Бацькоўскi прыклад, добрая ўраджайнасць i высокая адказнасць — маладзёжны экiпаж братоў ДРОЗД з ААТ «Рассвет» iмя К. П. Арлоўскага Кiраўскага раёна стаў першым тысячнiкам на Магiлёўшчыне
На хлебных палях i без таго гарачы градус цяперашняга лiпеня здаецца яшчэ больш высокiм. Схавацца ад пякучага сонца тут няма куды — нi каласам, нi чалавеку. Тым даражэйшая для камбайнераў кожная хвiлiна: каб прыбраць збожжавыя ў зададзеныя тэрмiны, працаваць даводзiцца ад свiтання да заходу. У Магiлёўскай вобласцi традыцыйна аднымi з першых у жнiво ўключылiся гаспадаркi Кiраўскага раёна. Тут жа ўшаноўвалi i першых камбайнераў-тысячнiкаў — маладзёжны экiпаж братоў Андрэя i Сяргея Дрозд.
Андрэй i Сяргей Дрозд першымі на Магілёўшчыне намалацілі больш за тысячу тон збожжа.
З гектара — па пяцьдзясят цэнтнераў
Хоць у гарачую пару, як вядома, кожная хвiлiна на рахунку, у мiнулую суботу камбайнеры Андрэй i Сяргей Дрозд знайшлi ў сваiм працоўным графiку час на дадатковы перапынак. Нагода больш чым важкая: маладзёжны экiпаж першым у Магiлёўскай вобласцi рапартаваў аб намалоце тысячы тон збожжа. Павiншаваць перадавiкоў на полi каля вёскi Букiна Кiраўскага раёна прыехалi прадстаўнiкi абласной i раённай улады, прафсаюзныя лiдары. Старшыня Магiлёўскага аблвыканкама Леанiд Заяц адзначыў, што хлебаробы славутага «Рассвета» з году ў год трымаюць планку, дамагаюцца найвышэйшых вынiкаў. Ён павiншаваў стрыечных братоў з новай перамогай i ўручыў iм падзячныя лiсты. Механiзатараў таксама заахвоцiлi грашовымi прэмiямi i падарункамi.Кiраўнiк сельгаспрадпрыемства Аляксандр Багель не хавае: дасягненнi на хлебнай нiве — вынiк вялiкай падрыхтоўчай i арганiзацыйнай працы, якой у ААТ «Рассвет» надаюць асаблiвую ўвагу. Ён удакладнiў, што ўсяго ва ўборцы збожжавых i зернебабовых задзейнiчана 12 экiпажаў камбайнераў, тры з iх — маладзёжныя:
— Рапс ужо сабраны, цяпер на чарзе азiмая пшанiца, пад якую аддадзена большая частка плошчаў. Ураджайнасць гэтай культуры не расчаравала: яна складае 51,4 цэнтнера з гектара. Учора распачалi таксама жнiво ячменю.
Бацькi i сыны
Хоць на iмправiзаваныя i рэальныя п'едэсталы вiноўнiкам урачыстасцi падымацца не ўпершыню, яны злёгку бянтэжацца. Працаваць, прызнаецца Андрэй, неяк больш звыкла. У экiпажы хлопец за старэйшага, а наогул за штурвал сеў яшчэ ў школьныя гады. Абыходзiцца з тэхнiкай яго навучыў бацька — славуты камбайнер Мiкалай Дрозд.— Ён для мяне ва ўсiм прыклад, — прызнаўся Андрэй. — Не раз станавiўся пераможцам жнiва i ў абласных, i ў рэспублiканскiх спаборнiцтвах. Калi ў мiнулым годзе наш экiпаж вырваўся ў лiдары, бацька сказаў, што ганарыцца мной, i гэта было самай вялiкай пахвалой i стымулам працаваць яшчэ лепш.
Андрэй скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмiю, аднак з «канторскiмi» пасадамi вырашыў пачакаць — асабiстую лепту ў агульны каравай гаспадаркi ўносiць у якасцi механiзатара. Сяргей — яго стрыечны брат, а iх бацькi Мiкалай i Анатоль —блiзняты. Апошнiя таксама ўбiраюць хлеб, у складзе iншага сямейнага экiпажа, i ў лiдарах ужо шмат гадоў. Сыны не хаваюць: бацькi навучылi iх працавiтасцi, адказнасцi за даручаную справу. Да iх парад маладыя камбайнеры прыслухоўваюцца i сёння. А ведаць i ўмець, адзначыў Сяргей, сучасны камбайнер павiнен многае:
— А шостай ранiцы мы ўжо на працы. Перш за ўсё рыхтуем тэхнiку да выхаду ў поле: у пару ўсе днi гарачыя, так што працаваць машыны павiнны без збояў. Ну а завяршаем працоўную змену блiжэй да дзевяцi-дзесяцi вечара.
Стаўка — на азiмыя
З-за паўднёвай «прапiскi» жнiво ў Кiраўскiм раёне стартуе раней, чым у iншых рэгiёнах Магiлёўскай вобласцi. Мясцовыя сяляне паспелi ўбраць ужо 40 працэнтаў плошчаў збожжавых i зернебабовых пры сярэдняй ўраджайнасцi ў 36,6 цэнтнера з гектара. Першы намеснiк старшынi — начальнiк упраўлення сельскай гаспадаркi i харчавання Кiраўскага райвыканкама Аляксандр Осiпаў нагадаў, што аснова будучага ўраджаю была закладзена яшчэ мiнулай восенню — азiмыя, якiя займаюць асноўную частку клiна зерневых i зернебабовых у раёне, пасеяны ў зададзеныя тэрмiны. У пару ўнесены ўгнаеннi, апрацаваны культуры:— А цяпер — час убiраць ураджай. Усяго на палях задзейнiчана 56 камбайнаў —адпаведна, i экiпажаў столькi ж. Тэхнiку таксама прывялi ў парадак загадзя, гаручым забяспечаны.
У цэлым па вобласцi, канстатавала начальнiк аддзела раслiнаводства камiтэта па сельскай гаспадарцы i харчаваннi Магiлёўскага аблвыканкама Лiлiя Гулiнская, стаўка таксама была зроблена на азiмыя культуры:
— Больш за ўсё пашыраны плошчы азiмай пшанiцы. Разлiк апынуўся правiльным: пераважна каласы паспелi набраць сiлу, нягледзячы на нязвыкла гарачыя чэрвень i лiпень. А вось яравыя збожжавыя i зернебабовыя па прычыне тэмпературных анамалiй некалькi недабралi ў вазе.
Але ёсць i плюсы гарачага надвор'я: збожжа практычна не патрабуе дадатковай сушкi, так што гаспадаркi эканомяць на гэтым сродкi. Намеснiк дырэктара ААТ «Клiмавiцкi камбiнат хлебапрадуктаў» Жанна Хамякова адзначыла, што якасць збожжа новага ўраджаю добрая:
— Па клейкавiне яно не саступае леташняму. У пачатку жнiўня першая партыя пшанiцы — а туды ўвайшло ў тым лiку i збожжа з «Рассвета» — будзе адпраўлена на памол. Сярод атрымальнiкаў мукi, дарэчы, ёсць i Кiраўскае райпо, так што ў жыхароў раёна будзе магчымасць пакаштаваць хлеб i выпечку, дзе ёсць вялiкi складальнiк працы iх землякоў —хлебаробаў.
Гарачыя дні прыносяць свой плён.
Абед — па раскладзе
Старшыня Магiлёўскай абласной арганiзацыi Беларускага прафсаюза работнiкаў АПК Аляксей Рымша падкрэслiў, што прафсаюзы таксама шмат што робяць для таго, каб сёлетняя ўборачная кампанiя была паспяховай:— Яшчэ да пачатку жнiва мы ацанiлi гатоўнасць гаспадарак да гарачай пары. Спецвопратка, вогнетушыцелi, медыцынскiя аптэчкi — ёсць аспекты, якiя вонкава не вельмi прыкметныя, але вельмi важныя для бяспекi працы i здароўя механiзатараў. У зоне нашай увагi таксама забеспячэнне камбайнераў гарачым харчаваннем, кантроль за якасцю прыгатавання абедаў, наяўнасцю антысептыкаў i г.д.
Аляксей Мiкалаевiч прызнаў, што адным з важных стымулаў застаецца працоўнае спаборнiцтва:
— Сцяг у гонар пераможцы падымаецца штодня. Гэты факт матывуе перадавiка ўтрымаць планку, а яго таварышаў — дагнаць i перагнаць сапернiка. У вынiку ў выйгрышы застаюцца ўсё: работы iдуць у добрым тэмпе, а механiзатары могуць разлiчваць на годную аплату сваёй працы.
Дарэчы, канстатаваў кiраўнiк абласной арганiзацыi прафсаюза работнiкаў АПК, камбайнерам прадастаўляюць «метадычку», па якой яны могуць i самi зрабiць прыкладны разлiк будучага заробку. Аляксей Рымша выказаў упэўненасць, што, як i ў папярэднiя гады, герояў жнiва ў гэтым сезоне на Магiлёўшчыне будзе нямала:
— Сяляне — людзi працавiтыя, яны ведаюць цану хлебу. I не шкадуюць сiл на тое, каб каравай быў на нашым стале заўсёды.
Фота Мiхаiла СЕВАСЦЬЯНАВА