Ці паўплываюць на правапіс ў нескладовага смайлікі?

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.

У роднай мове гук [ў] можа з’явіцца на месцы [л], [у] і [в], што адпаведна пазначаецца літарай ў, якая фіксуе на пісьме даволі спецыфічны гук і вылучае беларусаў сярод усходніх, заходніх, паўднёвых славян. Менавіта гэтай літары выпаў такі лёс, за што яна і была ўганаравана помнікам удзячнымі нашчадкамі. На сёння заўважаюцца розныя тэндэнцыі фанетычнага пераходу гукаў у [ў]. У адным выпадку гэты працэс жывы, дзейнічае і зараз, у другім — спынены, мёртвы, як здарылася з пераходам гука [л] у [ў] (калгас, параўн.: саўгас), у трэцім — пераход адбываецца непаслядоўна, што назіраем, напрыклад, у словах клоўн, джоўль і страус. Зразумела, гэта не магло не адбіцца на правапісе. У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” больш рэгламентаваны трэці выпадак, першыя два засталіся без змен. Пераход гука [у] у [ў] якраз і займае вызначальнае месца ў правілах напісання “ў нескладовага” — такая назва літары апошнім часам атрымала пашырэнне. “У кароткае” мае традыцыю пазначэння, блізкую для кірылічнага “і кароткага” — гука [й], які адрозніваецца артыкуляцыяй: гук [й] з’яўляецца сярэднеязычным, заўсёды мяккім, адзіным у такім родзе, тады калі [ў] адносіцца да губных, як і [б], [п], [м], [в]. Аб’ядноўвае гэтыя два гукі спосаб іх утварэння: [ў] і [й] з’яўляюцца шчыліннымі, санорнымі. Абодва гукі могуць чаргавацца з галоснымі: унук і да ўнука, ішоў і пайшоў. Па той прычыне, што яны не могуць утвараць склад (гэта і стала асноўнай прычынай аднясення іх да зычных), у навуковай літаратуры іх называюць нескладовымі. Паводле новай рэдакцыі “Правіл”, напісанне ў нескладовага стала амаль універсальным, строга вызначаным. Нескладовае ў пішацца згодна з беларускім літаратурным вымаўленнем пасля галосных: пры чаргаванні [у] з [ў]: у пачатку слова (калі гэта слова не пачынае сказ і перад ім няма знакаў прыпынку): на ўвесь дзень (ад усіх), моцны ўдар (ад удару), хацела ўзяць (хацеў узяць), сонца ўзімку (месяц узімку), крыкі “ўра” (крык “ура”), для ўніята (з уніятам), ва ўніверсітэце (перад універсітэтам), на ўзвей-вецер (сцяг узвіўся), ледзьве ўчуў (раптам учуў); у сярэдзіне слова пасля галосных перад зычнымі: аўдыенцыя, саўна, фаўна, аўдыякасета, аўра, джоўль, каўчук, маўзер, маўр, паўза, раўнд, еўра; але: траур; пры чаргаванні [л] з [ў]: даў, мыў, казаў, змоўклі, воўк, шоўк, шчоўк, поўны, коўзкі, моўчкі, паўметра, боўтаць; але: палка, памылка, сеялка, Алдан, Алжыр, Албанія, Волга, Валдай, Балгарыя; пры чаргаванні [в] з [ў]: лаўка (лава), крыўда (крывы), зноўку (новы), аўса (авёс), бацькаў (бацькавы), кроў (крыві), любоў (любові), кароў (карова), гатоў (гатовы), аўчына, аўторак, каўбой, аўгур, Аўстрыя, Аўдоцця, Аўрора, Каўказ, Боўш, Роўда, аўгіевы стайні; але: краіна В’етнам, рака Влтава, армія В’етконга, змаганне за В’енцьян. Як бачым, ліквідавана адно з выключэнняў, калі запазычаныя словы з пачатковым у не падлягалі асноўнаму правілу. З уступленнем у дзеянне закона будзем пісаць: праграмная ўверцюра, была ўзурпатаркай, паводле ўльтыматуму, ля ўнівермага, вядомы ўніверсал, пра ўнітарызм, вымушаны ўніфікаваць, вялікі ўраган, да ўрану, няма ўрбанізму, мова ўрдy, ва ўтылітарызме, не было ўтылю, жанчына-ўролаг, выглядае ўтапічным і інш. Пашырана перадача на пісьме чаргавання [у] з [ў] пасля галосных у словах іншамоўнага паходжання: Адамстаўн (адзіны населены пункт вострава Піткерн), Янгстаўн (горад у ЗША, штат Агаё), пакгаўз, блокгаўз, брудэргаўз, экзэрціргаўз, цэйхгаўз, нактoўз (падстаўка ў выглядзе шафы для ўстаноўкі магнітнага компаса на судне), прыўз, хаўз (басейн), накдаўн, плаўн (травяністая наземная споравая расліна), аўт, тайм-аўт, лакаўт, накаўт, скаўт, бойскаўт, раўт (урачыстасць, прыём), абляўт, далучаны ўмляўт, даўн, клоўн, чаўш (сорт вінаграду), ноўтбук і інш. На канцы запазычаных слоў ненаціскное у не скарачаецца: фрау, Шоу, Ландау, Каратау, Дахау, Цеміртау, у тым ліку і ў словах, якія пішуцца праз злучок: ток-шоу, шоу-біз, шоу-рум, ноу-хау. Калі канцавое у пры ўтварэнні слова можа закрыць склад, то яно пераходзіць у ў нескладовае: шоўмен. Гук [у] пад націскам не чаргуецца з [ў]: да ?урны, Брэсцкая ?унія, групоўка ?ультра, норма і ?узус, насілі ?унты, арнаyты, бакаyт, багаyды, тэyрг, дэміyрг, чулася ?уханне, а?ул, ба?ул, а?укаць, у выклічніках у (у, нягоднікі!), ух (ух ты!), уй (уй, які смешны!). Строгую акрэсленасць правапісу ў нескладовага ў запазычных словах забяспечвае наступная норма: гук [у] не чаргуецца з [ў] у запазычаных словах, якія заканчваюцца на -ум, -ус: прэзідыум, кансіліум, радыус, страус, соус і вытворных ад іх. Да ліку такіх слоў адносяцца: калёквіум, паладыум, медыум, рэмедыум, аідыум, аспідыум, кампендыум, калодыум, подыум, элізіум, сімпозіум, эленіум, прасцэніум, кандамініум, дэльфініум, патрымоніум, опіум, акварыум, разарыум, акіянарыум, тэрарыум, крытэрыум, прэторыум, магніторыум, атрыум, антурыум, кансорцыум, індывідуум, вакуум, фарвакуум, кантынуум, раус, чаус, нуклеус, цэрэус, наніус, гарпіус, страдыварыус, архіварыус, натарыус, актуарыус, харыус, анчоус. Звернем увагу на тое, што пры змене слова напісанне ў нескладовага не мяняецца: архіварыусы, натарыусы, індывідуумны і г.д. Гук [у] на пачатку ўласных імён і назваў заўсёды перадаецца вялікай літарай У складовае без надрадковага значка: ва Узбекістан (для ўзбекаў), на Уральскіх гарах (на ўральскіх дарогах), на Украіне (за ўкраінцаў), за Уладзіміра, каля Уладзіслава, да Усяслава. Гэтае правіла засталося нязменным і датычыць усіх уласных імён. Калі ж запіс ідзе вялікімі літарамі, то ён павінен падлягаць агульным правілам: БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ ВІТАЕ ЎДЗЕЛЬНІКАЎ КАНФЕРЭНЦЫІ. Не скарачаецца у ў літарных абрэвіятурах: пашпарт выдадзены Першамайскім РУУС, але Саўнаркам (Савет Народных Камісараў), Саўмін (Савет Міністраў). Як адзначалася, у не скарачаецца пасля знакаў прыпынку, да якіх адносяцца кропка, коска, працяжнік, двукроп’е, дужкі, шматкроп’е. Апошнім часам да знакаў прыпынку адносяць і смайлікі (эматыконы), якія шырока прымяняюцца на форумах, у чатах, sms, электроннай пошце. “Вынаходніцтва” першага смайліка прыпісваецца Фалману Скоту — прафесару Універсітэта Карнегі-Мелана штата Пенсільванія (ЗША). Функцыя, якую выконвае смайлік, блізкая да функцыі знака прыпынку, таму ўсё часцей у беларускамоўнай інтэрнэт-прасторы можна сустрэць такія запісы: стаяла :-) у вачах радасць, мне было :-( у цябе сумна. На думку расійскага арт-дырэктара, заснавальніка найбуйнейшай студыі вэб-дызайну ў рунеце Арцемія Лебедзева, “смайлікі незаслужана лічацца другасортным выяўленчым прыёмам” (А.Лебедзеў. Нефармальная тыпаграфіка). Аўтар “Каводства” лічыць іх важным элементам у тыпаграфіцы, семіётыцы і візуалізацыі. Не з’яўляюцца знакамі прыпынку квадратныя дужкі, злучок і двукоссе. Напісанне ў нескладовага пасля іх падлягае агульным правілам: ...гук [у] ў словах..., мастакі-ўмельцы, хлопцы-ўдальцы, часопіс “Роднае слова” ўдала спалучае... У вершаваных творах ў нескладовае можа мець фанетыка-інтанацыйную нагрузку, якая надае асаблівую рытміку, меладычнасць, спеўнасць: Паміж пустак, балот беларускай зямлі, На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай, Дрэмле памятка дзен, што ў нябыт уцяклі,— Ўдзірванелы курган векавечны. Дуб галлё распусціў каранасты над ім, Сухазелле у грудзі ўпілося (Янка Купала. Курган). Такі стылістычны прыём вымагае ад аўтара асаблівага моўнага густу, адчування фонікі верша, чаго не заўсёды скажаш пра сучаснікаў, якія прыбягаюць да гэтага прыёму: Ў добры час, на улонні вясковым...

Зваротная сувязь

Добры дзень! Як правільна пісаць: на Украіне, ва Ўкраіне ці ў Украіне?


Марыя, г.Брэст


Арфаграфічна карэктна: на Украіне. Ёсць меркаванні, што прыназоўнік на пры гэтай назве ў рускай традыцыі ўзнік пад уплывам украінскай мовы. Пасля распаду Савецкага Саюза ў склонава-прыназоўнікавай форме на Украіне была ўгледжана этымалагічная сувязь з рускай формай на окраине, якая быццам не давала лінгвістычнага абгрунтавання суверэннасці дзяржавы, бо па рускай традыцыі назвы дзяржаў афармляюцца пры дапамозе прыназоўнікаў в(во) і из: в Англию, из Англии. У роднай мове прыназоўнік на ў прасторава-лакальным значэнні больш ужывальны, чым у рускай: на Беларусі.


Свае пытанні прафесару Іўчанкаву вы можаце пакінуць на нашым сайце www.ng.by або даслаць па электроннай пошце ці на паштовы адрас рэдакцыі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter