Хрысціянства прыйшло на беларускую зямлю больш за тысячу гадоў таму. Мы з асаблівымі пачуццямі ўспамінаем княгіню Рагнеду і яе сына Ізяслава, асветнікаў Кірыла Тураўскага і Еўфрасінню Полацкую. Цікава, што пры багатай хрысціянскай спадчыне ў нас амаль не захавалася старажытных ікон. Самыя раннія з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея датуюцца канцом XV — пачаткам XVI стагоддзя.
З іканастаса ў калекцыю
Ікона, што знаходзіцца не ў храме, а пад святлом выставачных залаў, нярэдка выклікае здзіўленне ў шчыра веруючых людзей. Асабліва калі гаворка ідзе пра намоленыя абразы, што не адно стагоддзе служылі суцяшэннем для нашых папярэднікаў, яўлялі сапраўдныя прыклады заступніцтва і даравалі тое, аб чым малілі.Тым не менш упершыню іконы пачалі трапляць у музеі не ў атэістычны перыяд, а значна раней, калі рэлігія была неаддзельнай ад дзяржавы. Чаму?
— У другой палове XIX стагоддзя з’яўляюцца першыя царкоўна-археалагічныя сховішча, дзе ікону разглядалі не толькі як прадмет пакланення, але і як прадмет культуры, музейны экспанат. Менавіта там абразы пачалі вывучаць у мастацкім і навуковым сэнсе, ствараць каталогі і ладзіць выставы. Гэта быў натуральны працэс, які не ішоў насуперак рэлігійным перакананням, — рассказвае загадчык аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Алена Карпенка. — Што тычыцца менавіта нашай калекцыі, то напрыканцы 1960-х і ў пачатку 1970-х савецкае кіраўніцтва ў мэтах барацьбы з рэлігіяй выпусціла пастанову аб закрыцці ўсіх прыпісных цэркваў. Навуковыя экспедыцыі вывозілі іконы з закрытых храмаў, якія фактычна ўжо пачыналі выкарыстоўваць не па прамым прызначэнні — у якасці зернясховішчаў, клубаў і г.д. Многія творы знаходзіліся ў жудасным стане — былі закінутыя на гарычшы ці схаваныя ў падвалах. Нярэдка самі свяшчэннікі перадавалі іх супрацоўнікам музея, калі ўжо па стане захаванасці не выкарыстоўвалі ў царкоўных абрадах.
Узяць, напрыклад, спіс Смаленскай іконы Божай Маці канца XVI стагоддзя, што прадстаўлены ў пастаяннай экспазіцыі мастацкага музея. Аскетычны, у нечым суровы абраз у стрыманай каларыстычнай гаме напісаны ў візантыйскай традыцыі.
— У калекцыю ён трапіў у савецкі час з Дубянца Брэсцкай вобласці. Гэта была апошняя ікона, якая заставалася ў раме іканастаса вясковай царквы. Куды зніклі астатнія? Нам не вядомы іх лёс. Можам спадзявацца, што часткова іх уратавалі мясцовыя жыхары, — кажа Алена Уладзіленаўна.
Дарэчы, храм у Дубянцы ў наш час дзейнічае. Цікаўлюся ў суразмоўцы, ці не ўзнікала прэцэдэнтаў, калі духавенства і паства звярталіся ў музей з запытам вярнуць іконы туды, адкуль яны былі ўзяты.
— Патрыяршы Экзарх усея Беларусі мітрапаліт Філарэт увёў добрую практыку супрацоўніцтва ўстаноў культуры і Царквы. Так, сёння ва Успенскай царкве вёскі Быцень знаходзіцца копія Спаса Уседзяржыцеля, які прадстаўлены ў нашай экспазіцыі, нядаўна зроблена копія абраза «Нараджэнне Маці Божай» XVII стагоддзя для храма ў Ляхаўцах Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці, — тлумачыць Алена Карпенка. — Існуе паняцце намоленасці, але па царкоўнай традыцыі спіс іконы валодае роўна тымі ж вартасцямі, цудадзейнымі якасцямі, што і арыгінал. Калі мы гаворым пра старадаўнія абразы, то трэба разумець, што большасці з іх патрабуецца асаблівы тэмпературна-вільготнасны рэжым, назіранне рэстаўратараў для далейшага захавання.
На скрыжаванні канфесій
У экспазіцыі шырока прадстаўлены іканапіс XVII—XVIII стагоддзяў.— Абразы святых у гэты час становяцца светлымі, лёгкімі. З пашырэння ўплыву Брэсцкай уніі (1596 г.) мяняецца гістарычная сітуацыя і пачынаецца моцны ўплыў заходнееўрапейскай культуры. Майстры часцей звяртаюцца да шматфігурных кампазіцый, іконы ў жыційных сцэнах адлюстроўваюць навакольнае жыццё, становяцца апавядальнымі, калі можна так сказаць. Іканапісцы ўжо менш засяроджаны на ўнутранай сутнасці абраза, а больш паказваюць жыццёвыя ўмовы, — падкрэслівае суразмоўца і падыходзіць да іконы «Нараджэнне Маці Божай». — Прыгледзьцеся. На ложку Ганны падушачкі з каляровай вышыўкай ці прошвамі, а ў жанчын на галовах беларускія наміткі з чорна-чырвонай вышыўкай. Драўляная кадка для купання і металічны арнаментаваны збан, у якім грэлі ваду. Мы бачым не толькі хрысціянскі сюжэт, але і рэальны побыт часоў майстра, які пісаў ікону.
А ўнізе добра чытаецца надпіс: «Року Бжого 1649 Петръ Евсеевич з Голынца».
— Музейныя спецыялісты доўга лічылі гэтага чалавека аўтарам іконы, але дзякуючы архівам высветлілася, што ён быў ліхвяром у Магілёве. Цяпер мы на 100 працэнтаў упэўнены, што гэта заказчык іконы.
Уніяцтва, якое панавала на нашых землях больш за два стагоддзі, пакінула адбітак і ў сакральным мастацтве. Напрыклад, бачым перед сабой ікону з традыцыйным праваслаўным сюжэтам, а зверху — надпіс па-лацінску ці ленты з тэкстам малітвы, якія прытрымліваюць анёлы.
— Гэта частка фігуры святога Гіяцынта (Яцэка), які трымаў у руках Божую Маці. Па легендзе ён вынес яе з палаючага касцёла. На жаль, захавалася толькі сама Багародзіца з дзіцем. Але па адбітку далоні можна меркаваць аб памерах поўнай кампазіцыі, — расказвае Алена Уладзіленаўна. — Цікавая дэталь — статуэтка з аднаго боку абпаленая. Спачатку мы меркавалі, што яна магла пацярпець пры пажары. Аднак з часам узнікла і іншая версія — магчыма, сам майстар яе крыху «абпаліў», каб надаць рэалістычнасць паданню.
Як вяртаюць страчаныя імёны
— Не ў традыцыях іканапісу пакідаць імёны майстроў. Заўсёды лічылася, што рукой іканапісца водзіць Бог. Першыя імёны, якія знаходзім на прадметах з нашых фондаў, — Фама (Тамаш) Сілініч і Васіль Маркіянавіч. Гэта канец XVIII — пачатак XIX стагоддзя, — кажа Алена Карпенка. — Аднак ёсць шанец выявіць аўтара праз шматлікія архіўныя дакументы. Паколькі на стварэнне ікон абавязкова складалі дамовы, дзе пазначалі тэрмін, кошт і, вядома, імя іканапісца.Уважліва разглядаючы іконы ў экспазіцыі мастацкага музея, можна заўважыць, што тры з іх пазначаны як творы маларыцкага майстра.
— Гэта не імя, а ўмоўнае пазначэнне. Спецыялісты пацвердзілі — гэтыя іконы выйшлі з-пад рукі аднаго чалавека, але як яго звалі, мы не ведаем. Маларыцкім падпісалі, паколькі яны былі прывезеныя з Маларыцкага раёна, — дзеліцца Алена Уладзіленаўна. — Праца з архівамі ідзе пастаянна, прычым не толькі беларускімі, але і рускімі, польскімі навукоўцамі.
Пэўны час лічылася, што іканастас Успенскага сабора Жыровіцкага манастыра быў створаны ў 1730-х гадах. Такую інфармацыю выказваў польскі навуковец Войцех Баберскі пасля працы з віленскімі архівамі.
Некалькі гадоў таму вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Аляксандр Ярашэвіч пераправерыў інфармацыю польскага калегі і прыйшоў да высновы, што яна не адпавядае рэальнасці. У архіве меліся дакументы па стварэнні іканастаса, ляжалі ў папцы Жыровіцкага манастыра. Але на паперы зусім не згадвалася мястэчка, для якога ставаралі канструкцыю і іконы. Была толькі адзіная назва — вёска Храпін, дзе нарыхтоўвалі дрэва для работ. Гэта за 150 кіламетраў ад Жыровічаў. Закраліся сумненні: у тыя часы ніхто так здалёк матэрыялы не вазіў. Ці пра наш манастыр ідзе гаворка?
Таямніца прыадкрылася навуковаму супрацоўніку аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Галіне Флікоп-Свіце. Працуючы ў Санкт-Пецярбургу, яна знайшла сапраўдныя дакументы Жыровіцкага манастыра. Высветлілася, што іканастас старэйшы на паўвека — быў створаны ў 1676 годзе! Фундатарам выступіў маршалак Аляксандр Гілярый Палубінскі, а майстрам быў Ян Радванскі. Імёны іканапісцаў, на жаль, не пазначаны.
Гэта адзін з самых старых іканастасаў Беларусі.
У ТЭМУ
Днямі свет пабачыла ўнікальнае выданне Нацыянальнага мастацкага музея — альбом-каталог «Iканапiс i алтарны жывапiс Беларусi XVI — пачатку XIX стагоддзя». Гэта першая кніга 11-томнай серыі, якая ва ўсёй паўнаце раскрые багацце фондаў галоўнай мастацкай скарбніцы нашай краіны.
Унутры не толькі фотаздымкі больш як сотні ікон і прыкладаў алтарнага жывапісу, але і падрабязнае апісанне да іх.
kurak@sb.by
Фота з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея