Журналіст і тэлевядучы Аляксандр Дамарацкі пра былую і сённяшнюю «тэлекухню»

Святло блізкай зоркі

Аляксандр Дамарацкі — адна з самых пазнавальных медыяперсон, журналіст і тэлевядучы — у прафесіі 45 гадоў. Падчас святкавання Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі мы сустрэліся з мэтрам.

— Аляксандр Мікалаевіч, прыхільнікі неяк страцілі вас з поля зроку? Дзе і калі можна пабачыць перадачы вашага аўтарства?

— Тэлеканал «Беларусь 3» час ад часу паўтарае мае праграмы, але гэта — архіў. І я рады, што амаль за паўвека на тэлебачанні стварыў і пакінуў такія перадачы, якія, як гаворыцца, па-за часам, навечна. Лічу, самае галоўнае ў нашай прафесіі — застацца ў памяці і ў сэрцы. Не проста ярка мільгнуць, але трапіць у думкі чалавека, крануць яго эмоцыі і пасяліцца дзесьці там, унутры тэлегледача, стаць для яго запамінальным і важным. Мяркую, у мяне гэта атрымалася. І не толькі з прычыны таго, што работы мае па сённяшні дзень у эфіры. Я ж паўгода як афіцыйна развітаўся з тэлебачаннем, не працую. Прыйшоў час, калі здароўе «папрасіла». Ды і эфіраў за плячыма — тысячы, адных выпускаў праграмы «Святло далёкай зоркі» — за чатырыста. Сёння я адпачываю. Але па-за ТВ сябе не адчуваю. Па-першае, няма таго дня, калі б мне не тэлефанавалі калегі. Па-другое, не паверыце, мяне дагэтуль пазнаюць і вітаюць на вуліцы. І яшчэ, я цяпер гляджу тэлебачанне часцей. Зрэшты, душа не не ды і рвецца зноў туды, у свет, які стаў для мяне жыццём і лёсам, свет экрана. Не выключаю: калі б зноў запрасілі і прапанавалі праект — згадзіўся б. Ідэй і імпэту засталося нямала!

— Тэлеглядач вы дасведчаны, добра ведаеце тэлевізійную кухню, напэўна, бачыце ўсе дробязі, дэталі. Падабаецца вам сучасны беларускі тэлепрадукт? Што скажаце пра калег больш маладога пакалення?

— Не хачу быць падобным да старых, якія скардзяцца: »Маладыя зараз нічога не ўмеюць, вось у нашыя часы было інакш». Так, у нашу пару было сапраўды інакш. Але самі часы мяняюцца. У моладзі, якая сёння робіць эфір, ёсць шанц рабіць яго лепей. Не лічыць сябе супердасканалымі і «прасунутымі», а разумець: меж для росту няма, і вопыт папярэдніх пакаленняў няблага ўлічваць і карыстацца ім. На тэлебачанні ёсць рэчы, у якіх не трэба вынаходзіць веласіпед.

Бывае, заўважаю на экране яркія асобы, таленавітыя матэрыялы. Але хочацца, каб іх было больш. Хачу пажадаць усім, хто сёння «робіць» тэлебачанне, адбыцца ў сваёй прафесіі і падарыць як мага больш праўдзівай інфармацыі і добрых пачуццяў тэлегледачу. Мы прыходзім на экран не для таго, каб любавацца на сябе. Выходзячы ў эфір, мы трапляем у кожную кватэру, кожную хату, і нас пускаюць, нам давяраюць, калі абіраюць наш канал. Трэба апраўдаць гэты давер.

— Напэўна, маладым заўсёды няпроста. Як пачыналі вы і як вам удалося авалодаць глядацкім сэрцам і выклікаць у тэлегледачоў давер?

— Я прышоў на БТ у 1972 годзе. Сам быў занадта маладым, і тэлебачанне — юным, яму было 16. Мой тэлелёс стартаваў з рэдакцыі інфармацыі (сёння гэта АТН) — цудоўная школа. Працаваў рэпарцёрам, вёў навіны, потым «Мінскі веснік», «Панараму». Любіў выязджаць на здымкі. Наогул праца была проста касмічная ў параўнанні з сённяшнімі магчымасцямі ТБ. Уявіце, мы рабілі тое, што і сённяшнія журналісты: аператыўна збіралі і падавалі інфармацыю, сачылі за кожнай падзеяй, але пры якіх тэхнічных умовах! Плёнка — чорна-белы негатыў, трэба было паўтары гадзіны чакаць, пакуль яна выйдзе ў эфір, манціравалі ўручную спецыяльным прэсам, клеілі… Сёння, на шчасце, у маладых калег падобных цяжкасцей менш. Тэхнічны прагрэс пайшоў наперад сямімільнымі крокамі. Але заўсёды было і ёсць галоўнае — наколькі ты заахвочаны прафесіяй. Я прыйшоў, калі працавалі на энтузіязме, былі ўлюбёныя ў справу, вучыліся адзін у аднаго. І мелі адвагу. Палітыка, ідэалогія, цэнзура, стандарты Масквы, пытанні з беларускамоўем. Выглядаць належала лепшым чынам, а дзе навінкі моды ўзяць? Строгасць наконт вусоў ці барады ў кадры. Без гальштука — нельга. Ніякіх распушчаных валасоў у жанчын. Другі быў час, і ў вялікім, і ў дробязях.

— Вашу тэлекар’еру можно назваць выдатнай. Акрамя творчасці, ведаю, быў час, калі Аляксандр Дамарацкі займаў і кіраўніцкую пасаду. Генеральны дырэктар галоўнай дырэкцыі тэлепраграм. Як працавалася?

— Гэта быў час ускладзенай на мяне асаблівай адказнасці і цікавай працы.

Мы тады нямала новых праектаў, асабліва якія тычыліся тэм культуры і духоўнасці, унеслі ў вяшчальную сетку. Адкрылі нямала новых асоб, улілі «свежую кроў» у штат. Але гэта таксама час няпростых рашэнняў і ўнутранай асабістай праверкі, праверкі людзей на прафесійныя і чалавечыя якасці. Мой кіраўніцкі перыяд супаў з новым этапам у гісторыі самога БТ, і гэта таксама было выпрабаваннем. Вельмі дапамог тады вопыт працы ў аддзеле інфармацыі. Дысцыпліна, каманднасць дзейнасці — усё адтуль. У мяне былі добрыя супрацоўнікі, верныя мае паплечнікі, хаця і «нядобрым чалавекам» я тады раптам таксама стаў для многіх. Творчы механізм вельмі складаная рэч. Тут суседнічаюць пазітыўнае і нешта зласлівае: зайздрасць, памкненне лічыць грошы ў чужой кішэні, плёткі… Рабілі нямала, каб паставіць плямы на мой «светлы вобраз». Але я перажыў усе моманты і застаўся творчым чалавекам. Быць публічным — гэта праца. Быць кіраўніком — гэта праца ўдвая. Кіраўніцтва, як і творчасць увогуле, як і ўсё наша жыццё, грунтуецца на ўменні наладжваць стасункі з людзьмі, не зневажаючы іх. Вось вы пыталіся, як знайсці ключ да сэрца. Адказ такі ж: любіць людзей, у кожным бачыць лепшае, дараваць слабасці, прыходзіць да чалавека са шчырасцю — ці то рэальна, ці то з экрана. Іншага рацэпта я не ведаю.

Алеся УЛАДЗІМІРАВА.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter