На телеканале «Беларусь 3» 1 июня пройдет тематический эфир

Усе фарбы свята

На «Беларусь 3» пройдзе дзень дзіцячага самакіравання. 1 чэрвеня — у Міжнародны дзень абароны дзяцей — эфір напоўняць лепшыя ўзоры савецкіх мультыплікацыйных і мастацкіх фільмаў для ўсёй сям’і, а вядучымі ўласных праектаў сацыякультурнага канала стануць дзеці, паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі.

Фота прадастаўлена прэс-службай Белтэлерадыёкампаніі

Першую летнюю раніцу гледачы «Беларусь 3» сустрэнуць у кампаніі герояў любімых мультфільмаў «Івашка з Палаца піянераў» і «Дзядзька Сцёпа — міліцыянер». А ўвечары ў «Калыханцы» — анімацыйная стужка «Паравозік з Рамашкава».

У святочны дзень у праекце «Навука побач» разам з Кацярынай Бірэцкай распавядаць пра знакамітых навукоўцаў і іх вынаходствы будзе вядучы перадачы «Дабраранак» Патап Мацкевіч. Дапытлівы падлетак не толькі правядзе эфір, але і адправіцца на холадакамбінат, каб даведацца пра сакрэты вытворчасці марожанага.

Зменіцца і склад вядучых «Навін культуры». Разам з Ганнай Панцялеевай у першую суботу лета пра найбольш цікавыя падзеі раскажа юная вядучая перадачы «Дабраранак» Варвара Расолька. У цэнтры ўвагі карэспандэнтаў акажуцца прэм’ера музычнага спектакля «Казка пра цара Салтана» ў Вялікім тэатры Беларусі, праект «Дзеці спяваюць Jazz» і новая праграма Белдзяржцырка.

У рамках тэматычнага кінапаказу 1 чэрвеня ў 8:35 «Беларусь 3» пакажа знакаміты фільм «Мама» — дасціпную і займальную музычную інтэрпрэтацыю вядомай казкі пра ваўка і семярых казлянят. У 18:50 у эфіры тэлеканала меладрама пра першае каханне «Вам і не снілася…», а ў 21:05 — прыгодніцкая стужка «Юрка — сын камандзіра».

pepel@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter