця. Было і такое: месца старой рускай арміі, якая пакінула фронт, займалі мясцовыя сяляне-добраахвотнікі. Аб тым, як усё пачыналася, у якіх умовах стваралася войска, наша размова з загадчыкам аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук кандыдатам гістарычных навук Сяргеем Трацяком.


Фронт, які  самаліквідаваўся

— Сяргей Аляксандравіч! Увогуле, што за сітуацыя была на тэрыторыі Беларусі ў лютым 1918 года? Якія сілы тут прысутнічалі і якія ўзброеныя часці яны мелі?

— Сітуацыя ў лютым 1918 года была наступная. Тэрыторыя была падзелена лініяй фронту Першай сусветнай вайны: Заходняя Беларусь была акупаваная нямецкімі войскамі, ва Усходняй — стаяў расійскі Заходні фронт. Прычым пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ён імкліва распаўся: калі на восень 1917 года меў мільённы асабовы склад, то да пачатку лютага 1918 года засталося толькі 250 тысяч чалавек. 

— Куды дзеліся тры чвэрці яго байцоў?

— Фронт імкліва самадэмабілізаваўся, пры гэтым, па сутнасці, рашэнні аб дэмабілізацыі фронту мелі вымушаны характар. Па прынцыпе: калі не можаш спыніць працэс, лепш яго ўзначаліць — увесці гэтую стыхійную самадэмабілізацыю, ці, калі называць рэчы сваімі імёнамі — дэзерцірства, хоць у якія-небудзь рамкі. Калі салдаты разбягаюцца, то лепш, каб гэта адбывалася пад якім-небудзь кіраўніцтвам, тым больш калі яны разбягаюцца самі па сабе, пачынаецца марадзёрства. І яно было вельмі балючай з'явай у той час на тэрыторыі Усходняй Беларусі.

— Армія знікала, як снег вясной... А што ж стваралася на яе месцы?

– Адначасова ішлі працэсы арганізацыі новых узброеных сіл. Пры гэтым што цікава: у расійскай Грамадзянскай вайне абодвум варагуючым бакам, і чырвоным і белым, прыйшлося ствараць свае арміі практычна з нуля і нанова. Яны мелі вельмі адносную пераемнасць са старой рускай арміяй. На тэрыторыі Усходняй Беларусі фарміраваліся атрады Чырвонай гвардыі на падставе рэалізацыі прынцыпу ўзбраення працоўных класаў. Яны былі створаны ў 44 населеных пунктах, у тым ліку ў Мінску, Магілёве, Гомелі, Віцебску, Оршы, Полацку, практычна ва ўсіх павятовых цэнтрах, шмат якіх валасных. І да кастрычніка 1917 года яны мелі ў сваіх радах больш за 16 тысяч чалавек. Бальшавікі не збіраліся напачатку ствараць уласную рэгулярную армію.

Сваю першую перамогу над ворагам савецкія войскі атрымалі на беларускай зямлі

Жыццё, аднак, рассудзіла па-свойму. Цікава, што першая вайсковая часць будучай Народна-сацыялістычнай гвардыі, якая была папярэдніцай Чырвонай Арміі, была сфарміравана ўжо 7 лістапада 1917 года ў Мінску з ліку рэвалюцыйна настроеных салдат, якіх вызвалілі бальшавікі з вайсковай турмы падчас узяцця ўлады. Гэта быў 1-шы Рэвалюцыйны імя Мінскага Савета полк, які ўжо падчас Грамадзянскай вайны пасля перафарміравання стаў 237-м Мінскім стралковым палком 1-й Беларускай брыгады 27-й Омскай стралковай дывізіі РСЧА. Той самай дывізіі, якая ўжо ў міжваенны час стаяла на тэрыторыі Беларусі, была ў складзе Беларускай ваеннай акругі і ў 1941 годзе прыняла на сябе першы ўдар вермахта.

Чырвоная  гвардыя займае  акопы

— Адзін полк яшчэ не армія...

— На 1 лютага 1918 года ў распараджэнні Аблвыканкамзаха і камандавання Рускай Рэвалюцыйнай Арміі было ўжо 20 тысяч мясцовых чырвонагвардзейцаў і міліцыянераў, 12 тысяч байцоў Народна-сацыялістычнай гвардыі, якія былі зведзены ў дзве дывізіі і шэраг асобных часцей. Таксама на дапамогу Заходняму фронту было перакінута 2 тысячы чырвонагвардзейцаў з Масквы і Петраграда. З іх ліку 5—6 тысяч чалавек трымалі фронт супраць кайзераўскіх войскаў, па сутнасці, былі тым баявым ядром, вакол якога і групаваліся тыя 250 тысяч салдат і афіцэраў былога фронту старой арміі, якія засталіся. А астатнія — ахоўвалі важныя аб'екты і пункты ў тыле, вялі барацьбу з бандытызмам і крымінальнай злачыннасцю, а галоўнае — вялі вайну з 1-м Польскім корпусам генерала Юзэфа Доўбар-Мусніцкага, які аб'явіў 25 студзеня 1918 года вайну савецкай уладзе і дзеля гэтай «святой справы» афіцыйна заключыў саюз з кайзераўскай Германіяй.

— Карацей кажучы, ішла вайна на два франты. Якія адметныя моманты ў ёй можна адзначыць?

— Цікава адзначыць, што сваю першую перамогу над ворагам савецкія войскі атрымалі на беларускай зямлі. Адбылося гэта 13 лістапада 1917 года (па новым стылі), калі германскія войскі атакавалі пазіцыі Грэнадзёрскага корпуса     2-й арміі Заходняга фронту на Зрубаўскіх вышынях, у раёне станцыі Пагарэльцы пад Нясвіжам. Бой ішоў увесь дзень, але пазіцыі савецкіх палкоў немцам прарваць так і не ўдалося. «Першая перамога савецкіх войскаў» — менавіта так гэтыя падзеі ахарактарызаваў ваенна-рэвалюцыйны камітэт Грэнадзёрскага корпуса ў сваёй тэлеграме ў Мінск і Петраград.

І яшчэ адна акалічнасць. Большая частка Народна-сацыялістычнай гвардыі Заходняга фронту, прычым гэта былі палкі і брыгады першага фарміравання, тады, калі ў Народна-сацыялістычную гвардыю запісваліся батальёны і цэлыя палкі старой арміі, была перакінута супраць ворагаў савецкай улады ў іншыя рэгіёны Расіі. 

— А ўжо ў лютым замест Чырвонай гвардыі з'явілася Чырвоная Армія?

— Так, у студзені 1918 года ўрад Савецкай Расіі кардынальна мяняе сваю пазіцыю ў галіне ваеннага будаўніцтва. Ад ідэала рэвалюцыйнага ўзброенага народа і нестварэння рэгулярнай арміі прыйшлося адмовіцца. 28 студзеня 1918 года Савет народных камісараў Расійскай Савецкай Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі прыняў Дэкрэт «Аб арганізацыі Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі». 

Тым самым быў пакладзены пачатак стварэнню рэгулярнай сацыялістычнай арміі. 

Першыя  баі, першыя  перамогі

— І амаль адразу Чырвонай Арміі давялося бараніць Айчыну, уступіць у баі з ворагамі. 

— Так. Тым часам, 18 лютага 1918 года, скарыстаўшыся ваеннай слабасцю Савецкай Рэспублікі і пралікамі савецкай дыпламатыі — маю на ўвазе заяву таварыша Троцкага, які сказаў, што мір з Германіяй і яе саюзнікамі падпісваць не будзе, але вайну лічыць спыненай і армію дэмабілізуе, — германскія ваенныя і дыпламаты палічылі: калі Савецкая Расія адмаўляецца падпісаць мір, значыць, стан вайны і баявых дзеянняў аднаўляецца. І вось германскія і аўстрыйскія войскі перайшлі ў наступленне па ўсім фронце — ад Балтыйскага мора да Карпат, зламалі супраціўленне разрозненых часцей і атрадаў Рэвалюцыйнай Рускай Арміі на лініі баявога супрацьстаяння і хутка рушылі на Петраград, Маскву і Кіеў. Што датычыцца Беларусі, то тут сітуацыя ўскладнілася тым, што 16 лютага 1918 года ў адпаведнасці з загадам штаба германскага Усходняга фронту ў наступленне на Мінск і Слуцк з раёна Бабруйска перайшлі войскі 1-га Польскага корпуса. Ім удалося разбіць часці чырвонага фронту пад Асіповічамі. Разбітыя часці пачалі хаатычны адыход да Дняпра, пакінуўшы напрамак на Мінск на волю лёсу. Мінск, па сутнасці, аказаўся адкрыты. У выніку 19 лютага 1918 года пачалася яго эвакуацыя, якая праходзіла вельмі хаатычна, а ўжо 21 лютага германскія войскі былі ў горадзе.

Быў пакладзены пачатак стварэнню рэгулярнай сацыялістычнай арміі: чаго ў прынцыпе не прызнавалі ні Маркс, ні Энгельс.

21 лютага 1918 года ўрад Савецкай Расіі апублікаваў Дэкрэт-заклік «Сацыялістычная Айчына ў небяспецы!», які прызваў рабочых і сялян выступіць на абарону заваяванай свабоды. Выканкам Петраградскага Савета абвясціў 23 лютага Днём абароны сацыялістычнай Айчыны і днём масавага запісу добраахвотнікаў у Чырвоную Армію. Пры гэтым масавы запіс пачаўся ў розных месцах і практычна адначасова. А ўжо праз дзень свежасфарміраваныя часці з добраахвотнікаў уступілі ў баявыя сутычкі з інтэрвентамі, закрываючы шлях на Петраград. Што датычыцца Беларусі, то тут 23 лютага 1918 года жорсткія баі з немцамі ішлі ў раёне Талачына. Пры гэтым за дзень баёў, як паведамляла камандаванне Заходняга фронту па барацьбе з контррэвалюцыяй, сфарміраванага якраз у лютаўскія дні 18-га года для таго, каб хоць неяк закрыць шлях на Смаленск і Маскву, асабовы склад атрадаў на талачынскім напрамку за кошт масавага прытоку дабравольцаў-сялян вырас у чатыры разы. У наступныя дні кайзераўскія інтэрвенты сустрэлі ўпартае супраціўленне на падыходах да Полацка, Барысава, Оршы, Магілёва, Гомеля і Калінкавічаў. Па няпоўных даных, да 10 сакавіка 1918 года германскія і польскія інтэрвенты страцілі ў Беларусі да 1 тысячы салдат і афіцэраў забітымі, параненымі, прапаўшымі без звестак і трапіўшымі ў палон. 

Такім чынам, у Беларусі ў пачатку 1918 года Чырвоная Армія прыняла баявое хрышчэнне, і менавіта якраз падчас падзей лютага – пачатку сакавіка 1918 года назіраўся першы масавы прыток добраахвотнікаў у яе рады. Колькасць добраахвотнікаў была такой значнай, што дазволіла ўжо вясной і ўлетку 1918 года сфарміраваць і першыя цалкам беларускія палкі Чырвонай Арміі. У прыватнасці, Віцебскі добраахвотніцкі полк сялянскай беднаты, які ў чэрвені 1918 года быў перакінуты ў Паволжа супраць чэхаславакаў, пакрыў сябе вялікай славаю, змагаючыся спачатку супраць Чэхаславацкага корпуса, потым супраць белагвардзейскай Усерасійскай Дырэкторыі, потым – супраць войскаў Калчака. І закончыў свой баявы шлях у Омску ў складзе 27-й Омскай стралковай дывізіі.

Адзначу, што баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі мелі характар не грамадзянскай вайны, а барацьбы з інтэрвенцыяй замежных дзяржаў. У 1918 годзе гэта была Германія, потым, пасля выгнання германскіх войскаў і абвяшчэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, практычна адразу пачалася вайна з чарговымі інтэрвентамі – гэта былі палякі.

– Дзякуй за цікавую гутарку!

valkovsky.sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter