Кто найдет управу на стаю, что поселилась на окраине Гомеля?

Вечары на хутары ля дзікага сабакі

Жыхары гомельскага мікрараёна Хутар пазбаўленыя спакою. Прычына іх трывогі — валацужныя сабакі. Нядаўна ў сетцы з’явілася відэа, знятае познім вечарам з балкона адной са шматпавярховак. У святле ліхтароў па двары бегае зграя сабак. Вячэрняя прагулка суправаджаецца гучным брэхам. У гэтых кадрах — праблема, актуальная, бадай, для ўсіх буйных гарадоў.

Знізіць вастрыню праблемы і ўрэгуляваць многія моманты магло б прыняцце закона аб жывёлах. Размовы пра яго неабходнасць вядуцца на розных узроўнях вельмі даўно.
pixabay.com

Брэх на хутары


Хутар — малады мікрараён на паўднёвай ускраіне Гомеля. У многіх месцах новабудоўлі датыкаюцца прыватнага сектара. Адтуль, кажуць «хутаранцы», і здзяйсняюцца набегі. Сабакі, якія ўдзельнічаюць у іх, выглядаюць сытымі і дагледжанымі. На многіх ёсць ашыйнікі. Лагічны вывад: іх альбо выпускаюць гаспадары, альбо жывёлы пакідаюць размяшчэнне двара «ў самаволку». Адначасна да свойскіх дэзерціраў далучаюцца валацужныя родзічы.

Алеся Бандарэнка, якая зняла тое самае відэа, апісвае сітуацыю:

— Сабакі збіваюцца ў зграі, часам па 7—8 жывёл. І гэта не шчанюкі пакаёвых парод, а дарослыя сабакі. Сярод іх бачылі нават алабая (сярэднеазіяцкая аўчарка ростам 65—70 сантыметраў. — Заўв. аўт.) Бывае, вядзеш дзіця ў сад, а яны пачынаюць свой карагод. Бягуць побач, пагыркваюць — вялізныя, па калена мне ростам. І проста не ведаеш, як сябе паводзіць. Ці то спыніцца, ці то паскорыць крок, ці то дзіця на рукі хапаць... Баішся зрабіць лішні рух. Насамрэч страшна.

Гісторыямі на балючую тэму жыхары Хутара дзеляцца ў сацсетках і групавых чатах месенджараў. Часам перапіска нагадвае франтавыя зводкі. Удзельнікі дзеляцца інфармацыяй аб з’яўленні новых зграй і маршрутах іх перасоўвання, ацэньваюць працу службы адлову. Праскокваюць і паведамленні пра напады. Цытую адно з іх: «...Дзяўчынку з нашага пад’езда вельмі моцна напалохалі, яна ледзь паспела ў пад’езд забегчы (беглі за ёй і брахалі). Я нават не наважылася выйсці з пад’езда».

Па расказах відавочцаў, найбольш небяспечна, калі ў зграі з’яўляецца самка ў «вясельны» перыяд. Самцы, якія акружаюць яе, пачынаюць грызціся паміж сабой. Пад гарачую лапу можа трапіць і прахожы, які апынецца побач. Баталіі, што б’юць па нервах гледачоў, часам адбываюцца на вачах у дзяцей.

У поўнай бяздзейнасці службу адлову ніхто не папракае. На заяўкі яна рэагуе. За раз камунальнікам удаецца адлавіць адну або некалькі сабак, пасля чаго зграя распадаецца. Але праз нейкі час з’яўляецца новая кампанія.

— Я сама люблю жывёл і не прыхільніца таго, што ўсіх сабак трэба знішчаць, — рэзюмуе Алеся Бандарэнка. — Але хатнія гадаванцы павінны быць пад наглядам гаспадароў, а не прадстаўляць пагрозу для людзей. Асабліва калі гаворка пра бяспеку нашых дзяцей.

Ужо лепш?

Адловам беспрытульных жывёл у Гомелі займаецца КУП «Спецкамунтранс». Сёння гэтую функцыю выконваюць тры брыгады, якія працуюць як па графіку, так і па заяўках арганізацый, зваротах грамадзян.

— У мікрараён Хутар брыгады выязджалі неаднойчы, —
кажа намеснік дырэктара прадпрыемства Аляксандр Ніканаў. — На сёння вастрыня праблемы знятая. Наогул, гэта сезонны ўсплёск, які адбываецца кожную восень. Перакапаўшы агароды, жыхары прыватнага сектара запускаюць туды сваіх сабак. Аднак часта платы для іх не перашкода. Ці ж хтосьці проста выпускае жывёлу на вуліцу. Часам пад’язджаем, пачынаем разбірацца — дык некаторыя гаспадары тут жа пачынаюць біць сабаку, дэманструючы, як старанна яго «выхоўваюць». Але выхоўваць трэба было раней. А лепш — трымаць на ланцугу.

У цэлым, сцвярджаюць камунальнікі, пазітыўныя зрухі ёсць. Калі дзесяць гадоў таму ў сярэднім за год у Гомелі адлоўлівалі 12,5 тысячы валацужных жывёл, то сёння — у чатыры разы менш. Прапарцыянальна скарацілася колькасць заявак. У сярэднім за год іх паступае 250. Раней перавальвала за 1000.

Вынік дало ўзмацненне мер па прыцягненні да адказнасці ня-дбайных уладальнікаў. Практыкуюцца сумесныя рэйды з удзелам супрацоўнікаў міліцыі, місія якіх — скласці адміністрацыйны пратакол. Прычым караюць не толькі жыхароў прыватнага сектара, але і кіраўнікоў прадпрыемстваў. Тых, на якіх вартавыя сабакі аказваюцца за тэрыторыяй аб’екта. Гэты метад добра дысцыплінуе.

Хто пра што

Сітуацыя ў Хутары — наглядная ілюстрацыя хранічнай праблемы. Часцей за ўсё ад яе пакутуюць жыхары ўскраін. І не толькі яны. Ад здзічэлых сабак гэтай восенню нацярпеліся ў вёсцы Старая Беліца Гомельскага раёна. На рахунку зграі — шэраг начных нападаў, ахвярамі якіх станавіліся козы, свінні, трусы, кураняты. Але самы гучны і паказальны выпадак з гэтай катэгорыі — надзвычайнае здарэнне чатырохгадовай даўнасці. Восенню 2015 года ў вёсцы Цагельня пад Гомелем ахвярай валацужных сабак стаў мясцовы жыхар — мужчыну загрызлі насмерць...

Наогул, праблема ёсць, і з гэтым ніхто не спрачаецца. Спрачаюцца пра спосабы рашэння. Заўважана: кожнае рэзананснае НЗ, звязанае з валацужнымі сабакамі, выклікае шквал дыскусій. Напал пачуццяў зашкальвае. Адны выказваюцца за тое, каб больш актыўна і жорстка праводзіць «зачыстку». Прадстаўнікі іншага лагера абвінавачваюць «радыкалаў» у садызме. Не стрымліваючы эмоцый, апаненты пераходзяць на асобы. На шчасце, коп’і ламаюцца ў віртуальнай прасторы. У рэальнай — ламаліся б рэбры.

Службы адлову тым часам проста робяць сваю працу, выклікаючы незадаволенасць адных (нібыта недастатковай актыўнасцю) і нянавісць іншых (за сам факт свайго існавання). Камунальнікі сцвярджаюць: больш эфектыўнага і гуманнага метаду, чым адлоў, сёння няма. Стэрылізацыя, на якой настойваюць валанцёры, не вырашае праблемы. Няма гарантый, што сабака, які падвергнуўся працэдуры, не будзе кусацца і разносіць інфекцыі. Але пры гэтым ён губляе прыродную агрэсіўнасць, неабходную для абароны ад родзічаў. І тады яго проста выжываюць.

Чып і штраф

Аксіёма, з якой згодны ўсе, зводзіцца да таго, што корань зла зусім не ў жывёлах. А ў стаўленні людзей да гадаванцаў, якія з-за непатрэбнасці апынаюцца на вуліцы. Ці рэальна гэта змяніць? Ёсць меркаванне, што гэта можна зрабіць у адзін момант. Па-першае, прыняць нарматыўны акт аб абавязковым чыпіраванні свойскай жывёлы. Па-другое, штрафы для тых, чые гадаванцы будуць злоўлены па-за домам, павінны быць вельмі істотныя.

Такі падыход дасць магчымасць устанаўліваць гаспадара сабакі і вяртаць яму жывёлу (што, зрэшты, не павінна адмяняць штраф за недагляд). Праз нейкі перыяд адпадзе неабходнасць забіваць валацужных жывёл. Прынамсі, у такой колькасці, як сёння. А сродкі, атрыманыя ў выглядзе штрафаў, кампенсуюць выдаткі на ўтрыманне службы адлову. Тыя ж гаспадары, якія вырашаць пазбавіцца ад гадаванца, будуць вымушаны рабіць гэта афіцыйна і, вядома, плаціць за паслугу. Маральны бок — на сумленні ўладальнікаў.

Знізіць вастрыню праблемы і ўрэгуляваць многія моманты магло б прыняцце закона аб жывёлах. Размовы пра яго неабходнасць вядуцца на розных узроўнях вельмі даўно. Магчыма, рэалізаваць настолькі патрэбную ініцыятыву змогуць нядаўна абраныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

У ідэале такі крок дазволіць перапрафіляваць службу адлову ў паўнавартасную службу абароны жывёл. З часам мы павінны да гэтага прыйсці.

ДАРЭЧЫ

Артыкулам 15.47 КоАП РБ «Парушэнне правілаў утрымання хатніх і (або) драпежных жывёл» прадугледжаны штраф ад 1 да 15 базавых велічынь. Калі пры гэтым нанесена шкода здароўю або маёмасці, санкцыі ўзрастаюць. Вінаваты таксама можа быць падвергнуты адміністрацыйнаму арышту.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter