Сакрэты творчасці, свайго двайнога прозвішча i «Полькі беларускай» тлумачыць вядомы паэт Леанід Дранько-Майсюк

«Вось яна казка Давыд-Гарадок: бацька на ганку i мацi ў гародзе»

Сакрэты творчасці, свайго двайнога прозвішча, «Полькі беларускай» і шмат што яшчэ тлумачыць вядомы паэт Леанід Дранько-Майсюк


АЎТАР тэксту папулярнай песні “Полька беларуская” Леанід ДРАНЬКО-МАЙСЮК нарадзіўся ў старажытным Давыд-Гарадку, што на Палессі. Працаваў рабочым у філіяле Кобрынскага  інструментальнага завода. З першымі вершамі дэбютаваў у столінскай раёнцы «Навіны Палесся». Друкаваўся ў рэспубліканскай маладзёжнай газеце  “Чырвоная змена”. Скончыў Маскоўскі літаратурны інстытут імя Максіма Горкага. Пасля завяршэння службы ў войсках паветраных сіл рэдагаваў пісьменніцкія рукапісы ў беларускім дзяржаўным выдавецтве “Мастацкая літаратура”.

Аўтарскі арсенал Леаніда Васільевіча багаты і разнастайны па жанрах. У розныя гады скарбніцу беларускай літаратуры папоўніла больш як пятнаццаць яго выданняў: “Стомленасць Парыжам”, “Цацачная крама”, “Вандроўнік”, “Над пляцам”, “Тут”, ”Места і свет”, “Акропаль”, “Гаспода”, “Паэтаграфічны раман", “Кнігі для спадарыні Эл”, а таксама апавяданне-сімфонія “Анёлак і я”. Паэтычны зборнік “Проза радасці” перакладзены на рускую мову і выйшаў у свет у Маскве ў 1991 годзе. Дарэчы, гэта апошняя кніга беларускага аўтара, якая выдадзена ў Савецкім Саюзе. 

У 27 гадоў таленавітага творцу прынялі ў члены Саюза пісьменнікаў СССР. Літаратар уганараваны званнем лаўрэата літаратурнай прэміі “Залаты апостраф”.

АПОВЕСЦЬ “Глыбінь-Гарадок”, што друкавалася ў сярэдзіне пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя  ў маскоўскім часопісе “Знамя” і пазней у “Роман-газете”, пісьменніца Лідзія Абухава пачала параўнаннем пасляваеннага райцэнтра Давыд-Гарадок з Вечным горадам, адзначаючы, што ў Глыбінь-Гарадок (гэта значыць у Давыд-Гарадок), як і ў Рым, вядуць пяць шляхоў. Больш як паўвека твор чытаюць-перачытваюць. На адным дыханні “праглынуў” яго давыд-гарадоцкі школьнік Леанід Дранько-Майсюк, які з маленства з вуснаў маці чуў вершы беларускіх паэтаў, трапныя народныя прымаўкі. Калі, набегаўшыся з сябрамі, прасіў дома есці, то тут жа чуў:  “Есці, есці — пірагі на месці. А сабакі ў хаце, няма каму даваці”. Запомнілася і такое:  “Сядзіць Пэўка на паліцы, шые боты, рукавіцы. Што заробіць, то прап’е, прыйдзе, жоначку наб’е. Жонка плача, лямантуе, хто ж мне дзетак пагадуе?” 

Леанід ДРАНЬКО-МАЙСЮК
з бацькам. 1961 г.

Маці займалася агародам, а бацька быў добрым цесляром — мог уставіць акно, навесіць дзверы, паслаць падлогу, пакласці столь, паставіць кроквы; у хаце ён сам зрабіў сталы, лавы, крэслы, паліцы, услончыкі, этажэрку. Толькі шафу бацькі набылі ў краме…

Першыя кнігі, якія трапілі ў дом, Леанід запомніў назаўсёды — гэта трэці і чацвёрты тамы шолахаўскага рамана “Ціхі Дон”, “Казка пра Ласку” Еўдакіі Лось і невядома адкуль узяты беларускамоўны том твораў Леніна. 

Захапленне Леаніда літаратурай, вершамі заўважылі школьныя настаўнікі Надзея Дзмітрыеўна Васільева і Вера Пятроўна Кузьміч. Дзякуючы ім ён меў магчымасць знаёміцца з новымі творамі Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Алега Лойкі і іншых беларускіх літаратараў. Дырэктар школы Міхаіл  Шэлехаў пазнаёміў яго з маскоўскай пісьменніцай Лідзіяй Абухавай, якая прыязджала на Палессе, на гарынскія берагі і напісала аповесць “Глыбінь-Гарадок”. Праз два дзесяцігоддзі, у лютым 1974 года,  яна наведалася паглядзець, якія перамены адбыліся. 

На сустрэчу з пісьменніцай Леанід прынёс сшытак сваіх вершаў на рускай і беларускай мовах. Яна пачытала іх і параіла пісаць на роднай мове. З Масквы Лідзія Аляксееўна прыслала пісьмо з прапановай паступаць у Маскоўскі літаратурны інстытут імя Максіма Горкага.

З першай спробы студэнтам не стаў. Вярнуўся дамоў і два гады працаваў рабочым, упакоўшчыкам у філіяле Кобрынскага інструментальнага завода ў Давыд-Гарадку. Складаў вершы і адпраўляў іх Лідзіі Абухавай. На кожнае пісьмо Леаніда пісьменніца адказвала, раіла, што новага можна пачытаць. Дасылала лісты з вершамі Барыса Пастарнака, Марыны Цвятаевай і іншых забароненых цэнзурай аўтараў. За два гады перапіскі сабралася амаль дзве сотні лістоў з Масквы. 

Акрамя працы на заводзе, вясною Леанід, як і ўсе ў Давыд-Гарадку, браўся за рыдлёўку і граблі, працаваў у агародзе — капаў, баранаваў, сеяў… З наступленнем першых цёплых дзён бацькі адпраўляліся гандляваць насеннем на далёкія кірмашы Данбаса. Сын заставаўся за гаспадара. 

— У літаратурны інстытут усё-такі   паступіў на завочнае аддзяленне, — адзначае Леанід Васільевіч. — Працаваў на заводзе, шмат клопату было і каля хаты, у агародзе… Нашы падворкі ў пойме няўрымслівай ракі Гарынь, якая штовесну шырока разлівалася. Аднаго разу я ўскапаў вялікую граду пад буракі… Сусед дзядзька Васіль Басавец сказаў, што ноччу чакаецца паводка. Не паслухаў яго і пасадзіў усе буракі. Прачнуўся рана і ў акно ўбачыў, што грады пад вадою. Тады кінуўся з-пад вады выцягваць буракі, клаў у кош і заносіў у адрыну. Назаўтра ўзровень вады падняўся так, што затапіла і адрыну з маімі буракамі. Некалькі дзён трымалася паводка. Як спала вада, пад вясновым сонцам і ветрыкам грады падсохлі, і я вырашыў буракі зноў высадзіць. У маі вярнуліся дамоў бацькі, а мне якраз з ваенкамата прынеслі позву ў армію. На службе не пакідала думка, ці ўзышлі буракі. Летам не вытрымаў і пацікавіўся пра іх у пісьме. Маці адпісала, што як ніколі ўсё дружна ўзышло, а на граду з буракамі не налюбавацца. Ад сэрца адлегла. Так даведаўся, што буракі не бульба, яны вады не баяцца.

ПАСЛЯ службы ў арміі Леанід прадоўжыў вучобу ў Маскоўскім літаратурным інстытуце імя Максіма Горкага. Масква падарыла яму знаёмства з Валянцінай Ніканораўнай Шчадрыной, якая працавала ў Саюзе пісьменнікаў СССР. У яе перакладзе выйшлі на рускай мове раман “Каласы пад сярпом тваім”, аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Зямля пад белымі крыламі“, “Сівая легенда” і іншыя творы Уладзіміра Караткевіча. Пасля чарговай экзаменацыйнай сесіі ў інстытуце Леанід вяртаўся дамоў. Валянціна Ніканораўна папрасіла яго перадаць Караткевічу падарунак. Не так і проста было перавезці ў цягніку шыкоўную мадэль карабля на размах арліных крылаў. Уладзімір Сымонавіч па-дзіцячаму абрадаваўся. Доўга разглядаў мадэль і раптам спытаў у госця: а чаму на карме ўсталявана лавачка?

У родным доме. 2008 г.

— Я адказаў, каб гаспадар карабля адпачываў на ёй, — узгадвае Леанід Дранько-Майсюк. — Мяне вельмі здзівіла, што Караткевіч дасканала ведаў канструкцыю марскога судна. Увогуле дыяпазон яго інтэлекту быў неабсяжны. Уладзімір Сымонавіч умеў захапляць і сваімі вуснымі апавяданнямі. Мог гадзінамі расказваць пра рускі жывапіс XIX стагоддзя ці італьянскую архітэктуру XVI стагоддзя, альбо італьянскае пасляваеннае кіно. Пісьменнік шмат вандраваў. Палессе ён прайшоў з захаду на ўсход. У яго нарысе “Званы ў прадоннях азёр” цікава расказана пра Давыд-Гарадок, пра нашу  Юраўскую царкву і Замкавую гару, схілы якой ён назваў галоваскрутнымі.

— Сустрэчы з вядомым пісьменнікам працягваліся?

— Так, яны мелі для мяне жыццёвае значэнне. Уладзімір Караткевіч прапісаў мяне ў сваёй кватэры…  Ён мала пражыў, але шмат напісаў. Быў вялікім, нястомным працаўніком! За дзень з-пад яго пяра выходзіла да паўсотні цудоўных старонак. Мне давялося бачыць яго рукапісы, на якіх амаль нічога не закрэслена. Ён пісаў так, што кожнае слова адразу знаходзіла сваё месца ў сказе. Як дарагую рэліквію захоўваю кнігу з яго аўтографам — раман “Нельга забыць”.

— Са сваімі творамі вам давялося знаёміць Уладзіміра Сымонавіча?

— Я чытаў яму вершы са сваёй першай кніжкі “Вандроўнік”, і свой, дарчы, надпіс мне на рамане “Нельга забыць” 7 чэрвеня 1984 года ён пачаў словамі “Таленавітаму паэту...” Тады, у чэрвені 1984-га, на гэта я не звярнуў увагу, а сёння адчуваю, што мне вельмі прыемна такая атэстацыя.

— Таленавітаму паэту Леаніду Дранько-Майсюку! Не здзівіўся Уладзімір Сымонавіч, што ў вас двайное прозвішча?

— Можа і здзівіўся. Майго дзеда па бацькавай лініі ў Давыд-Гарадку ўсе ведалі як адмысловага шаўца Мікалая Дранько. Ён з тых вядомых рамеснікаў, тых майстроў, якія працавалі ў арцелях. Умеў пашыць любыя боты, любыя румынкі, любыя чаравікі! І мне перад школай пашыў хвацкія дзіцячыя хромавыя боцікі! 

А дзед па маці Аляксей Нічыпорка быў спраўным бондарам. Вырабляў цэбры, бочкі, цабэркі, бойкі, дзежкі. У 1941 годзе яго забралі на фронт, і ён загінуў. Баба Прося засталася з чатырма маленькімі дачушкамі — Ганнай, Любай, Волькай і Валяй. Волька пры немцах памерла. Люба (мая будучая маці) выйшла замуж за Васіля  — першага сына шаўца Дранько Мікалая.

Так сталася, што калі Васіль у 1931 годзе нарадзіўся, яго запісалі ў царкоўную кнігу Дранько-Майсюком. Чаму? А таму, што на шаўца Дранько Мікалая казалі яшчэ і Майсюк. А іншых дзяцей у гэтай сям’і (майго дзядзьку Мікалая і цётку Полю) запісалі толькі на адно прозвішча — Дранько. Пасля вайны выпісвалі савецкія дакументы на падставе гэтых царкоўных запісаў, і майму бацьку выдалі пасведчанне аб нараджэнні з прозвішчам Дранько-Майсюк. Так і я стаў Дранько-Майсюком. І мой сын Васіль таксама. Сын, дарэчы, нарадзіўся ў Давыд-Гарадку. А жонка мая масквічка. Пахвалюся — беларускую мову яна вывучыла за два месяцы! 

— Ваш сын Васіль Дранько-Майсюк становіцца вядомым у культурным асяроддзі Беларусі. Яму цікава бацькава спадчына?

— Сын не толькі нарадзіўся ў Давыд-Гарадку, але шмат бавіў там вольнага часу, засвоіў лексіку бабулі і дзядулі. Гэта яму дапамагае ў літаратурнай рабоце. У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага ён паспяхова дэбютаваў п’есай “Пясняр”, прысвечанай Уладзіміру Мулявіну. Рэпертуар мулявінскіх “Песняроў” для Васіля  гэткі ж дарагі,  як і паэзія Янкі Купалы і Якуба Коласа. Рэжысёр Валянціна Еранькова папрасіла напісаць пра Мулявіна п’есу, і Васіль узяўся за гэтую няпростую работу з душой. Я расказваў яму пра Мулявіна. З Уладзімірам Георгіевічам быў знаёмы, здаралася, што разам выступалі на адных канцэртах. Чалавек высокай культуры. Мулявін не толькі геніяльны кампазітар і спявак, ён выдатнейшы прапагандыст беларускай класічнай паэзіі. Дзякуючы яму, як прынята казаць, на ўвесь свет загучалі творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі, Петруся Броўкі, Паўлюка Труса, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Анатоля Вялюгіна. 

КАЛІ я служыў у арміі, да мяне падбягалі саслужыўцы, зачараваныя “Песнярамі”, а гэта былі не толькі славяне — башкіры, грузіны, узбекі, армяне — і пыталіся ў мяне, а што значаць словы “завушніцы”, “спадчына”, “світанак”, “каханне”, “раніца”.  З радасцю ім тлумачыў. Мне было вельмі прыемна, што салдаты  цікавяцца беларускай мовай, якая так па-майстэрску прапагандуецца Мулявіным. “Песняры” ўвялі ў чужыя, далёкія сэрцы нашу мілагучную мову…  А яшчэ, і гэта для нас як нацыі з’яўляецца вельмі важным, Мулявін вярнуў нам высокае беларускае паняцце Пясняр! Васіль уважліва слухаў мае ўспаміны і развагі і аднойчы сказаў: “У маёй п’есе пясняр Мулявін сустрэнецца з песнярамі Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам і Цёткай!” Я, як толькі пачуў гэта, зразумеў: п’еса атрымаецца! Так яно, дзякаваць Богу, і сталася. Дарэчы, Васіль нядаўна напісаў п’есу пра мастака Язэпа Драздовіча “Сатурніянка”. Спадзяюся, што і яна будзе пастаўлена. 

— Вы часта наведваецеся ў родныя мясціны. Ці адрозніваюцца жыхары Давыд-Гарадка ад навакольных вяскоўцаў?

— Спрадвеку ў Давыд-Гарадку жылі мяшчане, а вакол яго месціліся шляхта і сяляне. Гарадчукі ўмелі зарабляць грошы. Пры любой уладзе не стаялі з працягнутай рукою. Амаль у кожнай хаце, у кожным двары гаспадарыў рамеснік. Кавалі, кушняры, бондары, краўцы, цесляры, шаўцы, шкляры, гандляры жылі ў мястэчку. Людзі ўтойлівыя, асабліва хваліцца не любілі. Скажам, нашы суседзі з Альшанаў любяць пахваліцца. А гарадчукі хваляцца толькі ў душы, толькі ў думках ганарацца сабою, сваёю хатай, рамяством, сям’ёю, — словам, не выстаўляюцца напаказ. Вось такая розніца. У нашым краі дагэтуль захаваўся дух выжывання. І гэта добра. А што нядобра? Нядобра тое, што на вачах гіне давыд-гарадоцкая гутарковая мова!  А яна ж частка літаратурнай беларускай мовы! Прынамсі, была… Шкада, што адбываюцца такія згубныя працэсы! Шкада, што дзяцей сваіх яшчэ да школы (!) і вельмі многа ў школе мы вучым англійскай мове, а на беларускую ці выпадае там нейкая бедная гадзіна на тыдні. Хвалюе мяне і праблема ракі Гарынь. Пракапаны ў 80-я гады канал амаль знішчыў яе! Старое  рэчышча ў цэнтры Давыд-Гарадка ператворана ў сметнік! Гарыні трэба вярнуць былую глыбіню і былую шырыню. Польскія газеты пісалі, што вясною ў 1936 годзе шырыня Гарыні была 130 метраў, па ёй хадзілі самыя цяжкія грузавыя баркі, да прыстані прычальвалі белыя параходы з музыкай. А цяпер што? Мінулым летам вада зусім знікла (у тых жа калодзежах), а з Гарыні было немагчыма прыплысці ў Прыпяць. Гарынь у вусці сваім перасохла. Хіба гэта не страх? А такога ж ніколі не было… Багатаму на гісторыю Давыд-Гарадку трэба вярнуць статус райцэнтра, які скасавалі 19 студзеня 1961 года. Знік раён, і жыццё тут стала затухаць. 

Некалькі гадоў таму была абвешчана мудрая думка пра чыгунку з Мазыра праз Лельчыцы, Давыд-Гарадок да станцыі Гарынь. Там вёскі густанаселеныя, і чыгунка там востра неабходная ў эканамічным плане і дзеля падтрымкі экалогіі.

— Якімі новымі творамі плануеце парадаваць прыхільнікаў сваёй творчасці?

 — Выдаваць ёсць што. Гатова да друку кніга вершаў “Полька беларуская”. Спадзяюся, што яна выйдзе ў свет у дзяржаўным выдавецтве “Мастацкая літаратура”, у якім мне давялося працаваць не адзін год, і таму гэтае выдавецтва лічу сваім. Падрыхтаваў зборнік прозы. Словам, я мару пра свае новыя выданні. Маіх кніг, дарэчы, няма ў кнігарнях. На літаратурных сустрэчах чытачы цікавяцца: “Дзе вашы кнігі?” Спадзяюся, выдаўцы выправяць гэты недахоп, і ў кнігарнях нарэшце з’явяцца кнігі Леаніда Дранько-Майсюка. 

— Леанід Васільевіч, шчасце гэта…

— …калі побач з табою людзі, якія цябе разумеюць, падтрымліваюць, дапамагаюць, спрыяюць твайму настрою. Шчасце — гэта добрая сям’я. Я лічу сябе шчаслівым. Нашаму сямейнаму з Вольгай саюзу 37 гадоў, і ён атрымаўся гарманічным. Мы з жонкаю аднолькава шчаслівыя. Вольга з першага дня сумеснага жыцця заявіла, што будзе там жыць, дзе мне, яе мужу, лепей. Яна цудоўная гаспадыня, цікавы суразмоўца. У яе бездакорны мастацкі густ.  Для мяне і для Васіля яна самы аб’ектыўны крытык. Дарэчы, Вольга вельмі любіць наш Давыд-Гарадок. 

— Родныя мясціны сняцца?

— Сняцца, і часцей за ўсё ліпеньскі агарод у Давыд-Гарадку, дзе ўсё красуе і квітнее. Сніцца дом, так густа абвіты павоямі ад падмурка і да даху, што нават вокны цяжка адчыніць. Сняцца бацька і маці. Пра гэта некалі я пісаў:

Вось яна казка — Давыд-Гарадок:

Бацька на ганку і маці ў гародзе,

А перад хатаю чысты грудок —

Сонца стаіць і не хоча заходзіць…

— Песня “Полька беларуская” гучыць на вясковых святах. Што пажадаеце прыхільнікам вашага таленту?

— Каб мелі столькі здароўя, колькі трэба, столькі радасці, колькі самім хочацца, і каб грошай хапала для годнага жыцця. А тым людзям, што дояць кароў, летам убіраюць збажыну, клапоцяцца, каб поле было ўрадлівым, трэба плаціць багата. Будуць гэтыя людзі — значыць, будзем і мы, творцы. Спадзяюся, што і Давыд-Гарадок зноў стане райцэнтрам, і Гарынь верне сваю былую моц і хараство, і наша мова не знікне.

Уладзiмiр СУБАТ

Столінскі раён

Фота аўтара і з сямейнага архіва Леаніда Дранько-Майсюка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter