Батлейка з’явілася на тэрыторыі нашай краіны каля 500 гадоў таму дзякуючы манахам-дамініканцам. Яны ўбачылі ў лялечным тэатры адзін з самых простых і даступных спосабаў знаёмства людзей з рэлігіяй. Менавіта на біблейскія тэмы ставіліся першыя батлеечныя спектаклі. Самай папулярнай была п’еса «Цар Ірад», якая ў лёгкай форме распавядала гісторыю нараджэння Ісуса Хрыста. Пазней батлейку перанялі простыя мяшчане і сяляне. Яны дабавілі ў рэпертуар бытавыя сюжэты і сталі выходзіць з тэатрам у скрыні на кірмашы.
![](/upload/iblock/7ce/7cee8ce04bdf869e81bdf5a2426f8ac4.jpg)
З прыходам савецкай улады батлейка прыйшла ў заняпад. Адраджацца гэты від мастацтва пачаў толькі каля 30 гадоў таму. Спектаклі ў скрынях паказвалі ў навучальных установах, музеях, на фестывалях. І сёння батлейкі сталі для беларусаў такой жа звычайнай з’явай, як і некалькі сотняў гадоў таму.
![](/upload/iblock/34f/34f7c75e9d45ef76403dce58d9d80862.jpg)
Напярэдадні Каляд усё больш устаноў прапануе маленькім і дарослым гледачам пабываць на батлейцы. Так, з 13 снежня да 17 студзеня серыю лялечных спектакляў «Калядная містэрыя» пакажа Магілёўскі абласны музей імя П. В. Масленікава. Цікава, што магілёўская батлейка з’яўляецца копіяй арыгінала, які знаходзіцца ў Расійскім этнаграфічным музеі Санкт-Пецярбурга. Гэта батлейка была створана ў канцы XIX стагоддзя і падарожнічала па магілёўскіх землях. Спектаклі паказваліся на плошчах, рынках і нават у простых хатах.
![](/upload/iblock/b46/b4686b0b7679859722c83cebe383cfa2.jpg)
Чакаюць гледачоў і ў Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах. Тут прадстаўленні ідуць кожную нядзелю, пачатак у 12:00. У традыцыйнай двухпавярховай батлейцы супрацоўнікі музея паказваюць спектакль пра Божае Нараджэнне. Своеасаблівы святочны антураж мерапрыемству дадае ўнікальны інтэр’ер музея — будынак былога касцёла, а затым царквы, пабудаваны ў сярэдзіне XIX стагоддзя.
mila@sb.by
Фото БЕЛТА