Сакавік для католікаў завяршаецца галоўным хрысціянскім святам — Вялікаднём (Пасхай). Яго святкаванне пачынаецца ўвечары ў суботу Імшой, якая называецца Пасхальная вігілія.
У гэтыя дні людзі будуць вітаць адзін аднаго словамі: «Хрыстос уваскрос — Сапраўды ўваскрос!» Гэта прывітанне азначае веру ў тое, што Месія перамог смерць і можа дапамагчы ў гэтым нам.
Апосталы і першыя хрысціяне былі абсалютна ўпэўнены ва Уваскрасенні Езуса. Вялікдзень з’яўляецца пацверджаннем таго, што і мы можам уваскрэснуць у канцы часоў. Уваскрослы Хрыстос запрашае нас духоўна ажыць: мы не павінны ляжаць пахаванымі ў магіле нашых грахоў, шкодных звычак, небяспечных залежнасцяў, адчаю, расчаравання або сумневаў. Замест гэтага чакаецца, што мы будзем жыць радасным і мірным жыццём, пастаянна адчуваючы жывую прысутнасць Уваскрослага Месіі, які любіць нас ва ўсіх падзеях нашага штодзённага жыцця, нават сярод суму, пакут, болю і напружанасці.
Нагадванне сабе пра рэальную прысутнасць Уваскрослага Хрыста дазваляе нам весці дысцыплінаванае хрысціянскае жыццё. Гэта дапамагае нам кантраляваць свае думкі, жаданні, словы, паводзіны і дзеянні. Збаўчае ўсведамленне прысутнасці ўваскрослага Хрыста натхняе нас шанаваць сваё цела, захоўваючы яго святым, чыстым і свабодным ад шкодных звычак і залежнасцей.
У нашым асяроддзі заўсёды знойдуцца прыклады людзей, якія змаглі кардынальна змяніць сваё жыццё на лепшае, нават калі ў гэта ўжо ніхто не верыў. А можа прыйшоў час і нам змяніць так сваё жыццё?..
Уваскрослы Месія прысутнічае ў нашых бліжніх і ва ўсіх, каго мы сустракаем. Таму варта паважаць іх і служыць ім з любоўю і бескарыслівасцю. Мы запрошаны стаць сапраўднымі хрысціянамі, выпраменьваючы вакол сябе Уваскрослага Хрыста ў выглядзе бескарыслівай і ахвярнай любові, міласэрнасці, спагады і духу пакорнага служэння.
Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ
Ксендз Кирилл Бардонов о Пасхе как подтверждении того, что и мы можем воскреснуть в конце времен
Уваскрэснуць разам з Езусам
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Фото:
Андрей САЗОНОВ