Фiльм сваёй мары Вiктар Тураў так i не зняў

Віктар ТУРАЎ: трываў, сціснуўшы зубы

Сёння ў Мінску на доме па праспекце Незалежнасці, што недалёка ад станцыі метро «Усход», з’явіцца мемарыяльны знак у гонар Віктара Турава. Менавіта там прайшлі апошнія гады жыцця вядомага рэжысёра. Яго няма ўжо амаль дваццаць гадоў. Але памяць аб ім жыве ў фільмах і сэрцах яго родных і блізкіх людзей. Разам з імі ў дзень 80-годдзя з дня нараджэння Віктара Турава мы ўзгадаем некаторыя цікавыя гісторыі з яго жыцця.


Віктар ТУРАЎ (справа) на здымках фільма па рамане Івана Мележа. 1984 год.

Першай слова яго трэцяй жонцы, удаве Тамары Туравай:

— Чаму яго фільмы пра вайну такія пранікнёныя? Таму што ён вельмі добра ведаў, пра што здымаў. У пачатку вайны Віцінага бацьку расстралялі. Ён не ведаў дакладнай даты яго смерці, але 9 Мая адзначаў як дзень памяці бацькі. А маленькага Віцю разам з мамай сагналі на прымусовыя работы ў Германію. Два гады ён правёў у лагеры. Аднойчы за бяскрыўдны ўчынак яго разам з сябрам збіў камендант. Малы страціў прытомнасць, думалі, ужо не выжыве. Выжыў, але на жыццё стаў глядзець зусім іншымі вачыма. Пасля таго выпадку ў Віці на твары засталіся шрамы. Па дарозе дадому з Германіі Віця адстаў ад калоны. Васьмігадовае дзіця басанож ішло куды вочы глядзяць. Гэта амаль цуд, але выпадкова зайшоў у тую ж вёску, дзе спынілася калона.

Гэткім складаным, як дзяцінства, была і яго дарога ў кіно. Вельмі часта яго нестандартныя карціны атрымлівалі трэцюю (самую нізкую) пракатную катэгорыю. Гэта значыць, рабілася вельмі мала копій, якія паказвалі ў самых непрэстыжных кінатэатрах. Тураў узгадваў, што ў яго першым мастацкім фільме «Праз могілкі» (да гэтага былі толькі дакументальныя і кінаальманахі) выразалі некалькі кранальных сцэн. Хацелі змяніць і назву. Абараніць яе дапамог чалавек з ЦК КПБ, які здолеў пераканаць чыноўнікаў ад кіно, што вобраз могілак тут не прымяншае народнага подзвігу.

Са сваёй другой карцінай «Родам з дзяцінства» Тураў таксама рызыкаваў. У 1966-м Уладзімір Высоцкі, можна сказаць, быў яшчэ пачынаючым акцёрам, але яго песні ўжо гучна разносіліся па Маскве. Пачуўшы іх, Тураў вырашыў паклікаць спевака на прагляд. І ўжо калі рэжысёр праводзіў Высоцкага на самалёт, той азірнуўся і праз плячо прамовіў: «Вазьмі мяне, я цябе не падвяду...» Гэта была яго першая вялікая роля ў кіно. Рэжысёр і акцёр сталі блізкімі сябрамі. Высоцкі і Марына Уладзі нават мядовы месяц потым праводзілі на возеры Свіцязь, дзе тады свой чарговы фільм здымаў Тураў. Гавораць, за адну ноч сярод беларускіх краявідаў Высоцкі напісаў адразу чатыры песні, якія потым сталі вельмі папулярнымі. Адна з іх гучыць у фільме «Сыны ідуць у бой». Дарэчы, па апытанні нашых крытыкаў, «Родам з дзяцінства» прызнаны лепшым фільмам, створаным за ўсю гісторыю беларускага кіно. А «Праз могілкі» яшчэ ў 1994-м спецыяльная камісія ЮНЕСКА ўнесла ў лік 100 найбольш значных фільмаў свету.

Але бадай самым «тытулаваным» фільмам рэжысёра можна лічыць «Людзі на балоце». Да яго аднайменны раман Івана Мележа экранізавалі шмат разоў, але менавіта версія Турава лічыцца хрэстаматыйнай. Выпадковай стужцы Дзяржпрэмію СССР не дадуць. Народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель узгадвае, што Віктар Цімафеевіч вельмі любіў родную Беларусь, яе краявіды, таму і фільмы ў яго атрымоўваліся такія душэўныя. Актрыса тут жа прыгадвае, з чаго пачыналіся здымкі фільма. Усе ў прызначаны час прыехалі ў Домжарыцы, што ў Бярэзінскім запаведніку. Дзень рэпеціруюць, потым адпачываюць, так другі, трэці. Аказалася, проста чакалі, калі жыта набярэ колер, які Тураў і яго аператар Дзмітрый Зайцаў самі сабе прыдумалі. І дачакаліся. А яшчэ падчас здымак ён заўсёды быў вельмі эмацыянальным, усхваляваным — гэта якраз тая рыса, якая дапамагала яму рабіць кранальныя фільмы:

— У мяне пра Турава толькі светлыя ўспаміны. Мае спевы ён пачуў у фільме Ігара Дабралюбава «Трэцяга не дадзена». А ў той час казалі, калі ты зняўся ў Дабралюбава, то табе дзверы да Турава зачынены, і наадварот. Не ведаю, ці праўда гэта, але Віктар Цімафеевіч мяне паклікаў да сябе. Памятаю, як ён свайму памочніку сказаў: «Яна не адчувае камеры». Я спужалася, што мне адмовяць. А потым мне растлумачылі, што яму і было трэба, каб я была вольная, не залежала ад камеры.

Усе, хто здымаўся ў Турава, потым станавіліся яго сябрамі. Чаму? Таму што ён вельмі даражыў сваімі акцёрамі. Вось прыклад. Падзел зямлі ў фільме паехалі здымаць у Ялту. Справа зімой. Мы ў танюсенькіх касцюмах мерзнем, ногі ў лапцях прамакаюць, стагі сена пераносім — вельмі цяжкія здымкі былі. Але мы трывалі, бо Тураў яшчэ да гэтага сказаў, што пасля ўсёй групай застанёмся там адпачываць.

Народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук пра тое ж: Тураў сэрцам выбіраў акцёрскі састаў і заўсёды вельмі клапаціўся пра людзей. У купалаўца здымкі ў Бярэзінскім запаведніку якраз супадалі з важным спектаклем у тэатры. Трэба было адмаўляцца. Але на ролю бацькі Ганны Тураў хацеў толькі Гарбука, які да гэтага шмат гадоў іграў у гэтым жа спектаклі на сцэне, хоць і ў іншай ролі. Таму ўзяў яго без усялякіх кастынгаў. І калі здымкі супадалі з рэпетыцыяй альбо самім спектаклем, даваў яму сваю машыну з вадзіцелем і сам сачыў, каб той не спазніўся ў тэатр.

У Віктара Турава засталося трое дзяцей. Як ні дзіўна, але ўсе яны поплеч з бацькам прайшлі зусім мала. Самаму малодшаму — Арцёму — было толькі 12, калі бацькі не стала. Да таго ж Тураў ужо шмат гадоў не жыў з яго мамай. Дарэчы, актрысу Ларысу Архіпаву многія лічаць трэцяй жонкай кінарэжысёра. Але афіцыйна яны ніколі не былі распісаныя. Больш за тое, на момант нараджэння хлопчыка ён фармальна быў у шлюбе з яшчэ адной актрысай — Вольгай Лысенка, з якой у іх расла дачка Аксана. Арцём Віктаравіч Тураў цяпер дэпутат Дзярждумы ад Смаленска. У гэтай жа сферы працуе і яго зводная сястра Аксана. Толькі старэйшая Алена пайшла па шляху бацькі. Ёй і слова:

— Я, можна сказаць, пазнаёмілася з бацькам у 18 гадоў. Ён сышоў з сям`і, калі мне было тры гады. Калі я толькі прыйшла на кінастудыю, прозвішча мне, у прынцыпе, замінала. Мяне прымалі не як асобу, а менавіта як дачку вядомага чалавека. Было крыўдна, калі на мяне коса глядзелі. Пачынала, можна сказаць, з самых нізоў. Рэжысёрскіх амбіцый у мяне не было. Пайшла вучыцца на філфак.  Пасля яго заканчэння зразумела, што хачу працаваць на кінастудыі. Калі аб гэтым сказала бацьку, ён здзівіўся: «Куды ты лезеш? Ты не ўяўляеш, як тут складана». Ён лічыў, што жанчына павінна берагчы сямейны ачаг, выхоўваць дзяцей.

Бацька быў моцным чалавекам. Але нават у яго бывалі хвіліны адчаю, калі хацелася ўсё кінуць, закрыцца ў сабе. Ён спрабаваў да мяне дастукацца, але я была маладая і думала, што ведаю больш за яго. Заўсёды разумела, што ён — таленавіты, паважаны чалавек, але паступала па-свойму. Пасля кожных здымак даўжынёй у тры-чатыры месяцы я як выціснуты лімон. Губляю шмат сіл, доўга ўзнаўляюся, але адчуваю, што гэта маё. Як і бацька, умею трываць, сціснуўшы зубы. Кажуць, што я таксама моцны чалавек. Я сябе такой не адчуваю, але часам жыццё ставіць у такія ўмовы, што няма калі сябе шкадаваць, плакацца. Напэўна, у тым ліку і татавы гены дапамагаюць змагацца, трываць. Ён назіраў за мной, як я «боўталася», імкнучыся прыжыцца ў новым асяроддзі. Потым зняла першы фільм, пачала пісаць песні... Бацька заўсёды быў трохі ў баку, ніяк не афішуючы сваёй цікавасці да маёй творчай кар`еры. Пацешны выпадак выйшаў пазней. Аднойчы мы разам трапілі на «Славянскі базар»: мяне запрасілі як ужо папулярнага аўтара песень, а яго — як мэтра беларускага кінематографа. Нейкія маладыя журналісткі спыталі: «Вы бацька Алены Туравай?» Ён засмяяўся і сказаў: «Дзякуй богу, дажыў!»

Але, на жаль, ён не дажыў да фільма, пра які марыў амаль усё жыццё. Памятаеце, як ён вяртаўся з Германіі? Пакуль ішоў адзін, усе яму дапамагалі: хтосьці дасць паесці, хтосьці падвязе. Пра гэта і хацеў зняць. Нават назву прыдумаў — «Фіеста». Яшчэ ў       60-я разам з Генадзем Шпалікавым яны пачалі абдумваць сцэнарый. Але тады ж ён захапіўся творамі Алеся Адамовіча і пачаў здымаць спачатку «Вайну пад стрэхамі», за ім — «Сыны ідуць у бой». Потым зноў было шмат работы, да здымак далучылася выкладанне ў тэатральным інстытуце. Да таго ж не было годнага сцэнарыя. Ён знайшоўся ў 1996-м. Гомельскі пісьменнік паказаў гісторыю кахання савецкага афіцэра і францужанкі. Тураў адразу зразумеў, што туды вельмі добра ўпісваюцца ўспаміны, якія ён усё жыццё насіў у сабе. Але нечакана выявілася, што ў яго сур’ёзныя праблемы з печанню. Сваё 60-годдзе ён сустракаў ужо зусім хворым. А праз тыдзень сябры і знаёмыя сабраліся ў тым жа кафэ, каб памянуць вялікага рэжысёра, «Фіесце» якога не суджана было збыцца.

stepuro@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter