Спектакль пра Марка Шагала тэатра «Лялька» пакажуць у Вiцебску на «Славянскiм базары» 15 лiпеня ў праграме «Тэатральныя сустрэчы».
Юрась Франкоў у ролі Мастака.
Спектакль пра Шагала? Ну гэтым сёння нiкога не здзiвiш. Падумаеш, у Вiцебску на кожным кроку Шагал, Шагал... Мастацкi кiраўнiк тэатра рэжысёр-пастаноўшчык Вiктар Клiмчук наўмысна не выносiць гучнае iмя ў назву пастаноўкi, а сцiпла называе яе «Мастак. Вяртанне ў Вiцебск» — успамiн пра асабiстае на ўзроўнi падсвядомасцi. Вось так — нi многа нi мала.
Але для прыхiльнiкаў i знаўцаў мастацтва паняццi «мастак» i «Вiцебск» — гэта, безумоўна, Шагал. Клiмчук кемлiва мусiць сыграць на тонкiх струнах душы аматараў непаўторнай шагалаўскай творчасцi.
Пастаноўка з першых хвiлiн iмклiва заваёўвае гледача i пагружае яго ў псiхалагiчнае сецiва роздуму пра станаўленне генiяльнага творцы. Перад намi паўстае вялiкi Майстар, якi стварыў палотны, абсалютна непадобныя на iншыя мастацкiя плынi i кiрункi. Ролю Мастака выдатна выконвае Юрась Франкоў. Здаецца, ён цалкам адпавядае рэальнаму вобразу i юнага Марка, якi праз бясконцыя сумненнi i прагу пазнання цярплiва шукае свой уласны шлях на небасхiле мастацтва, i сталага майстра, якi бясконца сумуе па ранейшым часе.
«Я нарадзiўся на Пакроўскай вулiцы», — распачынае сваю гiсторыю Марк (Юрась) i прыгадвае, як вопратка бацькi была запырскана селядцовым расолам. Праз бытавыя сцэны звычайнай яўрэйскай сям’i, дзе валадараць моцныя нацыянальныя стасункi, глядач пазнае пэўныя рысы гарадскога жыцця пачатку ХХ стагоддзя.
Па сюжэце, над якiм Вiктар Клiмчук праца-ваў некалькi гадоў, перагортваючы старонкi бiяграфiчнай кнiгi «Маё жыццё», Марк Шагал наведвае школу-студыю малюнка Юрыя Пэна, едзе вучыцца ў Санкт-Пецярбург, дзе знаёмiцца з Львом Бакстам, а потым — Парыж i яго Вулей. Такiм чынам, перад гледачом паўстае суцэльнае палатно нараджэння тагачаснага вiцебскага авангарду.
Цi лёгка таленту знайсцi свой шлях? Клiмчук дэталёва разважае над гэтым пытаннем, паказвае цярнiсты шлях, на якi паўстае будучы творца. На дапамогу мастаку прыходзяць яго мацi i каханая дзяўчына. Тая пяшчота, з якой мацi (ролю выконвае Вольга Маханькова) размаўляе з сынам, дае яму сiлы i веру ва ўласныя здольнасцi.
— У цябе ёсць талент, — кажа мацi сыну. I ў яго вырастаюць крылы.
Маўклiвая i сцiплая Бэла — муза Мастака (Марына Марозава), яна дазваляе яму заставацца самiм сабой, i, магчыма, менавiта гэта спрыяе яго творчаму росквiту.
Асабiста мне падалося, што многiя сцэны ў спектаклi адлюстроўваюць любоў i, як гэта мае быць, — зроблены з любоўю. У аснову сцэнаграфii спектакля пакладзены матывы вядомых шагалаўскiх карцiн. Iх самабытнае святло i наiўныя матывы ствараюць арыгiнальны каларыт спектакля. Рэжысёр перакананы, што вобразная мова Шагала вельмi блiзкая да мовы тэатра лялек. Мастачка Соф’я Шахноўская, запрошаная спецыяльна для ажыццяўлення пастаноўкi з Мурманска, арганiчна ўвасобiла цудоўныя шагалаўскiя вобразы на сцэне Беларускага тэатра «Лялька», стварыла цiкавыя касцюмы. У пастаноўцы наўмысна дамiнiруюць два колеры: чорны i белы, яны адлюстроўваюць светлыя i цёмныя палосы жыцця, радасцi i суму.
Святлана ДЗЯДЗIНКIНА, г. Вiцебск.